Другі закон 6 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

«Такія вось загады, і прыказанні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб я навучыў вас, а вы каб выконвалі іх на зямлі, якую ідзяце ўзяць ва ўласнасць.
 
Вось запаведзі, пастановы і законы, якім загадаў Гасподзь, Бог ваш, навучыць вас, каб вы рабілі ў той зямлі, у якую вы ідзяце, каб завалодаць ёю;

Шануй Госпада, Бога твайго, і беражы ўсе прыказанні і загады Яго, якія даручаю табе, сынам і нашчадкам тваім на ўсё жыццё, каб даўгавечныя былі дні твае.
 
каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і ўсе пастановы Ягоныя і запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе, захоўваў ты і сыны твае і сыны сыноў тваіх праз усе дні жыцьця твайго, каб падоўжыліся дні твае.

Слухай, Ізраэль, і пільнуй, каб выконваць, каб добра табе было і ўзрос ты лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
 
Дык вось, слухай, Ізраіле, і старайся выканаць гэта, каб табе добра было, і каб вы вельмі памножыліся, як Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, казаў табе, што Ён дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд.

Слухай, Ізраэль: «Госпад, Бог наш, Госпад адзіны.
 
Слухай, Ізраіле: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсьць;

Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй».
 
і любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю і ўсімі сіламі тваімі.

Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім.
 
І хай будуць словы гэтыя, якія Я наказваю табе сёньня, у сэрцы тваім;

Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся.
 
і перадавай іх дзецям тваім і кажы пра іх, седзячы ў доме тваім і йдучы дарогаю, і кладучыся і ўстаючы;

Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх.
 
і завяжы іх у знак на руку тваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі,

Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй.
 
і напішы іх на вушаках дома твайго і на брамах тваіх.

Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую прысягнуў даць бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, каб даць табе гарады вялікія і выдатныя, якіх ты не будаваў,
 
А калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у тую зямлю, якую Ён прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якаву, даць табе зь вялікімі й добрымі гарадамі, якіх ты не будаваў,

дамы, поўныя ўсякіх багаццяў, якіх ты не збіраў, студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есці і спатоліш голад,
 
і з дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, якіх ты не напаўняў, і з калодзежамі, вычасанымі з камянёў, якіх ты не часаў, зь вінаграднікамі й масьлінамі, якіх ты не садзіў, і будзеш есьці й наядацца,

сцеражыся вельмі, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі.
 
тады пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства.

Госпада, Бога твайго, шануй, і Яму служы, і Яго імем прысягай.
 
Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.

Не ідзі за багамі чужымі з ліку багоў тых народаў, якія акружаюць цябе,
 
Ня йдзеце сьледам за іншымі багамі, багамі тых народаў, якія будуць вакол вас;

бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, — Бог руплівы апякун; каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб не сцёр Ён цябе з паверхні зямлі.
 
бо Гасподзь, Бог твой, Які сярод цябе, ёсьць Бог руплівец; каб не запаліўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе, і ня зьнішчыў Ён цябе з улоньня зямлі.

Не выпрабоўвай Госпада, Бога вашага, як выпрабоўвалі ў Масе.
 
Не спакушайце Госпада, Бога вашага, як вы спакушалі Яго ў Масе.

Захоўвай загады Госпада, Бога вашага, і сведчанні і прыказанні, якія даў Ён табе;
 
Цьвёрда захоўвайце запаведзі Госпада, Бога вашага, і статуты Ягоныя і пастановы, якія Ён наказаў табе;

і рабі, што правільна і што добра перад абліччам Госпада, каб добра было табе і каб, увайшоўшы, атрымаў ты ва ўласнасць зямлю найлепшую, наконт якой Госпад склаў прысягу бацькам тваім,
 
і рабі справядлівае і добрае перад вачыма Госпада, каб добра табе было, і каб ты ўвайшоў і авалодаў добраю зямлёю, якую Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам тваім,

каб вынішчыў Ён усіх ворагаў тваіх перад табою, як сказаў Госпад.
 
і каб Ён прагнаў усіх ворагаў тваіх ад аблічча твайго, як казаў Гасподзь.

Калі спытаецца цябе ў будучым сын твой, кажучы: “Што за сэнс гэтых сведчанняў, прыказанняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог наш?” —
 
Калі спытаецца ў цябе сын твой у наступны час, кажучы: «што азначаюць гэтыя статуты, пастановы і законы, якія наказаў вам Гасподзь, Бог ваш?»,

скажы яму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Егіпце, але вывеў нас Госпад з Егіпта рукой дужай,
 
дык скажы сыну твайму: «рабамі былі мы ў фараона ў Егіпце, але Гасподзь вывеў нас зь Егіпта рукою моцнаю,

ды чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Егіпце супраць фараона і ўсяго дому яго ў прысутнасці нашай,
 
і паказаў Гасподзь азнакі й цуды вялікія і кары Егіпту, фараонам і ўсяму дому ягонаму, перад вачыма нашымі,

і вывеў нас адтуль, каб нам, уведзеным, даць зямлю, адносна якой прысягнуў бацькам нашым даць нам.
 
а нас вывеў адтуль, каб увесьці нас і даць нам зямлю, якую Гасподзь запрысягнуў бацькам нашым;

І загадаў нам Госпад, каб выконвалі мы ўсе гэтыя прыказанні і каб шанавалі Госпада, Бога нашага, і тады добра будзе нам усім у дні жыцця нашага, як і сёння жывём.
 
і наказаў нам Гасподзь выконваць усе пастановы гэтыя, каб мы баяліся Госпада, Бога нашага, каб добра было нам ва ўсе дні, каб захаваць наша жыцьцё, як і цяпер;

І будзе нам справядлівасць, калі мы будзем берагчы і выконваць усе загады гэтыя перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”».
 
і ў гэтым будзе наша праведнасьць, калі мы будзем намагацца выконваць усе гэтыя запаведзі прад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён наказаў нам».