Захарыі 2 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І падняў вочы свае і ўбачыў: і вось, чалавек, у руцэ якога землямерная вяроўка.
 

І я запытаўся: «Куды ты ідзеш?» І ён адказаў мне: «Хачу вымераць Ерузалім, каб пазнаць: якая яго шырыня і якая яго даўжыня».
 

І вось, анёл, які гаварыў да мяне, выйшаў, і другі анёл выйшаў яму насустрач; і яму ён сказаў: «Паспяшайся,
 

скажы юнаку таму, кажучы: “Ерузалім застанецца без муроў дзеля мноства людзей і жывёлы ў ім”.
 

“І Я яму буду, — кажа Госпад, — агністым мурам вакол і праслаўлюся пасярод яго.
 

Бяда, бяда! Уцякайце з паўночнае зямлі, — кажа Госпад, — бо на чатыры вятры нябесныя Я расцерушыў вас”, — кажа Госпад».
 

Гора табе, Сіёне, уцякай, які пражываеш у дачкі Бабілона!
 

Бо вось што кажа Госпад Магуццяў дзеля Яго славы паслаў Ён Мяне да народаў, якія абрабавалі вас: «“Хто кране вас, той кране зрэнку вока Майго.
 

Бо вось, падыму Я руку Сваю супраць іх, і яны стануць здабычай паслугачоў сваіх; і пазнаеце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне”.
 

“Радуйся і цешся, дачка Сіёна! Бо Я ўжо іду і пасялюся сярод цябе, — кажа Госпад. —
 

І ў той дзень многія народы звернуцца да Госпада і будуць Яму народам. І абжывуся ў цябе, і ты будзеш ведаць, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да цябе”».
 

І будзе валодаць Госпад Юдаю, Сваёй спадчынай у святой зямлі, і выбера Сабе зноў Ерузалім.
 

Хай замаўчыць усякі чалавек перад абліччам Госпада, бо паўстаў Ён са святога Свайго жытла.