Судзьдзяў 20 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І выйшлі ўсе сыны Ізраэля, і, як адзін чалавек, сабраліся аднолькава ад Дана да Бээр-Сэбы і з зямлі Галаад да Госпада ў Міцпу.
І выйшлі ўсе сыны Ізраілевыя, і сабралася ўсё супольства, як адзін чалавек, ад Дана да Вірсавіі, і зямля Галаадская перад Госпадам ў Масіфу.
І сабраліся ўсе народы з усіх канцоў Ізраэля і ўсе пакаленні Ізраэля на сход народа Божага: чатырыста тысяч найлепшых ваяроў.
І сабраліся правадыры ўсяго народа, усе плямёны Ізраілевыя, на сход народа Божага, чатырыста тысяч пешых, якія агалялі меч.
І не ўтаілася ад сыноў Бэньяміна, што сабраліся сыны Ізраэля ў Міцпе. І пыталі сыны Ізраэля ў левіта, як такое злачынства адбылося,
І сыны Веньямінавыя пачулі, што сыны Ізраілевыя прыйшлі ў Масіфу. І сказалі сыны Ізраілевыя: скажэце, як адбывалася гэтае ліха?
а ён адказаў: «Прыбыў я са сваёй жонкаю да Габы, што належыць Бэньяміну, і туды накіраваўся.
Лявіт, муж той забітай жанчыны, адказваў і сказаў: я з наложніцаю маёю прыйшоў начаваць у Гіву Веньямінавую;
І вось, мужчыны таго горада ноччу абкружылі дом, у якім я начаваў, хочучы мяне забіць, а жонку маю нечуваным гвалтаваннем замучылі: урэшце яна памерла.
і паўсталі на мяне жыхары Гівы і атачылі празь мяне дом уначы; мяне мерыліся забіць і наложніцу маю замардавалі, так што яна памерла;
Яе, прывезеную, я пасёк на кавалкі і паслаў часткі ва ўсе межы пасялення Ізраэля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраэлі.
я ўзяў наложніцу маю, расьсек яе і паслаў яе ва ўсе вобласьці валоданьняў Ізраілевых, бо яны ўчынілі беззаконьне і паскудную дзею ў Ізраілі;
Прысутныя тут сыны Ізраэля, вырашыце, што вы павінны зрабіць».
вось, усе вы, сыны Ізраілевыя, разгледзьце гэтую дзею і вырашыце тут.
І выступіў увесь народ, як адзін чалавек, і адказаў: «Не пойдзем мы ў палатку сваю, і ніхто не ўвойдзе ў дом,
І паўстаў увесь народ, як адзін чалавек, і сказаў: ня пойдзем ніхто ў намёт свой і ня вернемся ніхто ў дом свой;
але супольна выступім супраць Габы паводле жэрабя:
і вось, што мы зробім сёньня з Гіваю: пойдзем на яе па жэрабі;
з кожнага пакалення Ізраэля выберам дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысяч, каб яны рупіліся пра харчы для войска, для тых, хто пойдзе, каб аддаць Габе пакалення Бэньяміна адпаведна злачынству, па заслугах».
і возьмем па дзесяць чалавек са ста ад усіх плямёнаў Ізраілевых, па сто ад тысячы і па тысячы ад цьмы, каб яны прынесьлі ежы народу, які пойдзе супроць Гівы Веньямінавай, пакараць яе за паскудную дзею, якую яна ўчыніла ў Ізраілі.
І сышоўся ўвесь Ізраэль супраць таго горада, усе разам, як адзін чалавек, з адною думкаю і з адным рашэннем,
І сабраліся ўсе Ізраільцяне супроць горада аднадушна, як адзін чалавек.
і паслалі яны пасланцоў да ўсіх сыноў Бэньяміна, каб тыя сказалі: «Якое злачынства было знойдзена ў вас!
І паслалі плямёны Ізраілевыя ва ўсё племя Веньямінавае сказаць: якая гэта гнюсотная дзея ўчынена ў вас!
