Судзьдзяў 18 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
У той час не было цара ў Ізраэлі, і пакаленне Дана шукала сабе зямлю ва ўласнасць, каб жыць на ёй, бо аж да гэтага дня яно не атрымала зямлю сярод іншых пакаленняў.
Такім чынам, выправілі сыны Дана са свайго пакалення і сваёй сям’і пяць чалавек, людзей наймужнейшых, з Сараа і Эстаола, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе, і сказалі ім: «Ідзіце і выведайце гэтую зямлю». Калі прыйшлі яны на гару Эфраім, аж да дома Міхі, яны там заначавалі.
Калі яны былі блізка да дома Міхі, пазналі яны голас юнака левіта і, сышоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? З якой прычыны захацеў ты сюды прыйсці?»
Ён адказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха і за плату наняў мяне, каб я быў яму святаром».
І прасілі яны яго, каб параіўся ён з Богам, каб яны маглі ведаць, ці ідуць яны спрыяльнай дарогай і ці будзе справа мець поспех.
Ён адказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. Госпаду даспадобы дарога ваша і шлях, якім вы накіроўваецеся».
Такім чынам, пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Лаіс, дзе ўбачылі народ, што жыве ў ім без якога-небудзь страху па звычаі сідонцаў, бесклапотны і спакойны, бо не было нікога, хто нападаў бы на іх зямлю; і з вялікімі багаццямі, і далёка ад сідонцаў, і не мелі ніякіх адносін з Сірыяй.
І, вярнуўшыся да сваіх братоў у Цору і Эстаол, адказалі яны на пытанне, што зроблена імі:
«Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную, і вы адмовіцеся ад яе? Не марудзьце; пойдзем і здабудзем яе.
Пойдзем да людзей бесклапотных у зямлю найпрасторнейшую. Дасць нам Бог месца, дзе няма ніякай нястачы ні ў чым, што ёсць на зямлі».
Дык вырушылі адтуль з пакалення Дана з Цоры і Эстаола, шэсцьсот чалавек, узброеных да бою.
Яны пайшлі і сталі лагерам у Карыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго часу ўзяло імя Лагер Дана, і знаходзіцца ззаду ад Карыят-Ярыма.
Адсюль пайшлі яны на гару Эфраім. І калі прыйшлі яны аж да дома Міхі,
пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведвання зямлі Лаіс, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсць эфод, і тэрафім, і выразаны балван, і балван, выліты з металу? Выведайце, што вам падабаецца, каб зрабіць гэта».
І калі яны крыху павярнулі, увайшлі яны ў дом юнака левіта, у дом Міхі, і прывіталі яго мірнымі словамі.
Шэсцьсот жа чалавек, так як былі ўзброеныя, стаялі перад брамай.
А тыя, што ўвайшлі ў дом юнака, узялі выразанага балвана, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Святар стаяў перад брамай і шэсцьсот ваяроў поруч.
І вось, тыя, што ўвайшлі ў дом Міхі, узялі выразаную статую, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Сказаў ім святар: «Што вы робіце?»
Яны яму адказалі: «Маўчы і палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы цябе і за бацьку, і за святара. Як табе лепей: быць святаром у доме аднаго чалавека ці быць святаром у адным пакаленні і родзе ў Ізраэлі?»
І ўзрадаваўся святар, і ўзяў эфод і тэрафіма, а таксама выразанага балвана, і пайшоў з народам.
Калі яны пайшлі далей, а перад сабою пусцілі ісці дзяцей, і жывёлу, і ўсё, што было ў іх каштоўнага,
і, калі яны былі ўжо далёка ад дома Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля дома Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана,
і ззаду за імі паднялі крык. Калі яны азірнуліся, сказалі яны Міху: «Што табе? Чаму вы збегліся?»
Ён адказаў: «Багоў маіх, якіх я зрабіў сабе, вы забралі, і святара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”»
І сказалі яму сыны Дана: «Сцеражыся, каб больш не гаварыць з намі, і каб людзі са злосці не кінуліся на цябе, і каб ты з усім домам тваім не загінуў».
І, так пачаўшы шлях, пайшлі яны далей. А Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў свой дом.
А тыя шэсцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і святара яго, і прыбылі ў Лаіс, да народа спакойнага і бесклапотнага, і пабілі яго мечам, а горад аддалі агню,
бо зусім ніхто не мог ім дапамагчы, таму што яны далёка жылі ад Сідона, а да таго не мелі ніякіх адносін і спраў з Сірыяй. Горад жа быў у даліне Бэт-Рэхоб; і яны, адбудаваўшы яго нанова, пасяліліся ў ім,
назваўшы горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраэлем; раней гэты горад называўся Лаіс.
І яны паставілі сабе выразанага балвана, а Ёнатан, сын Гэрсама, сына Майсея, а таксама сыны яго былі святарамі ў пакаленні Дана аж да дня страты гэтае зямлі;
і балван Міхі заставаўся ў іх увесь час, калі дом Божы быў у Сіло.