Ісаі 30 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

«Гора вам, сыны бунтаўнікі, — кажа Госпад, — таму што спаўняеце намеры, ды не ад Мяне, і заключаеце пагадненне, але не ў Маім духу, каб далучыць грэх да граху!
 
Гора непакорлівым сынам, кажа Гасподзь, якія робяць народы, але безь Мяне, і ў спрымірэнства ўступаюць, але бяз духа Майго, каб далучаць грэх да грэху:

І выбіраецеся ў дарогу ў Егіпет, ды вуснаў Маіх не пытаецеся, спадзеючыся на падтрымку сілы фараона і надзеючыся на засень Егіпта.
 
ня спытаўшыся вуснаў Маіх, ідуць у Егіпет, каб падмацаваць сябе сілаю фараонавай і схавацца пад ценем Егіпта.

Сіла фараона будзе вам на канфуз, а надзея на засень Егіпта будзе вам на ганьбу.
 
Але сіла фараона будзе вам сорамам, і прытулак пад ценем Егіпта — ганьбаю;

Бо хоць князі твае былі ў Танеі, а паслы твае дайшлі аж да Ханэса,
 
бо князі ягоныя ўжо ў Цаане, і паслы ягоныя дайшлі да Ханэса.

усе яны будуць пасаромлены народам, які не можа быць карысным для іх, не будзе ён ані на ўспамогу, ані на карысць, але на канфуз і на ганьбу».
 
Усе яны будуць пасаромленыя за народ, ад якога карысьці няма ім; ня будзе ад яго ні дапамогі, ні карысьці, а — сорам і глум.

Прысуд на жывёлу Нагэбу. Праз зямлю гора і прыгнёту, ільвіцы і рыкаючага льва, гадзіны ды лятучага дракона — нясуць на плячах жывёлін багацці свае ды на хрыбтах вярблюдаў скарбы свае да народа, які ім ніяк не зможа быць карысны.
 
Цяжар на жывёлах, якія ідуць на поўдзень, па зямлі прыгнёту і ўціску, адкуль выходзяць ільвіцы ды ільвы, асьпіды і лятучыя зьмеі; яны нясуць на хрыбтах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў скарбы свае народу, ад якога ня будзе ім карысьці.

Егіпет бо надарма і напуста будзе падаваць успамогу; таму называю яго Рагаб — бяздзейсны.
 
Бо дапамога Егіпта будзе марная і дарэмная; таму Я сказаў ім: сіла іхняя — сядзець спакойна.

Цяпер пайдзі, напішы на табліцы і ў прысутнасці іх і старанна апішы гэта ў кніжцы, каб было на будучыню, на вечнае сведчанне.
 
Цяпер ідзі, накрэсьлі гэта на дошцы ў іх, і запішы гэта ў кнігу, каб засталося на будучы час, назаўсёды, навечна.

Бо народ — бунтаўнічы, ды сыны — лгуны, сыны, якія не хочуць слухаць закон Госпада.
 
Бо гэта люд мяцежны, дзеці хлусьлівыя, дзеці, якія ня хочуць слухаць закону Гасподняга,

Яны кажуць яснавідцам: «Не глядзіце!» А прадбачлівым прарокам: «Не прадказвайце нам тых рэчаў, якія праўдзівыя, але кажыце нам тое, што падабаецца, праракуйце нам падманныя рэчы.
 
якія празорлівым кажуць: «перастаньце прарочыць», і прарокам: «не прарочце нам праўды, кажэце нам даспадобнае, прадказвайце прыемнае;

Сыдзіце з дарогі, збочце са сцежкі, прыміце з віду нашага Святога Ізраэлева».
 
сыдзеце з дарогі, ухілецеся ад шляху; зьвядзеце з вачэй нашых Сьвятога Ізраілевага».

Таму вось што кажа Святы Ізраэлеў: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а надзею ўсклалі на крывадушнасць і пераваротнасць, ды на іх вы абаперліся,
 
Пасьля гэтага кажа Сьвяты Ізраілеў: за тое, што вы адкідаеце слова гэтае, а спадзеяцеся на падман і няпраўду, і абапіраецеся на тое,

таму злачынства гэтае будзе для вас, як шчыліна, што ідзе зверху, месца разлому ў высокай сцяне, якой раскол нечаканы, неспадзяваны, адбываецца вокамгненна.
 
