Ёіля 2 разьдзел

Кніга прарока Ёіля
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Трубіце трубой на Сіёне, галасіце на святой гары Маёй. Хай дрыжаць усе жыхары зямлі, бо надыходзіць дзень Госпадаў, бо ён ужо блізка.
 

Дзень цемры і змроку, дзень хмарны і мглісты. Як зараніца ранняя над узгоркамі, народ шматлікі і моцны: падобнага да яго не было ад пачатку, і па ім болей не будзе аж да будучых пакаленняў.
 

Перад ім агонь пажырае, а за ім палае полымя. Як сад Эдэнскі зямля перад ім, а за ім — стэп пусты; і нічому не будзе ратунку ад яго.
 

Выгляд яго падобны да выгляду коней, і імчаць яны, як коннікі.
 

Узлятаюць яны над вяршынямі гор, быццам гоман калясніц, быццам гоман полымя агню, які паліць іржышча, як народ магутны, падрыхтаваны да бою.
 

Перад абліччам яго задрыжаць народы, ва ўсіх твары збялеюць.
 

Як барацьбіты, бягуць яны і, як ваяры, лезуць на мур; кожны ідзе сваёй дарогаю, і не збочваюць са сваіх сцежак.
 

Адзін аднаму не замінае, кожны ідзе сваім шляхам; яны прарываюцца праз стрэлы, і гэта ім не шкодзіць.
 

Урываюцца ў горад, падымаюцца на мур, узыходзяць на дамы, улазяць праз вокны, як злодзеі.
 

Перад абліччам яго трасецца зямля, дрыжаць нябёсы, цямнеюць сонца і месяц і зоркі губляюць свой бляск.
 

І Госпад падае Свой голас перад абліччам войска Свайго, бо надзвычай вялікі лагер Яго, бо ён магутны ў выкананні волі Яго; бо вялікі ёсць дзень Госпадаў і вельмі страшны. Хто вытрымае яго?!
 

«Дык цяпер, — кажа Госпад, — павярніцеся да Мяне ўсім сэрцам вашым праз пост, і плач, і бедаванне.
 

І раздзірайце сэрцы вашы, а не вопратку вашу, і павярніцеся да Госпада, Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, цярплівы і шматлітасцівы, і спагадны ў нядолі».
 

Хто ведае, ці не адумаецца Ён, і ці не даруе, і ці не пакіне па Сабе дабраславенне — ахвяры хлебныя і вадкія Госпаду, Богу вашаму?
 

Трубіце ў трубу на Сіёне, прызначце пост, склічце сход.
 

Збярыце народ, абвясціце святы сход, запрасіце старых, збярыце дзяцей і немаўлят; хай выйдзе жаніх са святліцы сваёй і нявеста з пакоя свайго.
 

Паміж прысенкамі і ахвярнікам хай плачуць святары, паслугачы Госпадавы, ды хай кажуць: «Пашкадуй, Госпадзе, народ Свой, і не давай спадчыны Сваёй на здзекі, каб не панавалі над імі пагане. Нашто ж, каб казалі між народамі: “Дзе ж Бог іх?”»
 

І ўзгарэўся Госпад рупліва любоўю апекі да зямлі Сваёй, і пашкадаваў Ён народ Свой.
 

І адказаў Госпад, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа, і віно, і алей, і будзеце вы насычаны імі; і не аддам вас больш на здзек паганам,
 

і таго, што з поўначы, Я аддалю ад вас далёка, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю дружыну яго — да ўсходняга мора, а заднюю — да мора заходняга». І падымецца ад іх смурод, і застанецца гнілізна па іх, бо ўчыніў Ён вялікае.
 

Не бойся, зямля! Радуйся і весяліся, бо вялікае ўчыніў Госпад.
 

Не бойцеся, звяры палявыя, бо зазелянелі пашы ў пустыні, бо дрэва прынесла плады свае, дрэва фігавае і вінаград далі плён свой.
 

І вы, сыны Сіёна, радуйцеся і цешцеся ў Госпадзе, Богу вашым, бо Ён даў вам паводле справядлівасці дождж і ўчыніў, каб праліўся на вас дождж ранні і дождж позні, як і раней.
 

І такі вашы будуць запоўнены збожжам, а тоўчні перапоўняцца вінаградным сокам і алеем.
 

«І Я ўзнагароджу вас за тыя гады, у якія нішчыла вас саранча, вусені, чэрві і жукі — вялікае войска Маё, якое Я паслаў на вас.
 

І тады будзеце есці, спажываючы, і наясцеся, і будзеце хваліць імя Госпада, Бога вашага, Які ўчыніў з вамі дзіўныя рэчы, і народ Мой не будзе асаромлены.
 

І будзеце ведаць вы, што Я ёсць сярод Ізраэля, і што Я — Госпад, Бог ваш, і няма іншага; і народ Мой не будзе больш асаромлены на векі.
 

А пасля гэтага будзе: вылью Я Духа Майго на кожнае цела, і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і старыя вашы будуць бачыць сны, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы.
 

Ды нават на слуг Маіх і на служанак вылью ў тыя дні ад Духа Майго.
 

І дам цуды на небе ды знакі на зямлі: кроў, і агонь, і слупы дыму.
 

Сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны.
 

І будзе: кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены, бо на гары Сіён і ў Ерузаліме будзе збаўленне, як сказаў Госпад, і сярод ухаваных — тыя, якіх Госпад паклікаў.