Лукаша 21 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І, зірнуўшы, Ён убачыў багатых, што кідалі ахвяры свае ў скарбонку,
 

убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі,
 

і сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.
 

Бо ўсе з лішкаў сваіх клалі ў дары Богу, а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё ўтрыманне сваё, якое мела».
 

І, калі некаторыя гаварылі пра святыню, што прыгожымі каменнямі і дарамі аздоблена, Ён сказаў:
 

«Надыдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
 

Дык спыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцель, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта станецца?»
 

Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі; бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я” або “Час наблізіўся”. Дык не ідзіце за імі.
 

А калі пачуеце пра войны і замяшанні, не злякайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ не зараз канец».
 

Далей казаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства,
 

і будуць вялікія землятрусы, і месцамі голад і пошасці, і будуць страхі, ды знакі вялікія з неба.
 

Але перад тым усім ускладуць на вас рукі свае, будуць пераследаваць і выдаваць у сінагогі і ў вязніцы, і будуць вас цягаць да цароў і намеснікаў за імя Маё;
 

а станецца гэта вам дзеля сведчання.
 

Пакладзіце тады ў сэрцах вашых загадзя не думаць, як вам адказваць;
 

бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні пярэчыць, ні супрацьстаць усе праціўнікі вашы.
 

А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і аддадуць на смерць некаторых з вас,
 

і будуць вас усе ненавідзець за імя Маё.
 

Але нават волас з галавы вашай не прападзе.
 

Праз цярплівасць вашу завалодаеце душамі вашымі.
 

А калі ўбачыце, што Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго.
 

Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і якія ў самім горадзе, няхай выходзяць, а тыя, што ў ваколіцах, хай не ўваходзяць у яго.
 

Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.
 

Гора ж цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў на гэты народ,
 

і будуць падаць ад вострага меча, і пагоняць іх, схапіўшы, у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль не споўняцца часы паганаў.
 

І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі нядоля народаў з-за тлуму, ды пошум мора і навальніц.
 

Людзі будуць пруцянець ад страху і чакання таго, што настане ва ўсім свеце, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
 

І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на аблоках з магутнасцю і славаю вялікай.
 

А калі гэта дзеяцца пачне, разгінайцеся і падымайце галовы вашы, бо набліжаецца адкупленне ваша».
 

І сказаў ім для параўнання: «Паглядзіце на дрэва фігавае ды на ўсе дрэвы.
 

Калі яны ўжо пускаюць лісты, то, бачачы гэта, вы і самі ведаеце, што ўжо блізка лета.
 

Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Валадарства Божае.
 

Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, як усё гэта споўніцца.
 

Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
 

Сцеражыцеся, каб не абцяжарылі сэрцы вашы абжорствам і п’янствам ды клопатамі гэтага жыцця, і каб дзень той не прыйшоў да вас знянацку;
 

бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што сядзяць на абліччы ўсёй зямлі.
 

Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб змаглі пазбегнуць ўсяго гэтага, што мае прыйсці, ды стаць перад Сынам Чалавечым».
 

І навучаў днямі ў святыні, а нанач, выходзячы, спыняўся на гары, якую называюць Аліўнай.
 

І ўвесь народ ад раніцы збіраўся да Яго ў святыню слухаць Яго.