Эздры 6 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Тады цар Дарый загадаў, і праверылі ў рукапісах скарбоўні, што ў Бабілоне,
 
Тады цар Дарый даў загад, і шукалі ў Вавілоне ў кнігасховішчы, куды складвалі скарбы.

і знойдзены быў у Экбатане, у рэзідэнцыі Мідыйскай правінцыі, адзін скрутак, і так было ў ім напісана: «На памяць.
 
І знойдзены ў Экбатане ў палацы, які ў вобласьці Мідыі, адзін сьвітак, і ў ім напісана так: Для памяці:

У першы год цара Кіра цар Кір вырашыў пра дом Божы, што ў Ерузаліме: хай будзе адбудаваны дом, дзе будуць складаць крывавыя ахвяры і цэласпаленні; вышыня яго — шэсцьдзесят локцяў, і шырыня яго — шэсцьдзесят локцяў,
 
у першы год цара Кіра, цар Кір даў загад пра дом Божы ў Ерусаліме: хай будуецца дом на тым месцы, дзе прыносяць ахвяры, і хай будзе пакладзены моцны падмурак пад яго; вышыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў, шырыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў;

з камянёў квадратных хай будзе тры рады, і адзін рад — з дрэва; а выдаткі на гэта хай будуць выдзелены ад царскага дома.
 
радоў з камянёў вялікіх тры, і рад з драўніны адзін; а выдаткі хай выдаюцца з царскага дома.

Але і посуд святыні Божай, залаты і срэбраны, які Набукаданосар узяў са святыні ў Ерузаліме і прывёз у Бабілон, хай будзе дастаўлены і аддадзены ў святыню, што ў Ерузаліме, і пастаўлены на сваё месца ў святыні Божай».
 
Ды і посуд дома Божага, залаты і срэбны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у Вавілон, хай вернецца і пойдзе ў храм Ерусалімскі, кожны на месца сваё: і зьмешчаны будзе ў доме Божым.

[І Дарый загадаў:] «Дык цяпер Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, Старбузанай з дарадчыкамі сваімі, і кіраўнікі, што за ракою, трымайцеся далёка ад гэтага месца,
 
Дык вось, Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай, з таварышамі вашымі Афарсахэямі, якія за ракою, — сыдзеце адтуль.

дазвольце ім будаваць гэтую святыню Божую; хай кіраўнік юдэяў і старшыны іх будуюць гэты дом Божы на месцы яго.
 
Ня спыняйце працы пры гэтым доме Божым; хай Юдэйскі начальнік вобласьці і Юдэйскія старэйшыны будуюць гэты дом Божы на месцы яго.

Але і мною дадзены загад, як вы маеце дзейнічаць з гэтымі старшынамі юдэйскімі, якія будуюць гэты дом Божы: каб з маёмасці царскай, гэта значыць, з падаткаў, якія плацяцца з зямлі за ракою, безадкладна і старанна пакрываліся выдаткі гэтых людзей.
 
І ад мяне даецца загад пра тое, чым вы павінны садзейнічаць старэйшынам тым Юдэйскім у пабудове таго дома Божага, і: з маёмасьці царскай — з зарэцкіх падаткаў — без адкладу бярэце і давайце тым людзям, каб праца ня спынялася;

І калі ў чым будзе патрэба па патрабаванні святароў у Ерузаліме: ці ў цялятах, і баранах, і ягнятах на цэласпаленне нябеснаму Богу, ці ў пшаніцы, солі, віне і аліўкавым алеі — давайце ім без падману штодзень.
 
і колькі трэба — хай тое цялят, альбо авечак і ягнят, на цэласпаленьні Богу нябеснаму, таксама пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары Ерусалімскія, хай выдаецца ім дзень у дзень без затрымкі,

І хай складаюць яны ахвяры, прыемныя нябеснаму Богу, і моляцца за жыццё цара ды сыноў яго.
 
каб яны прыносілі ахвяру прыемную Богу нябеснаму і маліліся за жыцьцё цара і сыноў ягоных.

Такім чынам, мною даецца загад, каб для кожнага чалавека, які зменіць гэтую пастанову, узялі з яго дома бервяно і каб быў ён падняты і прыбіты да яго; а дом яго хай будзе разбураны.
 
