Да Каласянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Хачу, вось, каб вы ведалі, якую барацьбу я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Лаадыцэі, і тых, што не бачылі мяне асабіста ў целе,
Хачу, каб вы ведалі, які подзьвіг нясу я за вас і за тых, што ў Лаадыкіі (і ў Ераполі), і за ўсіх, хто ня бачыў аблічча майго ў плоці,
каб парадаваліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэння розуму, дзеля пазнання таямніцы Бога, і Айца, і Хрыста,
каб усьцешыліся сэрцы іхнія, паяднаныя ў любові, каб узбагаціліся поўным разуменьнем дзеля дасканалага спазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
у Якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны.
у Якім схаваны ўсе скарбы мудрасьці і веданьня.
Гэта ж вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступствам слоў.
Гэта кажу я дзеля таго, каб хто-небудзь ня зьвёў вас лісьлівымі словамі;
Бо хаця я адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цвёрдасць веры вашай у Хрыста.
бо, хоць і няма мяне з вамі целам, затое духам я з вамі, радуючыся і сузіраючы вашае добрае ўладкаваньне і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.
Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, у Ім і жывіце,
А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так хадзеце і ў Ім,
укаранёныя і ўбудаваныя ў Ім, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаны, узбагачаючыся ў ёй з падзякаю.
укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся ў ёй з удзячнасьцю.
Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто філасофіяй і пустым ашуканствам паводле пераказу людзей, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста.
Глядзеце, браты, каб хто ня прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце,
Бо ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,
бо ў ім жыве ўся паўната Боства цялесна,
і вы напоўнены Ім, Які ёсць галава ўсякага начальства і ўлады.
і вы маеце паўнату ў Ім, Які ёсьць галава ўсяго начальства і ўлады;
У Ім вы абрэзаны нерукатворным абразаннем, скінуўшы з цела грахі цела, у абразанні Хрыстовым,
у Ім вы і абрэзаны абразаньнем нерукатворным, калі скінулі грахоўнае цела плоці, абразаньнем Хрыстовым;
пахаваныя з Ім у хросце, вы з Ім і ўваскрэслі праз веру ў магутнасць Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых.
былі пахаваныя зь Ім у хрышчэньні, у Ім вы разам і ўваскрэсьлі вераю ў сілу Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
І вас, мёртвых у злачынствах і неабрэзанасці цела вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі,
і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і ў неабразаньні плоці вашай, ажывіў разам зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
скасаваўшы напісаную рукою пастанову, якая асуджала нас і была супраць нас, і ўзяў Яго з асяроддзя нашага, і, прыбіўшы цвікамі Яго да крыжа,
скасаваўшы вучэньнем былое пра нас рукапісаньне, якое было супроць нас, і Ён узяў яго з асяродзьдзя і цьвікамі прыбіў да крыжа;
раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў адважна на відовішча, трыумфуючы над імі ў Ім.
забраўшы сілу ў начальстваў і ўладаў, уладна паставіў іх пад ганьбу, перамогшы іх Сабою.
Дык хай ніхто вас не асуджае за ежу або пітво, або з прычыны дня святочнага, ці маладзіка, ці суботы,
Дык вось, хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво, ці за якое-небудзь сьвята, ці ў справе маладога месяца, ці суботы:
якія з’яўляюцца ценем будучага, цела ж — Хрыстова.
гэта ёсьць цень будучыні, а цела — у Хрысьце.
Ніхто няхай не пазбавіць вас узнагароды, маючы ўпадабанне ў прыніжэнні сябе і кульце анёлаў, звяртаючы ўвагу на тое, што не бачыў, марна пышачыся розумам цела свайго
Ніхто хай не ашуквае вас сваёй самавольнай удаванай пакораю і службай анёлаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, неразважліва надзімаючыся плоцкім сваім розумам
і не трымаючыся Галавы, ад Якой усё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расце ўзрастаннем Божым.
і ня трымаючыся галавы, ад якое ўсё цела, суглобамі і зьвязкамі жыўнасна злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
Дык калі вы памерлі з Хрыстом для стыхій свету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў свеце, падпарадкоўваецеся пастановам:
Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхіяў сьвету, дык чаму вы, жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
«Не чапай, не каштуй, не дакранайся»?
«не чапай», «ня еж», «ня руш»,
Гэта ўсё праз само карыстанне вынішчаецца, згодна з пастановамі і навукамі чалавечымі.
што ўсё, тлее ад ужываньня, — згодна з запаведзямі і вучэньнем чалавечым?
Гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным служэнні, у пакорлівасці, у нядбанні пра цела, у поўнай непашане да насычанасці цела.
Гэта мае толькі бачнасьць мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрай пакоры і тленьні цела, у пэўным заняхайваньні насычэньня плоці.