дык беззаконьне гэта будзе вам, як выяўленая трэшчына, што пагражае руйнаваньнем высокага муру, разбурэньне якога настане раптоўна, у адно імгненьне.

І растаўчэцца, як разбіваецца гляк ганчарскі разбіццём без ніякага шкадавання, і не знойдзецца ў яго частках чарапка, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады з ямы».
 
І Ён разбурыць яе, як разьбіваюць гліняны посуд, не шкадуючы, так што ў абломках яго ня знойдзецца і чарапка, каб узяць жару з агменю, альбо зачарпнуць вады з сажалкі;

Бо гэта сказаў Госпад Бог, Святы Ізраэлеў: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены, у зацішшы і ў надзеі будзе сіла ваша». Але вы не хацелі,
 
бо так кажа Гасподзь Бог, Сьвяты Ізраілеў: застаючыся на месцы і ў спакоі, вы ўратаваліся б; у цішыні і спадзяваньні і моцнасьць вашая; але вы не хацелі

аднак сказалі: «Ніякім чынам, але на конях уцячом», — дык уцячыце; ды: «На хуткіх памчымся», — таму будуць хуткія і тыя, што за вамі пагоняцца.
 
і казалі: «не, мы на конях уцячэм», — затое і пабяжыце; «мы на хуткіх паскачам» — затое і перасьледавальнікі вашыя будуць борздыя.

Тысяча спалохаецца перад пагрозаю аднаго, а ад пагрозы пецярых будзеце ўцякаць, пакуль не застанецца вас [мала], як жэрдка на версе гары ды як след на ўзгорку.
 
Ад пагрозы аднаго пабяжыць тысяча, ад пагрозы пяцёх пабяжыце так, што рэшта вас будзе як тычка на вяршыні гары і як харугва на пагорку.

Таму чакае Госпад, каб злітавацца над вамі, і з той прычыны будзе ўзвялічвацца, шкадуючы вас, што Госпад — Бог справядлівасці, шчасныя ўсе, якія чакаюць Яго.
 
І таму Гасподзь чакае, каб памілаваць вас, і таму яшчэ стрымліваецца, каб умілажаліцца з вас; бо Гасподзь ёсьць Бог праўды: дабрашчасныя — усе, хто надзею кладзе на Яго!

Бо ты, народзе на Сіёне, які жывеш у Ерузаліме, плачаш [цяпер], ды не будзеш плакаць [заўсёды]; [як цяпер] літуецца, [так] і будзе літавацца над табою, на голас просьбы тваёй, як толькі пачуе, адкажа табе.
 
Народ будзе жыць на Сіёне ў Ерусаліме; ты ня будзеш доўга плакаць, — Ён памілуе цябе, паводле голасу твайго, і як толькі пачуе яго, — адкажа табе.

І дасць вам Госпад хлеб прыгнёту і ваду бяды, але ўжо больш не аддаліцца ад цябе твой вучыцель, і вочы твае будуць бачыць настаўніка свайго.
 
дасьць вам Гасподзь хлеб у гароце і ваду ў нягодзе; і настаўнікі твае ўжо ня будуць хавацца, і вочы твае будуць бачыць настаўнікаў тваіх;

А вушы твае будуць чуць за сабой слова Таго, Хто нагадвае: «Вось, гэта дарога, ідзіце па ёй», калі б часам збочылі ўправа ці ўлева.
 
і вушы твае будуць чуць словы за табою, што кажуць: «вось дарога, ідзеце па ёй», калі б вы збочылі направа, і калі б вы збочылі налева.

Тады брыдзіцца будзеш аббіццём тваіх срэбраных балванаў ды адзеннем тваёй залатой статуі; выкінеш гэта, як брудны падклад. «Выйдзі прэч», — скажаш яму.
 
Тады вы будзеце лічыць за агіду аздобу балваноў з срэбра твайго і аздобу ідалаў з золата твайго; ты кінеш іх, як брыду; ты скажаш ім: прэч адгэтуль.