Выдайце тых людзей, сыноў Бэліяла з Габы, якія ўчынілі ганьбу, каб былі яны пакараныя смерцю: хай зло будзе вынішчана ў Ізраэлі». Сыны Бэньяміна не хацелі слухаць прыказанне братоў сваіх, сыноў Ізраэля,
выдайце тых распусных людзей, якія ў Гіве; мы аддамо іх сьмерці і выкарчуем зло зь Ізраіля. Але сыны Веньямінавыя не хацелі слухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраілевых;
але яны сабраліся з усіх гарадоў, што былі іх па жэрабі, у Габу, каб дапамагаць ім і ваяваць супраць усяго народа Ізраэля.
а сабраліся сыны Веньямінавыя з гарадоў у Гіву, каб пайсьці вайною супроць сыноў Ізраілевых.
І ў той дзень налічана было з гарадоў Бэньяміна тых, хто выняў меч, дваццаць шэсць тысяч, апрача жыхароў Габы, якіх было налічана семсот наймужнейшых ваяроў.
І налічылася таго дня сыноў Веньямінавых з гарадоў дваццаць шэсьць тысяч чалавек, якія агалілі меч: апрача таго з жыхароў Гівы налічана сямсот адборных;
Ва ўсім гэтым народзе было семсот чалавек адборных, якія карысталіся левай рукой замест правай і кідалі з прашчы камяні так дакладна, што патраплялі нават у волас.
з усяго народу гэтага было сямсот чалавек адборных, якія былі ляўчукі, і ўсе гэтыя, кідаючы з прашчы камень у волас, ня кідалі міма.
Таксама ваяроў Ізраэля без сыноў Бэньяміна налічвалася чатырыста тысяч тых, хто выняў меч, і здольных да бою.
А Ізраільцянаў, апрача сыноў Веньямінавых, налічвалася чатырыста тысяч чалавек, што агалялі меч; усе яны былі здольныя да вайны.
Яны паўсталі, і пайшлі ў Бэтэль, і параіліся з Богам, і сказалі: «А хто пойдзе з нас першым у бой супраць сыноў Бэньяміна ў нашым войску?» Госпад ім адказаў: «Юда пойдзе першы».
І ўсталі і пайшлі ў дом Божы, і пыталіся ў Бога і сказалі сыны Ізраілевыя: хто з нас раней пойдзе на вайну з сынамі Веньяміна? І сказаў Гасподзь: Юда наперадзе.
І зараз жа на світанні вырушылі сыны Ізраэля ў дарогу і сталі лагерам насупраць Габы;
І ўсталі сыны Ізраілевыя раніцай і атабарыліся каля Гівы;
і адтуль выйшаўшы на бой супраць сыноў Бэньяміна, яны выстраілі баявы строй супраць горада.
і выступілі Ізраільцяне на вайну супроць Веньяміна, і сталі сыны Ізраілевыя ў баявы парадак каля Гівы.
І ў той дзень сыны Бэньяміна выйшлі з Габы, і забілі з сыноў Ізраэля дваццаць дзве тысячы ваяроў.
І выйшлі сыны Веньямінавыя зь Гівы і паклалі ў той дзень дваццаць дзьве тысячы Ізраільцянаў на зямлю.
Зноў сыны Ізраэля набраліся мужнасці і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, выстраілі строй,
Але народ Ізраільскі падбадзёрыўся, і зноў сталі ў баявы парадак на тым месцы, дзе стаялі першы дзень.
а раней пайшлі [у Бэтэль] і плакалі перад абліччам Госпада аж да ночы, і шукалі ў Яго парады, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэньяміна, братамі нашымі, ці не?» Госпад ім адказаў: «Ваюйце супраць іх».
І пайшлі сыны Ізраілевыя, і плакалі перад Госпадам да вечара, і пыталіся ў Госпада: ці ўступаць мне яшчэ ў бітву з сынамі Веньяміна, брата майго? Гасподзь сказаў: ідзеце супроць яго.
І калі на другі дзень сыны Ізраэля пайшлі на бой супраць сыноў Бэньяміна,
І падступілі сыны Ізраілевыя да сыноў Веньяміна ў другі дзень.
сыны Бэньяміна выйшлі з Габы і, зноў сутыкнуўшыся з імі, у гэты раз забілі васемнаццаць тысяч ізраэльцаў, што вынялі меч.
Веньямін выступіў супроць іх з Гівы на другі дзень, і яшчэ паклалі на зямлю з сыноў Ізраілевых васемнаццаць тысяч чалавек, што агаляюць меч.
