Судзьдзяў 3 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Гэта народы, якія Госпад пакінуў, каб праз іх выпрабаваць Ізраэль, усіх, якія не ведалі войнаў з хананеямі,
 

каб навучыліся наступныя пакаленні сыноў Ізраэля змагацца з ворагамі, бо яны не ведалі войнаў:
 

пяць валадароў філістынскіх, а таксама ўсе хананеі, сідонцы і гівеі, што пражывалі ў гарах Лібана, пачынаючы ад гары Баал-Гэрмон аж да ўваходу ў Эмат.
 

Ён пакінуў іх, каб праз іх выпрабаваць Ізраэля, ці будзе ён трымацца настаўленняў Госпада, якія загадаў Ён бацькам іх праз Майсея, ці не.
 

Такім чынам сыны Ізраэля абжыліся сярод хананеяў, хетэяў, амарэяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў.
 

І бралі яны за жонак іх дачок, і самі сваіх дачок аддавалі іх сынам, і служылі багам іх.
 

І дапусціліся сыны Ізраэля ліха перад Госпадам, і забыліся на Госпада, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце.
 

І разгневаўся Госпад на Ізраэль, і аддаў іх у рукі Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і служылі сыны Ізраэля яму восем гадоў.
 

І прызывалі яны Госпада, Які паставіў ім збаўцу Атаніэля, сына Кенэза, малодшага брата Калеба, які вызваліў іх.
 

І быў на ім Дух Госпадаў, і судзіў ён Ізраэль; і ваяваў ён; і аддаў Госпад у рукі яго Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і ён перамог яго.
 

І адпачывала зямля сорак гадоў, і Атаніэль, сын Кенэза, памёр.
 

А сыны Ізраэля зноў пачалі чыніць ліха перад абліччам Госпада, Які ўмацаваў супраць іх Эглона, цара Мааба, бо чынілі яны ліха перад Госпадам.
 

І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пабіў Ізраэль, і заняў горад Пальмаў.
 

І сыны Ізраэля служылі Эглону, цару Мааба, васемнаццаць гадоў.
 

І сыны Ізраэля клікалі Госпада, Які даў ім збаўцу Эгуда, сына Гэра, з пакалення Бэньяміна, які замест правай карыстаўся левай рукой. Сыны Ізраэля паслалі праз яго дары Эглону, цару Мааба.
 

І Эгуд зрабіў сабе меч двухбаковавостры, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад сваім адзеннем на правым баку,
 

і прынёс ён падарункі Эглону, цару Мааба. Эглон жа быў вельмі тлусты.
 

І калі даў яму дары, адпусціў людзей, якія іх прынеслі;
 

і, вярнуўшыся з Галгала, дзе былі ідалы, сказаў цару: «О цар, маю для цябе таемнае слова». І той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі.
 

Эгуд жа падышоў да яго, калі ён сядзеў у летнім пакоі, які займаў толькі ён адзін, і сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той хутка падняўся з пасада.
 

І Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і ўсадзіў яго ў жывот яго
 

так моцна, што чаранок услед мечу ўвайшоў у рану і засеў у вялікім тлушчы. І ён не выняў меча, але пакінуў яго ў целе, так, як ударыў, і адразу ж, [з-за сакрэтаў прыроды], кал са страўніка лінуў наверх.
 

І выйшаў Эгуд у залу, і замкнуў за сабою дзверы пакоя, і ўмацаваў іх засаўкай.
 

Пасля яго выхаду прыйшлі царскія паслугачы, і, калі ўбачылі замкнутыя дзверы пакоя, сказалі: «Напэўна, мыецца ў летнім пакоі».
 

І чакалі доўга, пакуль не ўстрывожыліся, і, бачачы, што ніхто не адчыняе, узялі ключы, і адчынілі дзверы, і знайшлі гаспадара свайго, які ляжаў на зямлі нежывы;
 

Эгуд жа, пакуль яны чакалі, уцёк і прайшоў ідалаў, адкуль вярнуўся і прыбыў у Сэйру.
 

І зараз жа затрубіў у трубу на гары Эфраім; і сыны Ізраэля сышлі з ім з гары, і ён ішоў на чале.
 

Сказаў ён ім: «Ідзіце за мною; бо Госпад выдаў ворагаў вашых, маабцаў, у вашы рукі». І яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, каторымі праходзяць у Мааб, і не дазволілі нікому прайсці.
 

І ў гэты час забілі яны каля дзесяці тысяч маабцаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя мужчыны. І ніводзін з іх не змог уцячы.
 

І ўпакораныя былі ў той дзень маабцы ізраэльцамі, і восемдзесят гадоў зямля жыла спакойна.
 

Па ім быў Самгар, сын Аната, які пабіў філістынцаў шэсцьсот чалавек кіем для быкоў, і сам ён таксама ўратаваў Ізраэль.