І дасць Ён дождж на пасеў твой, які засееш на зямлі, а хлеб пладоў зямлі будзе вельмі багаты і тлусты, будзе пасвіцца ў той дзень жывёла твая, ягня, на шырокіх выганах,
 
І дасьць Ён дажджу на насеньне тваё, якім засееш поле, і збажыну, плод зямлі, і яна будзе багатая і сакавітая; статкі твае ў той дзень будуць пасьвіцца на шырокіх пашах.

і валы твае, і аслы, што абрабляюць зямлю, будуць карміцца сачыстай мяшанкай, што правеяна лапатай і веялкай.
 
І валы і аслы, што ўрабляюць поле, есьцімуць корм салёны, ачышчаны шуфлем і гарфаю.

Па кожнай высокай гары і па кожным узнятым узгорку пацякуць ручаі імклівых водаў у дзень разні вялікай, калі будуць падаць вежы.
 
І на кожнай гары высокай і на кожным пагорку ўзвышаным пацякуць ручаі, патокі вады, у дзень вялікае бітвы, калі абваляцца вежы.

І будзе святло месяца як святло сонца, а святло сонечнае будзе сямікратным, быццам святло сямі дзён — у дзень, калі Госпад перавяжа раны Свайго народа і залечыць сінякі ад удараў.
 
І сьвятло месяца будзе, як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сьвятлей у сем разоў, як сьвятло сямі дзён, таго дня, калі Гасподзь завяжа рану люду Свайго і загоіць накладзеныя на яго пошасьці.

Вось жа, імя Госпада прыходзіць здалёк, абуральны гнеў Яго і страшны Яго гром, вусны Яго перапоўнены абурэннем, і язык Яго — як агонь паглынальны.
 
Вось, імя Госпада ідзе здалёк, гарыць гнеў Ягоны, і полымя ў Яго вялікае, вусны ў Яго поўныя абурэньня, і язык у Яго, як агонь пажыральны,

Дыханне Яго — як ручай паводкавы, якога вір дасягае шыі, — на прасейванне народаў праз пагібельнае сіта, акілзы гаротныя ў сківіцах народаў.
 
і дыханьне ў Яго, як разьліты паток, які падымаецца нават да шыі, каб разьвеяць людзей на зьмізарненьне; і будуць у сківіцах люду цуглі, якія пакіруюць да аблуды.

Песня будзе ў вас, як пры святкаванні начной урачыстасці, і радасць сэрца — як у таго, хто спяшаецца да гукаў флейты на гару Госпада, да Скалы Ізраэля.
 
А ў вас будуць песьні, як у ноч сьвяшчэннага сьвята, і весялосьць на сэрцы, як у таго, хто ідзе з жалейкаю на гару Гасподнюю, да цьвярдыні Ізраілевай.

І дасць пачуць Госпад веліч Свайго голасу, і моц пляча Свайго акажа ва ўзрыве гневу і ў полымі агню пажыраючага, у віхуры, у навальніцы ды ў каменяпадзе.
 
І загрыміць Гасподзь велічным голасам Сваім і пакажа моц пляча Свайго моцным гневам і полымем пажыральнага агню, бураю і паводкаю і каменным градам.

Голасу Госпадава напалохаецца асірыец, дубцом адлупцаваны.
 
Бо ад голасу Гасподняга скаланецца Асур, жазлом пабіваны.

І будзе кожны ўдар палкі пабівання, які Госпад спусціць на яго, пад тымпан і цытру; і ў войнах узнятых будзе з імі змагацца.
 
І кожны рух вызначанага яму жазла, які Гасподзь скіруе на яго, будзе з тымпанамі і цытрамі, і Ён пойдзе супроць яго вайною спусташальнаю.

Бо ад учора прыгатавана Тафэт, прыгатавана, глыбокая і шырокая, у кастры яе агонь і шмат дрэва; дыханне Госпада, як ручай серы, яе распаліць.
 
Бо Тофэт даўно ўжо гатовы; ён падрыхтаваны ўжо і цару, глыбокі і шырокі; у вогнішчы яго шмат агню і дроў; подзьмух Гасподні, як паток серкі, запаліць яго.