Дзеля таго ўсе сыны Ізраэля, увесь народ, пайшлі ў Бэтэль і, седзячы, плакалі перад Госпадам, і пасцілі ў той дзень аж да вечара, і прыносілі ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння,
Тады ўсе сыны Ізраілевыя і ўвесь народ пайшлі і прышлі ў дом Божы і, седзячы там, плакалі перад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень да вечара, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры прад Госпадам.
і пыталіся ў Яго аб сваім становішчы. У той час быў там каўчэг запавету Госпада,
І пыталіся сыны Ізраілевыя ў Госпада,
служыў перад Госпадам Пінхас, сын Элеязэра, сына Аарона. Такім чынам, раіліся яны з Госпадам і казалі: «Ці павінны мы яшчэ ісці ваяваць супраць сыноў Бэньяміна, братоў нашых, ці павінны мы скарыцца?» Госпад ім адказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашы».
ці выходзіць мне яшчэ на бітву з сынамі Веньяміна, брата майго, ці не? Гасподзь сказаў: ідзеце: Я заўтра аддам яго ў рукі вашыя.
Тады сыны Ізраэля паставілі кругом горада засады;
І паставіў Ізраіль засаду вакол Гівы.
і на трэці дзень вывелі яны войска супраць сыноў Бэньяміна, падобна як у першы і другі раз.
І пайшлі сыны Ізраілевыя на сыноў Веньяміна на трэці дзень і сталі ў баявы парадак перад Гіваю, як раней.
Але і сыны Бэньяміна мужна напалі з горада і супраціўнікаў, што беглі, пераследавалі даволі доўга, так што ранілі іх, як у першы і другі дзень, і забівалі ўцекачоў на дзвюх дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Габу, і па палях, і забілі каля трыццаці ваяроў;
Сыны Веньямінавыя выступілі супроць народу і аддаліліся ад горада, і пачалі, як раней, забіваць з народу на дарогах, зь якіх адна ідзе да Вэтыля, а другая да Гівы полем, і забілі да трыццаці чалавек зь Ізраільцянаў.
бо думалі сыны Бэньяміна, што, як звычайна, будуць забіваць іх. Ізраэльцы, умела прыкідваючыся, што ўцякаюць, вырашылі адцягнуць іх ад горада і адвесці іх на тыя дарогі.
І сказалі сыны Веньямінавыя: яны падаюць перад намі, як і раней. А сыны Ізраілевыя сказалі: пабяжым ад іх і адцягнем іх ад горада на дарогі.
Такім чынам, усе сыны Ізраэля, устаўшы са сваіх месцаў, выстраілі строй у месцы, якое завецца Баал-Тамар. Засады, што былі вакол горада, пачалі паступова выходзіць са сховаў і выступаць ад заходняй часткі горада.
І ўсе Ізраільцяне ўсталі з свайго месца і выстраіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраілевая кінулася са свайго месца, з заходняга боку Гівы.
Але і іншыя дзесяць тысяч чалавек ад усяго Ізраэля выклікалі жыхароў горада на бой. І пачаўся жорсткі бой супраць сыноў Бэньяміна, і яны не разумелі, што з усіх бакоў ідзе на іх пагібель.
І прыйшлі да Гівы дзесяць тысяч чалавек адборных з усяго Ізраіля, і пачалася жорсткая бітва; але сыны Веньяміна ня ведалі, што іх чакае бяда.
І пабіў іх Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля, і забілі іх у той дзень дваццаць пяць тысяч сто чалавек, усіх ваяроў і тых, хто выняў меч.
І пабіў Гасподзь Веньяміна перад Ізраільцянамі, і паклалі ў той дзень Ізраільцяне з сыноў Веньяміна дваццаць пяць тысяч сто чалавек, што агалілі меч.
Калі ж сыны Бэньяміна ўбачылі, што яны слабейшыя, пачалі ўцякаць. Сыны Ізраэля, бачачы гэта, далі ім прастору для ўцёкаў, каб яны прыйшлі да прыгатаванай засады, якую зрабілі яны каля горада.
Калі сыны Веньяміна ўбачылі, што яны пабітыя, тады Ізраільцяне саступілі месца сынам Веньяміна, бо спадзяваліся на засаду, якую яны пакінулі паблізу Гівы.
У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Габу, і, уварваўшыся ў горад, пазабівалі вастрыём меча ўсіх, што былі ў горадзе.
