Псалтыр 26 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Давідаў. Прызнай мне, Госпадзе, справядлівасць, бо пачаў я хадзіць у бязвіннасці сваёй і не саслабею, спадзеючыся на Госпада.
 

Выпрабуй мяне, Госпадзе, і ўчыні мне іспыт, растапі [мне] вантробы мае і сэрца маё.
 

Бо міласэрнасць Твая ў мяне перад вачамі, і жыву я ў праўдзе Тваёй.
 

Не сядзеў я разам з мужамі марнымі, і не ўвайду разам з тымі, што дзейнічаюць спадцішка.
 

Узненавідзеў я зборышча злачынцаў і з бязбожнікамі разам не сядаю.
 

У знак нявіннасці абмыю я рукі мае і абыду кругом ахвярнік Твой, Госпадзе,
 

каб адкрыць для вушэй воклічы хвалы і паведаміць пра ўсе дзівосы Твае.
 

Палюбіў я прыстанішча дому Твайго і месца пражывання хвалы Тваёй.
 

Не губі з бязбожнікамі душы маёй і з мужамі крыважэрнымі — жыцця майго.
 

На руках іх ліхадзействы, правіца іх поўная хабараў.
 

Я ж пачаў хадзіць у нявіннасці сваёй, збаў мяне і пашкадуй мяне.
 

На роўнай дарозе стаіць мая нага, славіць буду Госпада ў святынях.