Псалтыр 107 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо на векі міласэрнасць Яго.
 

Хай скажуць тыя, якія былі адкуплены Госпадам, якіх Ён адкупіў з рукі праціўніка.
 

і сабраў іх з [розных] краін, з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора.
 

Яны блудзілі па пустыні, па бязлюддзі, не знаходзілі дарогі да горада абжытага.
 

Адчувалі голад і смагу, душа іх змарнела ў іх.
 

І пачалі яны ўсклікаць да Госпада, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх.
 

І вывеў іх простай дарогай, каб дайшлі да горада абжытага.
 

Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых,
 

бо насыціў Ён душу таго, хто адчуваў смагу, і напоўніў дабротамі душу, што моцна прагне.
 

Сядзелі яны ў цемры і ў цені смерці, звязаныя галечай і жалезам,
 

бо паднялі яны бунт супраць слоў Бога і пагардзілі парадай Найвышэйшага.
 

І ўпакорыў Ён сэрца іх пакутамі, саслабелі яны і не было нікога, хто ўспамог бы.
 

І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх.
 

І вывеў іх з цемры і з ценю смерці ды паламаў іх путы.
 

Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых,
 

бо разбіў Ён бронзавыя брамы і выламаў жалезныя запоры.
 

Сталіся яны бязглуздымі на шляху несправядлівасці сваёй і за беззаконнасці свае былі прыніжаны;
 

ад любой ежы адмовілася душа іх і наблізіліся яны да самых брамаў смерці.
 

І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вызваліў іх з няшчасцяў іх.
 

Паслаў Сваё слова і аздаравіў іх і вырваў іх з пагібелі іх.
 

Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых,
 

хай складаюць ахвяру падзякі і хай абвяшчаюць справы Яго з радасцю.
 

Тыя, што на караблях пусціліся ў мора, тыя, што займаюцца працай на вялікіх водах,
 

самі бачылі справы Госпада і цуды Яго ў глыбінях.
 

Сказаў Ён і ўзняў віхуру навальніцы, і пачалі ўздымацца хвалі Яго.
 

Уздымаліся аж пад неба і ападалі зноў на ніз, душа іх млела ў ліхой прыгодзе.
 

Устрывожыліся яны і захісталіся, як п’яны, і паглынута была ўся іх мудрасць.
 

І пачалі яны ўсклікаць да Бога, калі прыцяснялі іх, і Ён вывеў іх з няшчасцяў іх.
 

І асадзіў Ён навальніцу Яго ў лёгкі ветрык, і суцішыліся хвалі Яго.
 

І ўзвесяліліся, што яны сціхлі, і вывеў Ён іх у гавань іх жадання.
 

Хай вызнаюць Госпада за Яго міласэрнасць і за Яго цуды для сыноў чалавечых.
 

І хай узносяць Яго на сходзе народа ды на пасяджэнні старшынаў хай хваляць Яго.
 

Рэкі змяніў Ён у пустыню, а аазісы — у пустую зямлю,
 

урадлівую зямлю — у салёны стэп дзеля ліхасці жыхароў яе.
 

Змяніў Ён пустыню ў вадаёмы, а зямлю сухую — у аазіс.
 

І сабраў там прагнучых, і заснавалі яны горад абжыты.
 

Засеялі палі і насадзілі вінаграднікі, і здабылі яны плады для пажытку свайго.
 

І дабраславіў Ён іх, і памножыліся яны надзвычайна, і жывёлы іх не паменшыў.
 

І засталося іх мала, і змарнелі яны ад прыгнёту ліхіх і ад пакуты.
 

Праліў Ён пагарду на князёў і прымусіў іх блудзіць па пустыні бездарожнай.
 

І падняў беднага з убогасці, і разрасціў сем’і, як стада.
 

Убачаць справядлівыя і ўзвесяляцца, і ўсякая несправядлівасць зацісне вусны.
 

Хто ж мудры і будзе трымацца гэтага, зразумее міласэрнасць Божую.