Езэкііля 14 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І прыйшлі да мяне некаторыя са старэйшын Ізраэля, і селі перада мною.
І прыйшлі да мяне некалькі чалавек з старэйшынаў Ізраілевых і селі перад абліччам Маім.
І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:
І было мне слова Гасподняе;
«Сын чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй; ці ж маю Я адказаць ім, калі спыталі яны?
сыне чалавечы! Гэтыя людзі дапусьцілі ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставілі спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім: ці магу Я адказваць ім?
Дзеля таго размаўляй з імі і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог: “Кожнаму з дому Ізраэля, які ўвядзе сваіх ідалаў у сэрца сваё і паставіць спакусу злачыннасці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, пытаючы Мяне праз яго, Я — Госпад, Сам адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў яго,
Таму гавары зь імі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог, калі хто з дому Ізраілевага дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, — дык Я, Гасподзь, ці магу, пры мностве ідалаў ягоных, даць яму адказ?
каб захапіць дом Ізраэля ў сэрцы яго, у якім адышлі ад Мяне з прычыны ўсіх сваіх ідалаў”.
Няхай дом Ізраілеў уразумее ў сэрцы сваім, што ўсе яны праз сваіх ідалаў зрабіліся чужымі Мне.
Дзеля таго скажы дому Ізраэля: “Гэта кажа Госпад Бог: “Адвярніцеся і адыдзіце ад сваіх ідалаў, ды ад усіх сваіх агіднасцей адвярніце абліччы вашы”.
Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: навярнецеся і адвярнецеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў вашых адвярнеце аблічча ваша.
Бо Я, Госпад, Сам дам адказ кожнаму спаміж ізраэльцаў і чужынцаў, пражываючых у Ізраэлі, калі хто адвернецца ад Мяне, і ўвядзе ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставіць перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй, і прыйдзе да прарока, каб праз яго спытаць Мяне;
Бо калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, якія жывуць у Ізраіля, адпадзе ад Мяне і дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё, і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока папытацца ў Мяне празь яго, — дык Я, Гасподзь, ці дам яму адказ ад Сябе?
і Я звярну аблічча Маё супраць таго чалавека, і зраблю яго знакам і прыказкай, і выключу яго з Майго народа, і даведаецеся, што Я — Госпад.
Я павярну аблічча Маё супроць таго чалавека і скрышу яго ў азнаку і прыклад і вынішчу яго з народу Майго, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
І калі прарок памыліцца і прамовіць слова, Я, Госпад, падману таго прарока, і выцягну руку Сваю супраць яго, і знішчу яго спаміж народа Майго Ізраэля.
А калі прарок дапусьціць змусьціць сябе і скажа слова так, як бы Я, Гасподзь, навучыў гэтага прарока, дык Я працягну на яго руку Маю і зьнішчу яго з народу Майго, Ізраіля.
І возьмуць адказнасць яны за сваю правіннасць: правіннасць прарока будзе такая ж, як і правіннасць таго, хто яго пытаў,
І панясуць віну беззаконьня свайго. Якая віна таго, хто пытаецца, такая будзе віна і прарока,
каб дом Ізраэля не адыходзіў больш ад Мяне і не апаганьваўся ніякімі сваімі грахамі, але каб былі яны Маім народам, і Я каб быў іх Богам”, — кажа Госпад Бог».
каб наперад дом Ізраілеў ня ўхіляўся ад Мяне і каб больш не апаганьвалі сябе ўсякімі беззаконьнямі сваімі, а каб былі Маім народам, і Я быў іх Богам, кажа Гасподзь Бог.
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сын чалавечы, калі якая зямля зграшыць супраць Мяне, каб крывадушнічаць, крывадушнічаючы, Я выцягну руку Маю супраць яе, і зламлю падпору хлеба яе, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і жывёлу;
сыне чалавечы! калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у ёй хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла,
і калі будуць там тры чалавекі гэтыя: Ной, Даніэль і Ёў, дык толькі яны, дзеля справядлівасці сваёй, вызваляць душы свае, — кажа Госпад Бог.
і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, — дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Гасподзь Бог.
Бо калі на гэтую зямлю нашлю Я найгоршых звяроў, каб абязлюдзіць яе і зрабіць з яе пустыню, дзе ніхто, акрамя дзікіх звяроў, не зможа праходзіць,
Альбо, калі б Я паслаў на гэтую зямлю лютых зьвяроў, якія асірацілі б яе, і яна ад тых зьвяроў зрабілася б пустою і непраходнаю,
і калі ў ёй будуць гэтыя тры чалавекі, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — яны не вызваляць ані сыноў, ані дачок, але толькі яны самі вызваляцца, а зямля стане пустыняю.
дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны, толькі яны ўратаваліся б, зямля ж зрабілася б пустыняю.
Або калі на зямлю гэтую Я ўзвяду меч і калі скажу мечу: “Ідзі праз гэтую зямлю”, і знішчу Я на ёй людзей і звяроў,
Альбо, калі б я навёў на тую зямлю меч і сказаў: «меч, прайдзі па зямлі!» і пачаў зьнішчаць на ёй людзей і быдла,
і тыя тры чалавекі застануцца ў ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не вызваляць яны ані сыноў, ані дачок, а вызваляцца толькі яны самі.
дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны толькі ўратаваліся б.
Або калі на гэтую зямлю Я напушчу заразу і ў крыві вылью гнеў Мой на яе, каб выгубіць адтуль людзей і жывёлу,
Альбо, калі б Я паслаў на тую зямлю згубную пошасьць і выліў на яе лютасьць Маю ў праліваньні крыві, каб зьнішчыць на ёй людзей і быдла,
і калі Ной, Даніэль і Ёў будуць у ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — ані сыноў, ані дачок не вызваляць яны, але самі дзеля сваёй справядлівасці вызваляць свае душы.
дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак; праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы.
Бо, вось, так кажа Госпад Бог: “Калі бо на Ерузалім Я напушчу чатыры Свае страшныя бяды: меч, і голад, і дзікіх звяроў, і пошасць, каб у ім вынішчыць людзей і жывёлу,
Бо так кажа Гасподзь Бог: калі і чатыры кары Мае — меч і голад, і лютых зьвяроў і згубную пошасьць — пашлю на Ерусалім, каб зьнішчыць у ім людзей і быдла,
аднак застанецца ў ім збаўленне для тых, хто выведзе сыноў і дачок: вось, прыйдуць яны да вас, і ўбачыце вы іх паводзіны і іх учынкі, і суцешыцеся пасля няшчасцяў, што навёў Я на Ерузалім, і пасля ўсяго, што Я на яго навёў.
і тады застанецца ў ім рэшта, сыны і дочкі, якія будуць выведзены адтуль; вось, яны выйдуць да вас, і вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія і суцешыцеся ў тым бедстве, якое Я навёў на Ерусалім, ва ўсім, што Я навёў на яго.
І яны суцешаць вас, калі ўбачыце іх паводзіны ды іх учынкі, і пераканаецеся, што не без падстаў зрабіў Я ўсё, што Я яму зрабіў,” — кажа Госпад Бог».
Яны суцешаць вас, калі вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія; і ўведаеце, што Я ня марна зрабіў усё тое, што зрабіў у ім, кажа Гасподзь Бог.