Захарыі 3 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І паказаў мне Ісуса, вялікага сярод святароў, які стаяў перад анёлам Госпада; і шатан стаяў з правага боку ад яго, каб супрацьстаяць яму.
 

І сказаў анёл Госпадаў шатану: «Наракае на цябе Госпад, шатан! І наракае Госпад на цябе, які выбраў Ерузалім! Ці ж ён не галавешка, выхапленая з агню?»
 

І Ісус быў апрануты ў забруджанае адзенне і стаяў перад анёлам.
 

Ён адказаў і сказаў тым, якія стаялі перад ім, кажучы: «Здыміце з яго бруднае адзенне». І сказаў ён яму: «Вось, я забраў ад цябе правіннасць тваю; апрану цябе ў іншае адзенне».
 

І ўсклалі на галаву яго прыгожы кідар, і апранулі яго ў шаты; і анёл Госпадаў стаяў.
 

І засведчыў анёл Госпадаў Ісусу, кажучы: «Вось што кажа Госпад Магуццяў:
 

“Калі ты будзеш хадзіць па Маіх дарогах і калі захаваеш службу Маю, то ты таксама будзеш судзіць дом Мой і будзеш пільнаваць Мае панадворкі; і залічу цябе ў лік тых, што стаяць тут зараз.
 

Слухай, Ісусе, першасвятару, ты і прыяцелі твае, якія сядзяць перад табою, яны бо праракуюць. Бо Я, вось, прыводжу паслугача майго — Парастка.
 

Вось бо камень, які кладу перад Ісусам: на тым камені сем вачэй; Я, вось, выражу выяву яго і ў адзін дзень скасую правіннасць гэтае зямлі, — кажа Госпад Магуццяў.
 

У той дзень — прадказанне Госпада Магуццяў, — пакліча сябар сябра свайго ў засень вінаграду і фігавага дрэва”.