Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Анатоля Клышкi
І сталася потым: хадзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і несучы Добрую Вестку аб Божым Валадарстве, і былі з Ім дванаццаць
І сталася: неўзабаве пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і сёлах, абвяшчаючы і добравесцячы Царства Божае, і з Ім дванаццаць,
і некалькі жанчын, якіх Ён вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, якую звалі Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,
і некаторыя жанчыны, што былі вылечаны ад ліхіх духаў і немачаў: Марыя, званая Магдалінаю, з якой выйшла сем дэманаў,
Ёана, жонка Хузы, пракуратара Ірадава, і Зузана, і многа іншых, якія служылі Яму з маёмасці сваёй.
і Іаанна, жонка Худзы, Ірадавага аканома, і Сусанна, і многія іншыя, што служылі ім13 сваёю маёмасцю.
А калі сабраўся вялікі натоўп ды з розных гарадоў спяшаліся да Яго, Ён сказаў у параўнанне:
Калі ж сабраўся вялікі натоўп і папрыходзілі да Яго з усіх гарадоў, Ён выказаўся прыпавесцю:
«Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. І, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя падзяўблі яго.
Выйшаў сейбіт пасеяць сваё насенне. І калі сеяў, адно ўпала край дарогі і было патаптана, і нябесныя птушкі падзяўблі яго.
А другое ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
А другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
Трэцяе ўпала паміж церняў, і церні, вырасшы, заглушылі яго.
А іншае ўпала між церняў, ды церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.
Чацвёртае ўпала на добрую зямлю і, калі вырасла, дало плод у сто разоў большы». Гэта кажучы, усклікваў: «Хто мае вушы слухаць, хай слухае».
А іншае ўпала ў добрую зямлю і, калі вырасла, дало стакротны плён. — Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Вучні Яго пыталіся затым ў Яго, што значыць гэтая прыпавесць.
І Яго вучні пыталіся ў Яго: Што б значыла гэтая прыпавесць?
Ён ім сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а іншым яны праз прыпавесці, хоць, гледзячы, яны не бачаць і, слухаючы, не разумеюць.
Ён жа сказаў: Вам дадзена пазнаць таямніцы Царства Божага, а астатнім — у прыпавесцях, каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі.
А гэта такое параўнанне: зерне — гэта Слова Божае.
Вось што азначае гэтая прыпавесць: насенне — гэта слова Божае.
А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і вырывае слова з сэрца іх, каб, не паверыўшы, не былі збаўлены.
І якое край дарогі — гэта тыя, што пачулі, пасля прыходзіць д’ябал і забірае слова з іх сэрца, каб яны не ўверавалі і не былі ўратаваны.
А што на камені — гэта тыя, што слухаюць ды з радасцю прымаюць слова; але не маюць кораня і вераць да часу, і ў час згаршэння адпадаюць.
А на скале — гэта тыя, што пачуўшы, з радасцю прымаюць слова, ды не маюць кораня, яны вераць да часу і ў часе выпрабавання адступаюць.
Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць; але, ідучы, клопатамі, і багаццем, і раскошаю жыцця заглушаюцца і не прыносяць плода.
А ўпалае між церняў — гэта тыя, што пачулі, але, жывучы, душацца турботамі, багаццем і жыццёвымі раскошамі і плёну не даюць.
А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што, добрым і шчырым сэрцам слухаючы слова, берагуць яго ды прыносяць плады ў цярплівасці.
А на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, берагуць у добрым і шчырым сэрцы і ў стойкасці даюць плод.
Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе пад пасудзіну або пад ложак, але ставіць на падсвечніку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць.
І ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінаю ці не ставіць пад ложак, а ставіць яго на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
Бо няма нічога схаванага, што не было б выяўлена, ані таемнага, што б не спазналася і не выйшла на яву.
Бо няма нічога таемнага, што не зробіцца яўным, ні схаванага, што не будзе вядомым і не выявіцца.
Глядзіце ж, як вы слухаеце. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто не мае, у таго нават тое, што, яму здаецца, ён мае, будзе аднята».
Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дасца; а хто не мае, у таго забярэцца і тое, што, яму здаецца, ён мае.
Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падысці з-за натоўпу людзей.
І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падступіцца да Яго з-за натоўпу.
І паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы Цябе пабачыць».
І паведамілі Яму: Твая Маці і Твае браты стаяць знадворку і хочуць убачыць Цябе.
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
Ён да ў адказ сказаў ім: Мая Маці і Мае браты — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
І сталася аднаго дня, што Ісус з вучнямі Сваімі ўвайшоў у лодку і гаворыць ім: «Пераправімся праз возера». І паплылі.
І сталася: аднаго дня Ён і Яго вучні ўвайшлі ў лодку, і Ён сказаў ім: Пераплывем на другі бок возера. — І яны ад’ехалі.
І, калі яны плылі, заснуў. І наляцеў моцны вецер на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небяспецы.
А калі плылі, Ён заснуў. І наляцеў бурны вецер на возера, і іх пачало заліваць, і яны былі ў небяспецы.
І, падышоўшы, абудзілі Яго, кажучы: «Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!» Дык Ён устаў і забараніў ветру і хваляванню вады, і яны супакоіліся, і настала ціша.
І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Настаўніку, Настаўніку, гінем! — І Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляванню вады; і яны супакоіліся, і настала ціша.
І сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны ж, напалоханыя, былі здзіўлены, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вятрам і вадзе загадвае, і яны Яго слухаюць?»
І Ён сказаў ім: Дзе ваша вера? — Яны ж, перапалоханыя, здзівілся, кажучы адзін аднаму: Хто ж Гэты, што загадвае нават вятрам і вадзе, і яны слухаюцца Яго?
Затым паплылі яны ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
І прыплылі ў краіну герасінцаў14, што насупроць Галілеі.
І, калі выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; і ўжо доўгі час не надзяваў ён вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
Калі ж Ён выйшаў на зямлю, перастрэў Яго адзін чалавек з горада, апантаны дэманамі; і даволі доўгі час ён не надзяваў вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
І, як убачыў ён Ісуса, упаў перад Ім, ускрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне не мучыў».
Убачыўшы ж Ісуса, ён закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Малю Цябе, не муч мяне.
Бо Ісус загадаў нячыстаму духу, каб ён выйшаў з чалавека. А той ужо ад даўнейшага часу валодаў ім, і звязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах; і, парваўшы ланцугі, быў ён гнаны дэманам у пустыню.
Бо Ён загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека. Бо доўгі час ён хапаў яго і звязалі таго ланцугамі і кайданамі і сцераглі, ды ён разрываў аковы, і дэман гнаў яго ў пустэльні.
Дык запытаўся ў яго Ісус, кажучы: «Якое тваё імя?» А ён сказаў: «Легіён», бо многа дэманаў увайшло ў яго.
І Ісус спытаўся ў яго: Як тваё імя? — Ён да сказаў: Легіён, — таму што шмат дэманаў увайшло ў яго.
І прасілі Яго, каб не загадваў ім ісці ў бездань.
І яны прасілі Яго, каб не загадаў ім ісці ў бяздонне.
А там на гары пасвіўся вялікі статак свінняў. Дык прасіліся ў Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
А там быў вялікі гурт свіней, якія пасвіліся на гары; і папрасілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў тых. І Ён дазволіў ім.
І тады выйшлі дэманы з чалавека і ўвайшлі ў свінняў, і статак рынуўся са стромы ў возера, і патануў.
І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней, і рынуўся гурт са стромы ў возера і ўтапіўся.
Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.
Пастухі ж, убачыўшы, што зрабілася, паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках.
Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Ісуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць апрануты і ў здаровым розуме ля ног Ісуса, і апанаваў іх страх.
І тыя выйшлі паглядзець, што здарылася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць у нагах Ісуса апрануты і ў здаровым розуме, і перапалохаліся.
А тыя, што бачылі, расказалі ім, як быў уратаваны той, што цярпеў пакуту ад дэмана.
