Судзьдзяў 17 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
У гарах Эфраіма быў нейкі чалавек імем Міха, які
Быў адзін чалавек на гары Яфрэмавай, імем Міха.
сказаў маці сваёй: «Тысяча сто срэбранікаў, якія ў цябе былі ўкрадзеныя і дзеля якіх, бо я чуў гэта, ты, лаючыся, праклінаеш, вось, яны ў мяне; гэта я іх узяў». Яна яму сказала: «Хай Госпад будзе дабраславёны, сын мой!»
Ён сказаў маці сваёй: тысяча сто сікляў срэбра, якія ў цябе ўзятыя і за якія ты пры мне вымавіла праклён, гэта срэбра ў мяне, я ўзяў яго. Маці ягоная сказала: дабраславёны сын мой у Госпада!
І вярнуў ён іх маці сваёй, якая сказала яму: «Гэтае срэбра прысвяціла і паабяцала я Госпаду: з рукі маёй прызначана яно для сына майго, каб ён зрабіў балвана выразанага і балвана літога з металу. І цяпер я аддаю яго табе».
І вярнуў ён маці сваёй тысячу сто сікляў срэбра. І сказала маці ягоная: гэта срэбра ад сябе я прысьвяціла Госпаду дзеля сына майго, каб зрабіць зь яго выразанага балвана і літага куміра; дык вось аддаю яго табе.
Але ён вярнуў тыя срэбранікі маці сваёй, якая ўзяла дзвесце срэбранікаў і дала іх срэбраных спраў майстру, каб зрабіў ён з іх балвана выразанага і балвана літога з металу, бо быў у доме Міхі той,
Але ён вярнуў срэбра маці сваёй. Маці ягоная ўзяла дзьвесьце сікляў срэбра, і аддала іх гутніку. Ён зрабіў зь іх выразанага балвана і літага куміра, які і быў у доме ў Міхі.
хто, маючы ў сябе бажніцу, зрабіў эфод і тэрафіма і пасвяціў аднаго з сыноў сваіх, каб быў ён у яго святаром.
І быў у Міхі дом Божы. І зрабіў ён наплечнік і тэрафім, і пасьвяціў аднаго сына свайго, каб ён быў у яго за сьвятара.
У тыя дні не было цара ў Ізраэлі, і кожны рабіў тое, што яму здавалася слушным.
У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў, што яму здавалася правільным.
Таксама быў адзін юнак у Бэтлехэме Юдэйскім з роду Юды; і быў ён левіт, і жыў там як чужынец.
Адзін хлопец зь Віфляема Юдэйскага, зь племя Юдавага, лявіт, тады жыў там.
І, пакінуўшы горад Бэтлехэм Юдэйскі, ён пажадаў вандраваць, дзе яму будзе зручна. І калі ён вандраваў, дайшоў ён на гары Эфраім аж да дома Міхі,
Гэты чалавек пайшоў з горада Віфляема Юдэйскага, каб пажыць, дзе выпадзе, і, ідучы дарогаю, прыйшоў на гару Яфрэмавую да дома Міхі.
які спытаў яго, адкуль ён? Ён адказаў: «Я левіт з Бэтлехэма Юдэйскага, іду, каб пасяліцца, дзе змагу, і ўбачыць, што мне карысна».
І сказаў яму Міха: адкуль ты ідзеш? Ён сказаў яму: я лявіт зь Віфляема Юдэйскага, і іду пажыць, дзе давядзецца.
І сказаў Міха: «Застанься ў мяне, і будзь мне бацькам і святаром, а я дам табе штогод дзесяць срэбранікаў, і маёмасць з адзення і тое, што патрэбна для харчавання».
І сказаў яму Міха: застанься пры мне, і будзь у мяне за бацьку і сьвятара; я буду даваць табе па дзесяць сікляў срэбра ў год, патрэбную вопратку і ежу.
Ён згадзіўся, і застаўся ў гэтага чалавека, і быў яму як адзін з сыноў.
Лявіт пайшоў да яго, і згадзіўся лявіт застацца ў гэтага чалавека, і быў хлопец у яго, як адзін з сыноў ягоных.
І Міха пасвяціў яго і меў таго юнака святаром у сябе, кажучы:
Міха пасьвяціў лявіта, і гэты хлопец быў у яго за сьвятара, і жыў у доме ў Міхі.
«Цяпер я ведаю, што Госпад будзе мне спагадаць, бо я маю левіта святаром».
І сказаў Міха: цяпер я ведаю, што Гасподзь будзе мне дабраволіць, бо лявіт у мяне за сьвятара.