1 да Карынфянаў 14 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Імкніцеся да любові, рупцеся пра духоўнае, асабліва пра тое, каб праракаваць.
Дасягайце любові; дбайце пра дары духоўныя, а асабліва пра тое, каб прарочыць.
Бо хто гаворыць мовамі, не людзям гаворыць, але Богу. Бо ніхто не чуе, а ён Духам гаворыць тайны.
Бо, хто гаворыць незнаёмаю моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу, бо ніхто не разумее яго, ён тайны гаворыць духам;
Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на збудаванне, і для заахвоты, і для суцяшэння.
а хто прарочыць, той гаворыць людзям на настаўленьне, на ўмаўленьне і суцяшэньне.
Хто гаворыць мовамі, самога сябе настаўляе, а хто праракуе, царкву будуе.
Той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Бо большы той, хто праракуе, чым той, што гаворыць мовамі, хіба пры тым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала збудаванне.
Жадаю, каб вы ўсе гаварылі мовамі; але лепей, каб вы прарочылі, бо хто прарочыць, той большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён пры гэтым будзе і тлумачыць, каб царква атрымала настаўленьне.
Цяпер жа, браты, калі прыйду да вас, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысць, хіба што буду гаварыць да вас абвяшчэннем, або ведамі, або прароцтвам, або навукай.
Цяпер, калі я прыйду да вас, браты, і пачну гаварыць незнаёмымі мовамі, дык якую дам вам карысьць, калі ня выслоўлюся вам ці то адкрыцьцём, ці пазнаньнем, ці прароцтвам, ці вучэньнем?
Бо і тыя, што без душы, голас падаюць: ці то жалейка, ці то гуслі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусляў?
І бяздушныя рэчы, якія выдаюць гук, жалейка ці гусьлі, калі не выдаюць паасобных тонаў, як распазнаць тое, што іграюць на жалейцы ці на гусьлях?
Калі гэтак труба падасць невыразны гук, дык хто будзе рыхтавацца да бою?
І калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бітвы?
Так і з вамі, калі языком невыразна будзеце вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер!
Так, калі і вы языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як зразумеюць, што вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
Падумай, як многа розных моў на свеце? Але кожная з іх не без голасу.
Колькі, напрыклад, розных словаў на сьвеце, і ніводнага зь іх няма без значэньня;
Калі я, аднак, не буду разумець значэння слоў, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.
але, калі я не разумею значэньня слоў, дык я для таго, хто гаворыць, чужаніца, і той, хто гаворыць, для мяне чужаніца.
Таксама і вы, калі рупіцеся пра духоўнае, дык імкніцеся ўзбагачацца ім для пабудовы царквы.
Так і вы, дбаючы пра дары духоўныя, старайцеся ўзбагаціцца імі дзеля настаўленьня царквы.
Таму: хто гаворыць мовамі, хай моліцца, каб патлумачыць.
А таму той, хто гаворыць незнаёмаю мовай, маліся за дар тлумачэньня.
Калі я малюся мовамі, дух мой моліцца, але розум не мае карысці.
Бо, калі я малюся на незнаёмай мове, дык, хоць дух мой і моліцца, але розум мой застаецца бяз плоду.
Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
Што ж рабіць? Пачну маліцца духам, пачну маліцца і розумам; буду сьпяваць духам, буду сьпяваць і розумам.
Дарэчы, калі ты будзеш дабраслаўляць у духу, як жа на тваё дабраславенне скажа «Амін!» хтосьці просты, бо ён не разумее, што ты гаворыш?
Бо, калі ты будзеш дабраслаўляць духам, дык той, хто стаіць на месцы простага чалавека, як скажа «амін» на тваё дзякаваньне? Бо ён не разумее, што ты кажаш.
Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы не збудоўваецца.
Ты добра дзякуеш, але другі не настаўляецца.
Дзякую Богу майму, што я больш за вас усіх гавару мовамі.
Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
Усё ж такі ў царкве хачу сказаць лепш пяць слоў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч слоў мовамі.
але ў царкве лепей хачу пяць словаў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць, чым процьму словаў незнаёмаю моваю.
Браты! Не будзьце дзецьмі розумам, але будзьце немаўлятамі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.
Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліхое будзьце немаўляты, а розумам будзьце паўналетнія.
У законе напісана: «Буду прамаўляць да гэтага народа іншымі мовамі і вуснамі іншымі, але яны і тады не паслухаюць Мяне», — кажа Госпад.
У законе напісана: «іншымі мовамі й вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюцца Мяне, кажа Гасподзь».
Дык вось, мовы ёсць знак не для веруючых, але для бязверных; прароцтва ж не для бязверных, але для веруючых.
Так што мовы — азнака ня вернікам, а няверуючым; а прароцтва — не для няверуючых, а для вернікаў.
Дык калі збярэцца ўся царква ды ўсе пачнуць гаварыць мовамі, а ў той час увойдуць неадукаваныя або бязверныя, ці ж не скажуць, што вы звар’яцелі?
Калі ўся царква сыдзецца разам і ўсе пачнуць гаварыць незнаёмымі мовамі, і ўвойдуць да вас недасьведчаныя альбо няверуючыя, — дык ці ня скажуць, што вы шалееце?
А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісьці бязверны або неадукаваны, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,
А калі ўсе прарочаць, і ўвойдзе хто няверуючы альбо недасьведчаны, дык усе яго выкрываюць, усе судзяць,
і гэтак тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: «Сапраўды, Бог з вамі!»
і такім чынам тайны сэрца ягонага выяўляюцца; і ён падае ніцма, кланяецца Богу і кажа: «у ісьціне з вамі Бог!».
Дык што ж, браты? Калі збіраецеся разам, кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае адкрыццё, мае мовы, мае тлумачэнне: усё гэта хай будзе на пабудову царквы.
Дык што ж, браты? Калі вы сыходзіцеся, і ў кожнага з вас ёсьць псальма, ёсьць павучаньне, ёсьць мова, ёсьць адкрыцьцё, ёсьць тлумачэньне, — хай ўсё гэта будзе на настаўленьне.
Калі хто гаворыць мовамі, дык хай па чарзе двое, найбольш трое, а адзін хай тлумачыць.
Калі хто гаворыць незнаёмаю моваю, гаварэце двое, ці самае большае трое, і тое паасобку, а адзін хай тлумачыць.
А калі б не было тлумачальніка, дык хай маўчыць у царкве, але сам сабе гаворыць і Богу.
Калі ж ня будзе тлумача, дык маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.
Прарокі хай прамаўляюць па двое або па трое, іншыя ж хай разважаюць.
І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а астатнія хай разважаюць;
Калі ж каму іншаму з тых, што сядзяць, будзе дадзена аб’яўленне, дык хай першы замоўкне.
калі ж каму з тых, што сядзяць, будзе адкрыцьцё, дык першы маўчы;
Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін за адным, каб усе вучыліся і ўсе былі ўсцешаны.
бо ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усім вучыцца і ўсім атрымліваць суцяшэньне.
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
І духі прарочыя слухаюцца прарокаў,
бо Бог не ёсць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых,
таму што Бог ня ёсьць Бог незлагадзі, а спакою. Так бывае ва ўсіх цэрквах у сьвятых.
жанчыны вашы ў цэрквах павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорлівыя, як і закон кажа.
Жонкі вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, а быць у паслушэнстве, як і закон кажа.
Калі яны хочуць нечаму навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчынам прамаўляць у царкве.
Калі ж яны хочуць нечагась навучыцца, хай пытаюцца пра тое дома ў мужоў сваіх; бо ня прыстойна жанчыне гаварыць у царкве.
Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?
Хіба ад вас выйшла слова Божае? Альбо да вас адных дайшло?
Калі каму здаецца, што ён прарок або духоўны, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсць загады Госпада.
Калі хто лічыць сябе прарокам альбо духоўным, той хай разумее, што я пішу вам, бо гэта запаведзі Гасподнія.
А калі хто гэтага не разумее, хай не разумее.
А хто не разумее, няхай не разумее.
Так, вось, браты, рупцеся пра дар праракавання ды не забараняйце прамаўляць на мовах.
Дык вось, браты, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце гаварыць і мовамі;
Хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.
толькі ўсё мае быць прыстойна і належна.