1 да Цімафея 4 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Дух, вось, адкрыта кажа, што ў апошнія часы некаторыя адступяцца ад веры і прыхіляцца да духаў спакусы і да навук дэманавых,
Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
крывадушна падманваючых і са спаленым сумленнем сваім,
праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
забараняючых жаніцца, ужываць у ежу стравы, якія стварыў Бог і даў тым, што пазналі праўду, каб дзякавалі Богу.
якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
Бо любое стварэнне Бога добрае, і нічога не трэба адкідаць, што з падзякаю прымаецца;
Бо кожнае стварэньне Божае — добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
бо ўсвячаецца яно праз слова Божае і малітву.
бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
Выясняючы гэта братам, будзеш добрым паслугачом Хрыста Ісуса ў словах веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся.
Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
Недарэчных і бабскіх плётак высцерагайся. Практыкуй сябе ў пабожнасці.
А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
Бо цялесныя практыкаванні мала карысныя, пабожнасць жа да ўсяго прыдатная, маючы абяцанне жыцця цяперашняга і будучага.
бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
Праўдзівае гэтае слова і вартае ўсякай увагі.
Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
Бо дзеля гэтага мы працуем і ганьбаванне церпім, што спадзяёмся на Бога жывога, Які ёсць Збаўца ўсіх людзей, а ў першую чаргу верных.
Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.
Загадвай гэта і вучы.
Прапаведуй гэта і вучы.
Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але будзь прыкладам верным у слове, у паводзінах, у любові, у духу, у веры, у чысціні.
Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
Пакуль прыбуду, займіся чытаннем, суцяшэннем, навукаю.
Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
Не занядбай даравання, якое ў табе, якое дадзена табе праз прароцтва з ускладаннем рук старэйшых.
Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
Аб гэтым думай, будзь у гэтым, каб поспех твой усім быў бачны.
Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.
Углядайся ў сябе і тое, чаму навучаеш, трывай у гэтым; бо, так робячы, і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе.
Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.