А мною даецца загад, што калі які-небудзь чалавек зьменіць гэта вызначэньне, дык будзе вынята бервяно з дома ягонага і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом яго за тое будзе ператвораны ў руіны.

А Бог, Які захацеў, каб імя Яго было там, хай знішчыць усе царствы і народ, які выцягне руку сваю, каб занядбаць і разбурыць гэты дом Божы, што ў Ерузаліме. Я, Дарый, даў загад, я жадаю, каб ён быў дакладна выкананы».
 
І Бог, імя Якога там жыве, хай скіне любога цара, які працягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад: хай выконваецца ён дакладна.

Тады Татанай, кіраўнік зямлі за ракой, і кіраўнікі, і дарадчыкі яго дакладна зрабілі паводле таго, што загадаў цар Дарый.
 
Тады Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, — як загадаў цар Дарый, так дакладна і рабілі.

А старшыны юдэйскія будавалі і мелі поспех, згодна з прароцтвам Агея прарока і Захарыі, сына Адо, і скончылі яны будаваць па загадзе Бога Ізраэля і па распараджэнні Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, цароў персаў,
 
І старэйшыны Юдэйскія будавалі з посьпехам, паводле прароцтва Агея прарока і Захара, сына Ады. І пабудавалі і закончылі, па волі Бога Ізраілевага і па волі Кіра і Дарыя і Артаксэркса, цароў Персідскіх.

і скончаны быў гэты дом Божы трэцяга дня месяца Адар, у шосты год царавання цара Дарыя.
 
І закончаны дом гэты да трэцяга дня месяца Адара, на шостым годзе валадараньня цара Дарыя.

А сыны Ізраэля, святары, і левіты, і іншыя перасяленцы, святкавалі з радасцю асвячэнне гэтага дома Божага.
 
І ўчынілі сыны Ізраілевыя, сьвятары і лявіты і іншыя, што вярнуліся з палону, асьвячэньне гэтага дома Божага з радасьцю.

І на асвячэнне гэтага дома Божага ахвяравалі сто бычкоў, дзвесце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў за грэх усяго Ізраэля, па ліку дванаццаці пакаленняў Ізраэля.
 
І прынесьлі пры асьвячэньні гэтага дома Божага: сто валоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, па колькасьці плямёнаў Ізраілевых.

І паставілі святароў па іх чэргах, і левітаў па іх чэргах на службу Божую ў Ерузаліме, як напісана ў кнізе Майсея.
 
І паставілі сьвятароў па аддзяленьнях іхніх, і лявітаў па чэргах іхніх на службу Божую ў Ерусаліме, як прадпісана ў кнізе Майсея.

А чатырнаццатага дня першага месяца сыны Ізраэля, перасяленцы, справілі Пасху.
 
І ўчынілі вяртанцы з палону пасху на чатырнаццаты дзень першага месяца,

Усе левіты ачысціліся; і ўсе яны, ачысціўшыся; зарэзалі пасхальнае ягня для ўсіх перасяленцаў, і для братоў сваіх, і для святароў, і для сябе.
 
бо ачысьціліся сьвятары і лявіты, — усе яны, як адзін, чыстыя; і закалолі ягнят пасхальных дзеля ўсіх, што вярнуліся з палону, дзеля братоў сваіх сьвятароў і дзеля сябе.

І спажылі ягня сыны Ізраэля, якія вярнуліся з перасялення, а таксама ўсе тыя, што ад нячыстасці народаў зямлі перайшлі да іх, каб шукаць Госпада, Бога Ізраэля.
 
І елі сыны Ізраілевыя, якія вярнуліся зь перасяленьня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нечысьціні народаў зямлі, каб прыйсьці да Госпада Бога Ізраілевага.

І сем дзён з радасцю святкавалі ўрачыстасць праснакоў, бо суцешыў іх Госпад і звярнуў да іх сэрца цара Асірыі, каб дапамагчы іх рукам у пабудове дома Госпада, Бога Ізраэля.
 
І сьвяткавалі сьвята праснакоў сем дзён у радасьці, бо парадаваў іх Гасподзь і павярнуў да іх сэрца цара Асірыйскага, каб мацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве дома Госпада Бога Ізраілевага.