1 царстваў 27 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Давід у сэрцы сваім: «Аднойчы, у нейкі дзень, траплю я ў рукі Саўла; ці не лепш мне ўцячы і ўратавацца ў зямлі філістынцаў, каб адчаяўся Саўл і перастаў ва ўсіх межах Ізраэля цікаваць на мяне. Так я ўхілюся ад рук яго».
І сказаў Давід у сэрцы сваім: калі-небудзь траплю я ў рукі Саўлу, і няма мне нічога лепшага, як уцячы ў зямлю Філістымскую; і адчэпіцца ад мяне Саўл і ня будзе шукаць мяне болей па ўсіх межах Ізраільскіх, і я выратуюся ад рукі ягонай.
І сабраўся Давід, і пайшоў сам і шэсцьсот чалавек разам з ім да Ахіса, сына Маоха, цара Гета.
І ўстаў Давід, і выправіўся сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім, да Анхуса, сына Маоха, цара Гэцкага.
І абжыўся Давід з Ахісам у Геце, сам і ваяры яго, кожны са сваёй сям’ёй: Давід з дзвюма жонкамі сваімі, Ахінаам з Езрагэля і з Абігайль, якая была жонкай Набала з Кармэля.
І жыў Давід у Анхуса ў Гэце, сам і людзі ягоныя, кожны зь сям’ёю сваёю, Давід і абедзьве жонкі ягоныя — Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.
І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гет, і ён перастаў шукаць яго.
І данесьлі Саўлу, што Давід уцёк у Гэт, і перастаў ён болей шукаць яго.
А Давід сказаў Ахісу: «Калі знайшоў я ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог абжыцца там. Бо навошта паслугач твой мае жыць з табою ў горадзе цара?»
І сказаў Давід Анхусу: калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, дык няхай дадзена будзе мне месца ў адным з малых гарадоў, і я буду жыць там; навошта рабу твайму жыць у царскім горадзе разам з табою?
Такім чынам, даў яму Ахіс у той дзень Сікэлаг; таму Сікэлаг стаўся горадам цароў юдэйскіх аж да гэтага дня.
Тады даў яму Анхус Сэкелаг; таму Сэкелаг і застаўся за царамі Юдэйскімі да сёньня.
А тэрмін, які пражыў Давід у зямлі філістынцаў, быў год і чатыры месяцы.
Усяго часу, які пражыў Давід у краіне Філістымскай, было год і чатыры месяцы.
І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і меў здабычу з гэсурцаў, і з гергесеяў, і з Амалека; бо гэтыя народы жылі на зямлі Тэлем пры дарозе на Сур і аж да зямлі Егіпта.
І выходзіў Давід зь людзьмі сваімі і нападаў на Гесуранаў і Гірзэянаў і Амалікіцянаў, якія здаўна насялялі гэтую краіну да Сура і да зямлі Егіпецкай.
І пустошыў Давід усю зямлю, і не пакідаў жывымі ані мужчыны, ані жанчыны; і забіраў авечак, і валоў, і аслоў, і вярблюдаў, і адзенне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіса.
І спусташаў Давід тую краіну, і не пакідаў жывых ні мужчыны, ні жанчыны, і забіраў авечак і валоў, і аслоў і вярблюдаў і вопратку, і вяртаўся і прыходзіў да Анхуса.
Пытаўся ж у яго Ахіс: «На каго нападалі вы сёння?» І Давід адказваў: «На Нагэб Юды, і на Нагэб Ерамээля, і на Нагэб кінэйскі».
І сказаў Анхус Давіду: на каго нападалі сёньня? Давід сказаў: на паўднёвую краіну Юдэі і на паўднёвую краіну Ерахмээла і на паўднёвую краіну Кенэі.
Ані мужчыны, ані жанчыны не шкадаваў Давід і не прыводзіў іх у Гет, кажучы: «Каб часам не сказалі на нас: “Гэта зрабіў Давід”». І гэта было галоўнае правіла яго ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне філістынцаў.
І не пакідаў Давід жывых ні мужчыны, ні жанчыны і ня прыводзіў у Гэт, кажучы: яны могуць данесьці на нас і сказаць: так зрабіў Давід, і такі лад дзеяў ягоных праз увесь час, пакуль ён жыве ў краіне Філістымскай.
Такім чынам, давяраў Ахіс Давіду, кажучы: «Стаўся ён ненавісным народу свайму, Ізраэлю; таму будзе ён мне паслугачом вечным».
І даверыўся Анхус Давіду, кажучы: ён збрыдзеў народу свайму Ізраілю і будзе слугою маім вечна.