Другі закон 20 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што і коней, і калясніц, і людзей у варожым войску болей, чым у цябе, не бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай.
 
Калі ты выйдзеш на вайну супроць ворага твайго і ўбачыш коней і калясьніц і народу болей, чым у цябе, дык ня бойся іх, бо з табою Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай.

«Перад пачаткам бою хай выступіць святар перад войскам і прамовіць да народа так:
 
А калі прыступаеце да бітвы, тады няхай падыдзе сьвятар, і кажа люду,

“Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёння супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца ваша, не саступайце і не палохайцеся іх,
 
і скажа яму: слухай, Ізраіле, вы сёньня ўступаеце ў бітву з ворагамі вашымі, хай не аслабне сэрца вашае, ня бойцеся, не бянтэжцеся і не жахайцеся ад іх,

бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі і будзе ваяваць за вас з ворагамі вашымі, каб выратаваць вас з небяспекі”.
 
бо Гасподзь, Бог ваш, ідзе з вамі, каб пабіцца за вас з ворагамі вашымі і выратаваць вас.

Таксама і кіраўнікі, калі войска выслухае, няхай звернуцца да кожнага атрада: “Ці ёсць тут чалавек, які пабудаваў новы дом і не пасвяціў яго? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не згінуў у баі і хто іншы яго пасвяціў.
 
А наглядчыкі няхай абвесьцяць людзям, кажучы: хто збудаваў новы дом і не абнавіў яго, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве, а другі не абнавіў яго;

Ці ёсць чалавек, які насадзіў вінаграднік і яшчэ не сабраў ураджаю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а другі чалавек не сабраў вінаград.
 
і хто пасадзіў вінаграднік і не карыстаўся ім, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве, і другі не пакарыстаўся ім;

Ці ёсць чалавек, які заручыўся з жонкаю, але не пабраўся з ёю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а хто іншы не пабраўся б з ёю”.
 
і хто не заручыўся з жонкаю і ня ўзяў яе, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памерці ў бітве, і другі ня ўзяў яе.

Сказаўшы гэта, хай дададуць яны апошняе і скажуць народу: “Хто чалавек баязлівы і чыё сэрца дрыжыць? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб не рабіў баязлівымі сэрцы братоў сваіх, як і сам ён ахоплены страхам”.
 
І яшчэ агалосяць наглядчыкі народу і скажуць: хто баязьлівы і маладушны, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб ён не зрабіў нясьмелымі сэрцы братоў сваіх, як ягонае сэрца.

Як толькі кіраўнікі скончаць прамаўляць да народа, тады трэба паставіць правадыроў войска на чале народа.
 
Калі наглядчыкі скажуць усё гэта люду, тады трэба паставіць правадыроў у павадыры народу.

Калі ты падыдзеш пад горад, каб яго заваяваць, перш прапануй яму супакой.
 
Калі пойдзеш да горада, каб заваяваць яго, прапануй яму мір;

Калі ён прыме прапанову і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсць, служыць табе, плацячы даніну.
 
калі ён згодзіцца на мір з табою і адчыніць табе брамы, дык увесь люд, які знойдзецца ў ім, будзе плаціць табе даніну і служыць табе;

А калі ён не захоча заключыць дамову з табою і пачне супраць цябе вайну, то штурмуй яго.
 
а калі ён ня згодзіцца на мір з табою і будзе весьці з табою вайну, дык аблажы яго,

І калі Госпад, Бог твой, аддасць яго ў рукі твае, пазабівай усіх, хто ў ім мужчынскага роду, вастрыём меча,
 
і калі Гасподзь, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, пабі ў ім увесь мужчынскі пол вастрыём меча;

за выключэннем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў горадзе знаходзіцца. Усю здабычу гэтую забяры сабе і спажывай здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой.
 
толькі жонак і дзяцей і быдла і ўсё, што ў горадзе, усю здабычу ягоную вазьмі сабе і карыстайся здабычаю ворагаў тваіх, якіх аддаў табе Гасподзь, Бог твой;

Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія не ёсць гарадамі гэтых народаў, якія ты маеш атрымаць ва ўласнасць.
 
так рабі з усімі гарадамі, якія ад цябе даволі далёка, якія не з гарадоў народаў гэтых.

Толькі з тых гарадоў, якія будуць дадзены табе, нікога наогул не пакінеш ты жывым,
 
А ў гарадах гэтых народаў, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне, не пакідай жывымі ніводнай душы,

але заб’еш мечам хетэяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой,
 
а пракляні іх: Хэтэяў і Амарэяў, і Хананэяў і Фэрэзэяў, і Гэвэяў і Эвусэяў, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой,

каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія яны рабілі багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам вашым.
 
каб яны не навучылі вас рабіць такія самыя мярзоты, якія яны рабілі дзеля багоў сваіх, і каб вы не грашылі прад Госпадам, Богам вашым.

Калі доўгі час будзеш рабіць аблогу горада і акружыш яго ўмацаваннямі, каб заваяваць яго, не ссякай дрэў яго, з якіх можаш жывіцца, плады яго можаш есці, а яго самога не ссякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?
 
Калі доўга будзеш трымаць у аблозе горад, каб заваяваць яго і ўзяць яго, дык ня псуй дрэваў яго, ад якіх можна карміцца, і не спусташай навакольляў, бо дрэва на полі не чалавек, каб магло пайсьці ад цябе на ўмацаваньне;

Калі ж якое дрэва не надаецца на ежу, ссячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш горада, які з табой ваюе».
 
толькі тыя дрэвы, пра якія ты ведаеш, што яны нічога ня родзяць на ежу, можаш псаваць і сячы і будаваць умацаваньні супроць горада, які вядзе з табою вайну, пакуль не ўпакорыш яго.