Другі закон 6 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
«Такія вось загады, і прыказанні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб я навучыў вас, а вы каб выконвалі іх на зямлі, якую ідзяце ўзяць ва ўласнасць.
Шануй Госпада, Бога твайго, і беражы ўсе прыказанні і загады Яго, якія даручаю табе, сынам і нашчадкам тваім на ўсё жыццё, каб даўгавечныя былі дні твае.
Слухай, Ізраэль, і пільнуй, каб выконваць, каб добра табе было і ўзрос ты лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
Слухай, Ізраэль: «Госпад, Бог наш, Госпад адзіны.
Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй».
Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім.
Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся.
Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх.
Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй.
Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую прысягнуў даць бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, каб даць табе гарады вялікія і выдатныя, якіх ты не будаваў,
дамы, поўныя ўсякіх багаццяў, якіх ты не збіраў, студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есці і спатоліш голад,
сцеражыся вельмі, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі.
Госпада, Бога твайго, шануй, і Яму служы, і Яго імем прысягай.
Не ідзі за багамі чужымі з ліку багоў тых народаў, якія акружаюць цябе,
бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, — Бог руплівы апякун; каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб не сцёр Ён цябе з паверхні зямлі.
Не выпрабоўвай Госпада, Бога вашага, як выпрабоўвалі ў Масе.
Захоўвай загады Госпада, Бога вашага, і сведчанні і прыказанні, якія даў Ён табе;
і рабі, што правільна і што добра перад абліччам Госпада, каб добра было табе і каб, увайшоўшы, атрымаў ты ва ўласнасць зямлю найлепшую, наконт якой Госпад склаў прысягу бацькам тваім,
каб вынішчыў Ён усіх ворагаў тваіх перад табою, як сказаў Госпад.
Калі спытаецца цябе ў будучым сын твой, кажучы: “Што за сэнс гэтых сведчанняў, прыказанняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог наш?” —
скажы яму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Егіпце, але вывеў нас Госпад з Егіпта рукой дужай,
ды чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Егіпце супраць фараона і ўсяго дому яго ў прысутнасці нашай,
і вывеў нас адтуль, каб нам, уведзеным, даць зямлю, адносна якой прысягнуў бацькам нашым даць нам.
І загадаў нам Госпад, каб выконвалі мы ўсе гэтыя прыказанні і каб шанавалі Госпада, Бога нашага, і тады добра будзе нам усім у дні жыцця нашага, як і сёння жывём.
І будзе нам справядлівасць, калі мы будзем берагчы і выконваць усе загады гэтыя перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”».