Данііла 6 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Спадабалася Дарыю, і ўстанавіў ён над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб прабывалі яны ва ўсім яго царстве,
Заўгодна было Дарыю паставіць над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб яны былі ва ўсім царстве,
а над імі — трох кіраўнікоў, адным з якіх быў Даніэль, каб сатрапы давалі ім справаздачу і каб цару не рабіць прыкрасці.
а над імі трох князёў, — адзін зь якіх быў Данііл, — каб сатрапы давалі ім адказ, і каб цару ня было ніякага клопату.
Вось жа, Даніэль перавышаў усіх кіраўнікоў і сатрапаў, бо Дух Божы большы быў у ім. З-за гэтага цар маніўся паставіць яго над усім царствам;
Данііл пераўзыходзіў астатніх князёў і сатрапаў, бо ў ім быў высокі дух, і цар задумваў ужо паставіць яго над усім царствам.
дзеля таго кіраўнікі і сатрапы стараліся знайсці прычыну, каб абвінаваціць Даніэля ў справах супраць царства. Але не маглі, аднак, знайсці аніякае прычыны ані падазрэння, бо быў ён верны і не можна было ў ім знайсці аніякай віны або памылкі.
Тады князі і сатрапы пачалі шукаць зачэпкі, каб абскаржыць Данііла ў кіраваньні царствам; але ніякай зачэпкі і пахібы знайсьці не маглі, бо ён быў верны, і ніякай пахібы альбо віны не аказвалася на ім.
Дык сказалі мужы тыя: «Не знойдзем ніякай прычыны ў гэтым Даніэлю, але маем штосьці супраць яго ў законе яго Бога».
І гэтыя людзі сказалі: «не знайсьці нам зачэпкі супроць Данііла, калі мы ня знойдзем яе супроць яго ў законе ягонага Бога».
Тады кіраўнікі і сатрапы гэтыя паспяшаліся грамадою да цара і так яму сказалі: «Цару Дарыю, вечна жыві!
Тады гэтыя князі і сатрапы падступіліся да цара і так сказалі яму: «цар Дарый, вавекі жыві!
Усе дзяржаўныя кіраўнікі, намеснікі і сатрапы, магнаты і суддзі рашылі, каб цар распарадзіўся і даў загад: хто на працягу трыццаці дзён выкажа просьбу якому-небудзь богу або чалавеку, акрамя цябе, цару, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў.
Усе князі царства, намесьнікі, сатрапы, дарадцы і ваеначальнікі згадзіліся паміж сабою, каб была зроблена царская пастанова і выдадзены загад, каб, хто трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека, акрамя цябе, цару, таго кінуць у львіную яму.
Такім чынам, цяпер, цару, пацвердзі рашэнне і пастаў пячаць на загадзе, каб не было адклікана паводле непарушнага закону мідзян і персаў».
Дык вось, сьцьвердзі, цару, гэтую забарону і падпішы ўказ, каб ён быў нескасавальны, як закон Мідыйскі і Персідскі, і каб ён ня быў парушаны».
Дык цар Дарый паставіў пячаць на распараджэнні-дэкрэце.
Цар Дарый падпісаў указ і гэтую забарону.
А Даніэль, калі даведаўся, што падпісаны дэкрэт, пайшоў у свой дом; і, паколькі меў ён у сваім верхнім пакоі адчыненыя вокны, накіраваныя на Ерузалім, штодзень тры разы падаў на калені, і маліўся, і славіў Бога свайго, таксама так, як звычайна рабіў гэта і раней.
А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны такі ўказ, пайшоў у свой дом; а вокны ў сьвяцёлцы ягонай былі адчынены супроць Ерусаліма, і ён тры разы на дзень схіляў калені і маліўся свайму Богу і славіў Яго, як ён рабіў гэта і да таго.
Такім чынам, гэтыя мужы наляцелі грамадою і знайшлі Даніэля, які маліўся і прызываў Бога свайго.
Тады гэтыя людзі падсачылі і знайшлі Данііла, як ён маліўся і прасіў свайго Бога,
Дык пайшлі і сказалі цару аб рашэнні: «Ці не падпісаў ты, цару, дэкрэт, што ўсякі чалавек, хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць аб чымсьці каго-небудзь з багоў або людзей, акрамя цябе, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў?» У адказ цар сказаў: «Справядлівае слова паводле непарушнага закону мідзян і персаў».
потым прыйшлі і сказалі цару пра царскую забарону: «ці ня ты падпісаў указ, каб кожнага чалавека, які трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека акрамя цябе, цару, у львоўнік?» Цар адказаў і сказаў: «гэта слова цьвёрдае, як закон Мідзянаў і Персаў, што ня можа быць зьменены».
На гэта адказалі, звяртаючыся да цара: «Даніэль, з сыноў палону Юды, не палічыўся з табою, цар, ані з распараджэннем, выдадзеным табою, але тры разы ў дзень моліцца ён сваёю малітвай».
Тады адказвалі яны і сказалі цару, што «Данііл, які — з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе, цару, ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі».