Відавочцы ж расказалі ім, як быў уратаваны апантаны дэманамі.
І ўвесь шматлікі народ краіны Гадарынскай прасіў Яго, каб Ён пакінуў іх, бо былі ахоплены вялікім страхам. І Ісус, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
І ўвесь народ Герасінскай ваколіцы папрасіў Яго адысці ад іх, бо вялікі страх ахапіў іх; і Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
А той чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб застацца пры Ім. Але Ісус адправіў яго, кажучы:
А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім; Ён жа адпусціў яго, кажучы:
«Вярніся ў дом твой і расказвай, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што Ісус учыніў яму.
Вяртайся ў свой дом і расказвай, як шмат зрабіў табе Бог. — І той пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, як шмат зрабіў яму Ісус.
Калі Ісус вярнуўся, пераняў Яго натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
І калі Ісус вяртаўся, яго прымаў натоўп; бо ўсе чакалі Яго.
І вось, прыйшоў чалавек, на імя Яір, ён быў начальнік сінагогі, і паў да ног Ісуса, просячы Яго, каб увайшоў у дом яго,
І вось прыйшоў чалавек імем Іяір, які быў начальнікам сінагогі, і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсці ў яго дом,
бо была ў яго дачка адзіная, гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ісус ішоў, народ націскаў на Яго.
бо ў яго была адзіная дачка гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ён ішоў, натоўпы напіралі на Яго.
І адна жанчына, што была дванаццаць гадоў крывацечнай, выдала на лекараў усю сваю маёмасць, і ніхто яе не аздаравіў,
І жанчына, што цярпела на крывацёк дванаццаць гадоў і выдала на дактароў усю маёмасць, і ніхто не мог яе вылечыць, —
яна падышла ззаду і дакранулася да краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэнне крыві ў яе.
падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго вопраткі, і адразу спыніўся ў яе крывацёк.
І гаворыць Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А калі ўсе адмаўляліся, Пётра і быўшыя з ім сказалі: «Вучыцель, людзі націскаюць на Цябе і штурхаюць, а Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”».
І Ісус спытаўся: Хто дакрануўся да Мяне? — Калі ж усе адмаўляліся, Пётр сказаў [і тыя, што з ім]: Настаўніку, натоўпы абступілі Цябе і сціскаюць, [а Ты пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»]
Ісус жа сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што магутнасць выйшла з Мяне».
Ісус жа сказаў: Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падышла ў трымценні і пала перад Ім, і перад усім народам прызналася Яму, чаму дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
Жанчына ж, убачыўшы, што не ўтаілася, падышла дрыжучы і, упаўшы перад Ім, аб’явіла [Яму] перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як адразу вылечылася.
А Ісус сказаў ёй: «Мацуйся, дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі».
Ён жа сказаў ёй: [Мацуйся], дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам.
Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыйшоў з дома начальніка сінагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла, не турбуй Вучыцеля».
Калі яшчэ Ён гаварыў, прыходзіць адзін з дому начлаьнікам сінагогі, кажучы: Памерла твая дачка; не турбуй больш Настаўніка.
Але Ісус, пачуўшы гэтае слова, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер, і будзе яна збаўлена».
Але Ісус, пачуўшы гэта, адказаў яму: Не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратавана.
І, калі Ісус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсці, адно Пётры, Яну і Якубу разам з бацькам і маці дзяўчынкі.
І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці з Ім нікому, акрамя Пятра, Іаана і Іякава, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: «Не плачце, бо яна не памерла, але спіць».
А ўсе плакалі па ёй і білі сябе ў грудзі. Ён жа сказаў: Не плачце, бо яна не памерла, а спіць.
Дык смяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
А Ён, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
Ён жа, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка, устань!
І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і Ён загадаў даць ёй есці.
І вярнуўся дух яе, і яна зараз жа ўстала, і Ён распарадзіўся, каб далі ёй есці.
І здзівіліся яе бацькі; Ён жа загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.
І ўразіліся яе бацькі; Ён жа загадаў ім нікому не расказваць пра тое, што адбылося.