Другі закон 14 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; не рабіце надрэзаў на сабе, не выстрыгайце валасоў паміж вачамі вашымі па памерлым,
Вы — сыны Госпада, Бога вашага; не рабеце нарэзаў на целе вашым і не выстрыгайце валасоў над вачыма вашымі па нябожчыку;
бо ты народ святы для Госпада, Бога твайго, і цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асаблівым народам для Яго з усіх народаў, якія ёсць на зямлі.
бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго, і цябе выбраў Гасподзь, каб ты быў уласным Яго народам з усіх народаў, якія на зямлі.
Не еж нічога паганага.
Ня еж ніякай погані.
Вось жывёлы, якіх вы можаце есці: вол, баран, каза,
Вось быдла, якое вам можна есьці: валы, авечкі, козы,
алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылопа, горны казёл.
алень і сарна, і буйвал і казуля, і зубр і жырафа, і антылопа.
Можаце есці кожную жывёлу, якая мае цалкам раздвоеныя капыты і якая жуе жвайку, і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку.
Усякая жывёліна, у якое расшчэпленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і якая жуе жуйку, тую ежце;
Але тых, якія жуюць жвайку і не маюць раздвоеных капытоў, не ежце такіх: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо яны жуюць жвайку, але не маюць цалкам раздвоеных капытоў, яны будуць нячыстымі для вас.
толькі гэтых ня ежце з тых, што жуюць жуйку і маюць расшчэпленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо хоць яны жуюць жуйку, але капыты ў іх не расшчэпленыя: нячыстыя яны вам;
Свіння таксама, бо хаця ў яе цалкам раздвоеныя капыты, але не жуе жвайку, яна будзе для вас нячыстай; мяса іх не ежце і да падліны не дакранайцеся.
і сьвіньні, бо капыты ў яе расшчэпленыя, але ня жуе жуйкі; нячыстая яна вам; ня ежце мяса іх і да трупаў іх не дакранайцеся.
Вось што можна есці з усяго таго, што родзіцца ў вадзе: ежце тых, што маюць плаўнікі і луску;
З усіх жывёлаў, якія ў вадзе, ежце ўсіх, у якіх ёсьць пер’е і луска;
а тых, што без плаўнікоў і лускі, не ежце, бо яны для вас нячыстыя.
а ўсіх тых, у якіх няма пер’я і лускі, ня ежце: нячыста гэта вам.
Усіх чыстых птушак — ежце.
Усякае птаства чыстае ежце;
Толькі наступных не ежце: арла, грыфа і марскога арла,
а гэтых зь іх ня трэба есьці: арла, грыфа і марскога арла,
чорнага грыфа, каршука і сокала з родам яго,
і кані, і сокала і крагуля з пародаю іхняю,
і любую птушку з роду крумкача,
і ўсякага гругана з пародаю ягонаю,
страуса, саву, чайку і ястраба з родам яго,
і страўса і савы, і чайкі і шуляка з пародай ягонаю,
пугача, рыбалова і ібіса,
і сойкі, і пушчыка, і лебедзя,
лебедзя, пелікана і сыча,
і пелікана, і сіпа, і кармарана,
чаплю і бусла з родам яго, і ўдода і кажана.
і чаплі, і бусла з пародаю ягонай, і ўдода, і кажана.
Таксама ўсё, што поўзае і мае крылы, нячыстым будзе для вас, нельга есці.
Усе крылатыя паўзуны нячыстыя вам, ня ежце іх.
Усякую птушку чыстую можаце есці.
Усю чыстую птушку ежце.
Падліны, якой бы яна ні была, не будзеце есці. Дай яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасці, або прадай чужынцу: бо ты — народ святы для Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго.
Ня ежце ніякага падла: іншаземцу, які надарыцца ў селішчах тваіх, аддай яго, ён хай есьць яго, альбо прадай яму, бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.
Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насення твайго, якое родзіцца на зямлі штогод,
Аддзяляй дзесяціну з усяго ўроджанага насеньнем тваім, якое штогоду на полі тваім узрасьце,
і еж перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое Ён выбера, каб прабывала ў ім імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першародных бычкоў і авечак тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні шанаваць Госпада, Бога твайго.
і еж прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Ён, каб быць імю Ягонаму там; прынось дзесяціну хлеба твайго і алею твайго, каб ты навучыўся баяцца Госпада, Бога твайго, ва ўсе дні.
Калі ж далёкай будзе дарога твая і месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб памясціць там імя Сваё і дабраславіць цябе, і ты не зможаш для Бога ў Яго месца ўсё гэта прынесці, каб памясціць там імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе,
Калі ж доўгая будзе табе дарога, так што ня зможаш несьці гэтага, бо далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб пакласьці там імя Сваё, і Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе,
то прадай усё ды атрымай грошы; і вазьмі ў руку сваю ды накіруйся да месца, якое выбера Госпад, Бог твой,
дык памяняй гэта на срэбра і вазьмі срэбра ў руку тваю і прыходзь на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой;
і купляй за гэтыя грошы ўсё, што табе спадабаецца: ці з валоў, ці з авечак, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і еж там перад Госпадам, Богам тваім, і весяліся ты і ўся сям’я твая,
і купляй на срэбра гэта ўсё, што заўгодзіцца душы тваёй; і еж там прад Госпадам, Богам тваім, і радуйся ты і сям’я твая.
і левіт, які ў брамах тваіх; глядзі, не пакідай яго, бо ён не мае ані часткі, ані ўласнасці з табою.
І лявіта, які ў селішчах тваіх, не пакінь, бо няма яму долі і дзялянкі з табою.
Пад канец трэцяга года аддзялі іншую дзесяціну з усяго, што ўрадзілася ў цябе за гэты час, і пакладзі ў брамах тваіх,
А як міне тры гады, аддзяляй усе дзесяціны створанага табою ў той год і кладзі ў селішчах тваіх;
і хай прыйдзе левіт, які не мае часткі і спадчыны з табой, і чужынец, і сірата, і ўдава, якія знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есці і наядуцца, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, што будзеш рабіць.
і няхай прыйдзе лявіт, бо яму няма долі і дзялянкі з табою, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх, і няхай ядуць і наядаюцца, каб дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой, ў кожнай дзеі рук тваіх, якія ты будзеш рабіць.