Калі цар пачуў гэтае слова, ахапіў яго смутак; і схіліў ён сэрца сваё да Даніэля, каб выратаваць яго; ды аж да захаду сонца стараўся прыдумаць, як яго ўхаваць.
Цар, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся і паклаў сабе на сэрца ўратаваць Данііла, і аж да захаду сонца вельмі намагаўся вызваліць яго.
Але людзі гэтыя паспяшаліся грамадою да цара, кажучы яму: «Ведай, цару, што закон мідзян і персаў, як кожны дэкрэт і рашэнне, выдадзеныя царом, не можа быць зменены».
А тыя людзі падступіліся да цара і сказалі яму: «ведай, цару, што паводле закона Мідзянаў і Персаў ніякая забарона або пастанова, зацьверджаная царом, ня можа быць зьменена».
Тады цар загадаў, і прывялі Даніэля, і ўкінулі яго ў ільвіны роў. І цар звярнуўся да Даніэля і сказаў: «Твой Бог, Якому так трывала служыш, Сам вызваліць цябе».
Тады цар загадаў, і прывялі Данііла і ўкінулі ў львіную яму: пры гэтым цар сказаў Даніілу: «твой Бог, Якому ты заўсёды служыш, Ён выратуе цябе!»
І прынеслі адзін камень, і пакладзены ён быў па-над адтулінаю рова; цар апячатаў яго сваёй пячаткай і пячаткай сваіх магнатаў, каб нішто не змянілася ў справе Даніэля.
І прынесьлі камень і паклалі на атворыну ямы, і цар запячатаў яе сваім пярсьцёнкам і пярсьцёнкамі вяльможаў сваіх, каб нішто не перамянілася ў распарадзе пра Данііла.
І вярнуўся цар у свой палац, і пайшоў спаць галодным, і ежы не прынеслі яму, звыш таго, і сон адышоў ад яго.
Пасьля цар пайшоў у свой палац, лёг спаць не вячэраўшы і нават не дазволіў уносіць яму ежу, і сон ня йшоў да яго.
Дык цар устаў на світанні і паспяшаўся да львінага рова;
Раніцай цар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка
і, калі ўжо быў блізка ад рова, прызваў Даніэля голасам, поўным болю, і звярнуўся да Даніэля: «Даніэлю, паслугач жывога Бога, ці Бог твой, Якому служыш так верна, не змог вызваліць цябе ад ільвоў?»
і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла, і сказаў цар Даніілу: «Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, Якому ты заўсёды служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?»
І Даніэль адказаў цару: «Цару, вечна жыві!
Тады Данііл сказаў цару: «цару, вавекі жыві!
Мой Бог паслаў Анёла Свайго, і Ён закрыў пашчы львам; і не скрыўдзілі яны мяне, бо перад Ім знайшлася ў мяне справядлівасць; але і адносна цябе, цару, не зрабіў я нічога благога».
Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою, цару, я не зрабіў злачынства».
Вельмі ўзрадаваўся тады цар з-за яго і загадаў дастаць Даніэля з рова; і выцягнулі Даніэля з рова, і не знойдзена было на ім ніводнай раны, бо даверыўся ён свайму Богу.
Тады цар дужа ўзрадаваўся за яго і загадаў падняць Данііла зь ямы; і ніякай пашкоды ня знойдзена на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
А цар загадаў, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі Даніэля, і ўкінулі ў ільвіны роў іх, і іх дзяцей, і іх жонак, і, перш чым упалі яны на дно рова, схапілі іх ільвы і раздрабілі іх косці.
І загадаў цар, і прывялі тых людзей, якія абскардзілі Данііла, і ўкінулі ў львоўнік, як іх самых, так і дзяцей іхніх і жонак іхніх; і не дасталі яны яшчэ да дна ямы, як ільвы пахапалі іх і патрушчылі ўсе іх косьці.
Тады цар Дарый напісаў да ўсіх народаў, пакаленняў і моў, якія пражывалі на ўсёй зямлі: «Хай павялічваецца сярод вас супакой!
Пасьля таго цар Дарый напісаў усім народам, плямёнам і родам, што жылі на ўсёй зямлі: «няхай мір вам памножыцца!
Выдаю дэкрэт, каб на ўсім абсягу майго царства шанавалі і трымцелі перад Богам Даніэля: бо Ён ёсць Бог жывы і трывае на векі; і Валадарства Яго не будзе знішчана, і ўлада Яго — аж навек.
Мною даецца загад, каб у кожнай мясьціне майго царства трымцелі і баяліся перад Богам Даніілавым, бо Ён ёсьць Бог Жывы і Вечнаісны, і царства Яго нязьнішчальнае, і валадарства Яго бясконцае.
Ён ратуе і вызваляе і творыць знакі і цуды на небе і на зямлі. Ён жа вызваліў Даніэля ад ільвоў».
Ён выбаўляе і ратуе і ўчыняе цуды і азнакі на небе і на зямлі; Ён уратаваў Данііла ад ільвінае сілы».
А Даніэль цешыўся спагаднасцю ў цараванне Дарыя і ў валадаранне перса Кіра.
І Данііл меў посьпех і ў цараваньне Дарыя і ў цараваньне Кіра Персідскага.