Быццё 50 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І Язэп прыпаў да твару бацькі, і плакаў, і цалаваў яго.
 
І прыпаў Язэ́п да аблічча бацькі свайго, заплакаў на ім і пацалаваў яго.

І загадаў паслугачам сваім, лекарам, каб забальзамавалі яго бацьку.
 
І загадаў Язэ́п слугам сваім, пахавальнікам, забальзамаваць бацьку свайго, і забальзамавалі пахавальнікі Ізраэ́ля.

І прайшло сорак дзён, пакуль яны споўнілі загад, бо такі быў звычай бальзамавання памерлых. І аплаквалі яго жыхары Егіпта семдзесят дзён.
 
І споўніліся сорак дзён, бо так вылічваюцца дні пахавання, і аплакваў яго Егі́пет семдзесят дзён.

Па заканчэнні часу жалобы Язэп прамовіў да сям’і фараона: «Калі я знайшоў ласку ў вас, скажыце фараону,
 
Калі ж мінулі дні плачу, загаварыў Язэ́п з саноўнікамі фараона, кажучы: “Калі знайшоў я ласку перад абліччам вашым, давядзіце да вушэй фараона, мовячы,1

што бацька узяў з мяне прысягу, кажучы: “Вось, я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаан, пахавай мяне”. Дык я вось цяпер пайду, пахаваю бацьку свайго і вярнуся».
 
што бацька мой узяў клятву з мяне, кажучы: у магільні, якую выкапаў сабе ў зямлі Ханаа́н, там мяне пахаваеш. Дык цяпер пайду і пахаваю бацьку свайго ды вярнуся”.

Фараон сказаў яму: «Ідзі і пахавай бацьку свайго, як прысягнуў яму».
 
І адказаў фараон: “Ідзі, пахавай бацьку твайго, як пакляўся яму”.

І калі Язэп выправіўся, пайшлі з ім усе паслугачы фараона, старцы дому яго, і ўсе старэйшыя гадамі зямлі Егіпецкай,
 
І пайшоў Язэ́п пахаваць бацьку свайго, і выправіліся з ім усе слугі фараона, і старэйшыя дому яго, і старэйшыя зямлі Егі́пта,

сям’я Язэпа з яго братамі, за выключэннем дзяцей і статкаў, якія засталіся ў зямлі Гашэн.
 
і ўвесь дом Язэ́па, і браты, і ўвесь дом бацькаў, аднак радню, і авечак, і валоў пакінуў у зямлі Ге́сем.

Меў ён таксама пры сабе калясніцы і коннікаў, і сабраўся немалы натоўп.
 
І рушылі за ім і калясніцы, і вершнікі, і быў табар даволі вялікі.

І прыбылі яны ў Гарэнатадa, месца, што знаходзіцца за Ярданам, там справілі пахаванне з лямантам вялікім і плакалі несупынна сем дзён.
 
І прыбылі да гумна Ата́д, што знаходзілася па той бераг Ярда́на, і аплаквалі яго плачам вялікім ды вельмі моцным. І галасілі па бацьку свайму сем дзён.

Калі гэта ўбачылі жыхары зямлі Ханаан, казалі: «Гэта вялікая жалоба егіпцян», і дзеля таго названа тое месца Абэл-Міцраімb.
 
І пачулі жыхары зямлі Ханаа́н енк ля гумна Ата́д, і сказалі: “Гэта вялікі плач егіпця́наў”. Праз гэта назвалі Плач Егіпця́наў мясціну, што па той бок Ярда́на.

І зрабілі сыны Якуба так, як ім ён загадаў.
 
І зрабілі [бацьку] так сыны яго, і пахавалі яго там.

І занеслі яго ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры Махпэла, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасць для пахавання ад Эфрона Хетыта, насупраць Мамрэ.
 
І ўзялі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаа́н, і пахавалі ў падвойнай пячоры, што прыдбаў Абрага́м, пячоры ад Эфро́на хетэ́я, насупраць Ма́мбры.2

Пахаваўшы бацьку, вярнуўся Язэп у Егіпет з братамі сваімі і з усёй дружынай.
 
