Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася, калі Ісус у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба, яны сачылі за Ім.
Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з’есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім;
І вось, быў перад Ім нейкі хворы на вадзянку чалавек.
і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі.
І, звярнуўшыся, запытаў Ісус заканазнаўцаў і фарысеяў, кажучы: «Ці належыць аздараўляць у суботу, ці не?»
З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу?
Але яны маўчалі. Тады Ён, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адпусціў.
Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў.
І сказаў ім: «Калі ў каго-небудзь з вас асёл або вол уваліцца ў студню, ці не зараз выцягне яго ў дзень суботы?»
Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу?
І не маглі яны на гэта адказаць Яму.
І не маглі запярэчыць Яму на гэта.
І расказваў Ён запрошаным прыпавесць, прыглядаючыся, як яны выбіралі першыя месцы, кажучы ім:
А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу:
«Калі будзеш запрошаны кім-небудзь на вяселле, не ўзлягай на першым месцы, каб часам не быў запрошаны больш шаноўны за цябе,
калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе,
бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы, скажа табе: “Саступі яму месца”, і тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца.
і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
Дык калі ты будзеш пакліканы, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб, калі надыдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: “Прыяцель, сядзь вышэй”; тады будзе табе пашана перад банкетуючымі з табою.
А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою:
Бо кожны, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
Потым гаварыў і таму, хто Яго запрасіў: «Калі спраўляеш абед або вячэру, не запрашай сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам цябе не запрасілі ў адказ і каб не было табе адплаты.
Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы.
Але, калі спраўляеш банкет, пакліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых —
Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
і шчасны будзеш, бо тыя, што запрошаны, не маюць чым адплаціць табе. Адплачана табе будзе пры ўваскрашэнні справядлівых».
і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных.
І, калі пачуў гэта, адзін з гасцей сказаў Яму: «Шчасны той, хто будзе есці хлеб у Валадарстве Божым!»
Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з’есьць хлеба ў Царстве Божым!
Сказаў яму: «Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасцей;
А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;
і паслаў свайго слугу ў пару вячэры сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё прыгатавана”.
і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова.
І пачалі ўсе адразу прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: “Купіў я поле і маю патрэбу пайсці і агледзець яго; прашу цябе, прабач мне”.
І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.
А другі сказаў: “Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць; прашу цябе, прабач мне”.
Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
А трэці сказаў: “Я ажаніўся, і з-за таго не магу прыйсці”.
Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці.
І, вярнуўшыся, паслугач расказаў гэта гаспадару свайму. Тады ўгнеўлены гаспадар дома сказаў паслугачу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, і калек, і кульгавых, і сляпых”.
І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых.
І гаворыць паслугач: “Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсць месца”.
І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца.
І гаворыць гаспадар слузе: “Выйдзі на дарогі і да заплоццяў і пераканай увайсці, каб дом мой напоўніўся.
Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;
Кажу вам, што ніводзін з тых людзей, што былі пакліканы, не пакаштуе маёй вячэры”».
бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з’есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
І хадзілі з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся да іх, Ён сказаў:
Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім:
«Калі хто прыходзіць да Мяне, і не мае ў нянавісці бацьку свайго, і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а пры тым і душу сваю, не можа быць вучнем Маім.
калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем;
І хто ідзе за Мной і не нясе крыжа свайго, не можа быць вучнем Маім.
і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.
Бо хто з вас, жадаючы збудаваць вежу, не сядзе перш і не палічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць?
Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдаткаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,
Каб, калі закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, якія гэта бачаць, не сталі смяяцца з яго,
каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,
кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.
кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?
Або які цар, збіраючыся ісці на вайну супраць другога цара, не сядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяццю тысячамі пайсці супраць таго, які ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?
Інакш, калі той яшчэ далёка, адправіўшы пасланніка, просіць яго, каб былі ў міры.
інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства — прасіць міру.
Так, вось, кожны з вас, хто не зрачэцца ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
Соль добрая, але, калі яна страціць сілу, чым яе пасаліць?
Соль — добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе?
Не прыдатная яна ані ў зямлю, ані ў гной, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!