А засада пасьпяшалася і памкнулася да Гівы, і ўступіла і пабіла ўвесь горад мечам.
А сыны Ізраэля далі знак тым, каго памясцілі ў засадзе, каб пасля яны захапілі горад і падпалілі яго, каб, калі дым вырушыць угору, паказаў, што горад захоплены.
Ізраільцяне паставілі з засадаю ўмоўленым знакам да нападу дым слупам з горада.
Такім чынам, сыны Ізраэля пачалі ўцякаць у самы час бою, і сыны Бэньяміна, думаючы, што яны перамаглі іх, як у папярэднім баі, забілі з іх войска каля трыццаці ваяроў.
І вось, калі Ізраільцяне адступілі зь месца бітвы, і Веньямін пачаў пабіваць і пабіў Ізраільцянаў да трыццаці чалавек і казаў: «зноў падаюць яны перад намі, як і ў ранейшых бітвах»,
Калі ж слуп дыму пачаў падымацца ад горада і Бэньямін, таксама азірнуўшыся назад, заўважыў, што полымя ад горада падымаецца ў неба,
тады пачаў падымацца з горада дым слупам. Веньямін азірнуўся назад, і вось, дым ад усяго града падымаецца ў неба.
і калі людзі Ізраэля павярнуліся, людзі Бэньяміна ўстурбаваліся, бо ўбачылі, што яны ахоплены ліхам.
Ізраільцяне вярнуліся, а Веньямін спалохаўся, бо ўбачыў, што спасьцігла яго бяда.
І пачалі ўцякаць, і пайшлі дарогай у бок пустыні, але і там супраціўнікі іх таксама пераследавалі іх. Таксама і тыя, што запалілі горад, нападалі на іх.
І пабеглі яны ад Ізраільцянаў па дарозе да пустыні; але сеча перасьледавала іх, і тыя, што выходзілі з гарадоў, пабівалі іх там;
І так сталася, што з абодвух бакоў забівалі іх ворагі і не было для іх ніякага супакою. Забівалі іх аж да ўсходняй часткі горада Габы.
атачылі Веньяміна і перасьледавалі яго да Мэнухі і пабівалі да самага ўсходняга боку Гівы.
Былі ж тыя, каго страціў Бэньямін, васемнаццаць тысяч чалавек, усе ваяры найдужэйшыя.
І загінула з сыноў Веньяміна васямнаццаць тысяч чалавек, людзей дужых.
Хто застаўся, той уцёк у пустыню і накіраваўся да скалы пад назваю Рэмон. І, паколькі яны ўсё больш разбрыдаліся, яны іх пераследавалі і забілі на дарогах пяць тысяч чалавек. І калі яны настойліва пераследавалі іх да Гадаама, яны забілі таксама другія дзве тысячы чалавек.
Астатнія павярнуліся і пабеглі да пустыні, да скалы Рымона, і пабілі яшчэ на дарогах пяць тысяч чалавек; і гналіся за імі да Гідома і яшчэ забілі зь іх дзьве тысячы чалавек.
І здарылася так, што ўсіх бэньямінцаў палегла ў той дзень у розных месцах дваццаць пяць тысяч ваяроў, што былі цалкам падрыхтаваны да бою.
А ўсіх сыноў Веньямінавых, якія загінулі ў той дзень, было дваццаць пяць тысяч чалавек, што агалілі меч, і ўсе яны былі мужчыны дужыя.
Такім чынам, шэсцьсот чалавек засталіся з усёй колькасці Бэньяміна, якія змаглі ўратавацца і ўцячы ў пустыню, і сядзелі яны на скале Рэмон чатыры месяцы.
І ўцяклі астатнія ў пустыню, да скалы Рымона, шэсьцьсот чалавек, і заставаліся там у каменнай гары Рымоне чатыры месяцы.
А сыны Ізраэля вярнуліся і забілі мечам усіх астатніх жыхароў горада, пачынаючы ад мужчын і аж да жывёлы, а ўсе гарады і ваколіцы паглынула ненаеднае полымя.
А Ізраільцяне зноў пайшлі да сыноў Веньямінавых і пабілі іх там, і людзей у горадзе, і быдла, і ўсё, што ні сустракалася, і ўсе, што былі на дарозе, гарады спалілі агнём.