Ісаі 48 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Слухайце гэта, доме Якуба, якія называецеся імем Ізраэля і якія паходзіце з вытокаў Юды; вы, што прысягаеце ў імя Госпада і Бога Ізраэля прызываеце, ды не ў праўдзе і не ў справядлівасці.
 

З горада Святога пакліканы яны, і апіраюцца на Бога Ізраэля; імя Яго — Госпад Магуццяў.
 

«Падзеі ранейшыя даўно вам абвясціў, і з вуснаў Маіх яны выйшлі, і Я даў пачуць іх; раптам стаў дзейнічаць, і збыліся.
 

Ведаў вось Я, што ўпорысты ты і што карак твой — жалезная жыла, а чало тваё меднае.
 

Прадказаў я табе даўно, перш, чым збыліся, паказаў табе, каб часам не сказаў ты: “Ідал мой гэта зрабіў, ды скульптура мая і статуя загадалі пра гэта”.
 

Ты чуў і пабачыў усё гэта, ці ж цяпер гэтага не абвесціш? Даю цяпер табе пачуць новае і схаванае, чаго не ведаеш.
 

Толькі што створаны, а не даўно, ды перад днём іх, а ты не чуў пра іх, каб часам не сказаў: “Вось, я ведаў пра іх”.
 

Ані ты чуў, ані ведаў, ані тады адкрылася вуха тваё; бо ведаю, што ты пераваротна крывіш душою і завуць цябе парушальнікам ад улоння.
 

Дзеля імя Майго аддалю абурэнне Сваё і дзеля славы Сваёй стрымаю Сябе адносна цябе, каб цябе не знішчыць.
 

Вось жа, пераплавіў Я цябе, але не як срэбра, выпрабаваў цябе ў печы ўбогасці.
 

Дзеля Мяне, дзеля Мяне так учыню, каб не быў зняважаны; і славы Сваёй не аддам іншаму.
 

Слухай Мяне, Якубе, ды Ізраэлю, якога Я паклікаў; Я, Я — першы, і Я — апошні.
 

Рука Мая заснавала зямлю, і Мая правіца распасцёрла неба. Я клічу іх, і яны становяцца разам.
 

Збярыцеся вы ўсе і слухайце: хто з іх абвясціў гэтыя рэчы? Госпад узлюбіў Яго; ён споўніць волю Яго над Бабілонам і руку Яго [уздыме] над халдэямі.
 

Я, Я сказаў і паклікаў яго; прывёў яго, і паспяховым быў шлях яго.
 

Ідзіце да Мяне і паслухайце вось што: не ў скрытасці гаварыў Я ад пачатку, з таго часу, як гэта споўнілася, Я быў там; а цяпер паслаў Мяне Госпад Бог разам з Духам Сваім».
 

Вось што кажа Госпад, Адкупіцель твой, Святы Ізраэлеў: «Я — Госпад, Бог твой, вучу цябе карысным рэчам, кіруючы табой у дарозе, якою ідзеш.
 

О, каб зважаў ты на Мае прыказанні! Стаўся б твой супакой, як рака, а справядлівасць твая, як марскія хвалі,
 

і былі б твае нашчадкі, як пясок, а парасткі ўлоння твайго, як яго зярняты, ніколі б не было знішчана і сцёрта імя тваё перад абліччам Маім».
 

Выходзьце з Бабілона, уцякайце ад халдэяў, гоманам радасці абвяшчайце; дайце пачуць пра гэта, разносце [навіну] пра тое аж на ўскрай зямлі, кажыце: «Госпад выкупіў слугу свайго Якуба».
 

Не чулі смагі, калі вёў іх праз пустыню; вывеў ім ваду са скалы, і рассек скалу, і паліліся воды.
 

«Бязбожнікам жа няма супакою», — кажа Госпад.