І вярнуўся Язэ́п у Егі́пет, ён і браты яго, якія хадзілі пахаваць бацьку свайго.

Па смерці бацькі Якуба браты Язэпа баяліся і казалі паміж сабой: «Каб часам не ўспомніў ён пра несправядлівасць, ад якой пацярпеў, ды не адпомсціў нам за ўсё ліха, што мы ўчынілі».
 
Убачылі ж браты Язэ́па, што сканаў бацька іх, і сказалі: “Каб не адпомсціў нам Язэ́п і не адплаціў нам за ўсё ліха, што ўчынілі яму”.

І перадалі яму, кажучы: «Бацька твой загадаў нам перад смерцю,
 
І прыйшлі да Язэ́па, кажучы: “Бацька твой вырак перад смерцю сваёю, прамаўляючы, —

каб мы табе яго словамі сказалі: “Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваіх, і грэх, і ліха, якога дапусціліся адносна цябе”. Мы таксама просім, каб паслугачам Бога бацькі твайго дараваў ты гэтую несправядлівасць». Выслухаўшы іх, Язэп заплакаў.
 
так скажыце Язэ́пу, адпусці ім несправядлівасць і грэх іх, бо ліхое табе зрабілі. Дык цяпер адпусці хібу слугаў Божых бацькі твайго”. І заплакаў Язэ́п, калі яны казалі яму.

І прыйшлі да яго браты яго і, упаўшы перад ім, казалі: «слугі мы твае».
 
І прыйшлі да яго, гаворачы: “Вось, мы твае слугі”.

Ён ім адказаў: «Не бойцеся. Ці ж можам працівіцца волі Божай!
 
І адказаў ім Язэ́п: “Не бойцеся, бо Богу належу я.

Вы задумалі для мяне благое, а Бог перамяніў яго на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, і каб уратаваць многія народы.
 
Вы мелі супраць мяне ліхое, аднак Бог меў адносна мяне добрае, дзеля таго, каб сталася як цяпер, каб накарміць народ вялікі”.

Не бойцеся: я буду карміць вас і дзяцей вашых». І суцешыў ён іх, ласкава і зычліва гаворачы з імі.
 
І сказаў ім: “Не бойцеся, я накармлю вас і сем’і вашыя”. І суцешыў іх, і прамаўляў ім да сэрца.

І жыў ён у Егіпце з усёй сям’ёй бацькі свайго, і пражыў сто дзесяць гадоў,
 
І пасяліўся Язэ́п у Егі́пце, ён, і браты яго, і ўвесь дом бацькі яго. І жыў Язэ́п сто дзесяць гадоў.

і бачыў сыноў Эфраіма аж да трэцяга пакалення. Таксама дзеці Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на калені Язэпа.
 
І пабачыў Язэ́п дзяцей Эфраі́ма ажно да трэцяга калена, і сыны Махі́ра, сына Мана́сіі, нарадзіліся на лоне Язэ́па.

Калі ж гэта прамінула, сказаў ён братам сваім: «Пасля смерці маёй Бог адведае вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, якую паабяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу».
 
І паведаміў Язэ́п братам сваім, кажучы: “Я паміраю. Прыйсцямі наведае ж вас Бог і выведзе вас з зямлі гэтай у зямлю, якую абяцаў Бог айцам нашым Абрага́му, і Ісаа́ку, і Яку́бу.

І калі ўзяў ён прысягу з іх і сказаў: «Бог адведае вас; забярэце з сабой мае косці з гэтага месца»,
 
І запавёў Язэ́п сынам Ізраэ́ля, кажучы: “Праз прыйсці, якімі наведае вас Бог, вынесеце косткі мае адсюль з сабою”.

то памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальзамавалі цела яго, і паклалі ў скрыню ў Егіпце.
 
І памёр Язэ́п стадзесяцігадовым, і пахавалі яго, і паклалі яго ў труну ў Егі́пце.