Яна 15 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Я ёсць праўдзівая вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.
 

Кожную галінку, якая ўва Мне не прыносіць плода, Ён адсякае, а кожную, што прыносіць плод, тую ачышчае, каб болей прыносіла плода.
 

Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
 

Заставайцеся ўва Мне, і Я — у вас. Як галінка не можа прыносіць плод сама з сябе, калі не застанецца на вінаграднай лазе, так і вы, калі не застанецеся ўва Мне.
 

Я — вінаградная лаза, а вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, і Я — у ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы не можаце нічога зрабіць.
 

Калі хто не застанецца ўва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і збяруць іх, і кінуць у агонь, і яны згараць.
 

Калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам.
 

У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плода прынесяце ды станецеся Маімі вучнямі.
 

Як Мяне ўзлюбіў Айцец, так і Я ўзлюбіў вас; заставайцеся ў Маёй любові.
 

Калі зберажэце Мае прыказанні, застанецеся ў Маёй любові, як і Я збярог прыказанні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
 

Гэта Я вам сказаў, каб радасць Мая была ў вас, ды каб радасць ваша была поўнай.
 

Гэта вось Мае прыказанні, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я ўзлюбіў вас;
 

ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў.
 

Вы — сябры Мае, калі рабіць будзеце ўсё, што Я загадваю вам.
 

Ужо Я вас не называю слугамі, бо слуга не ведае, што робіць гаспадар яго; а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, зрабіў вядомым вам.
 

Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, ды каб ваш плод заставаўся, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.
 

Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
 

Калі вас свет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зненавідзеў раней за вас.
 

Каб вы былі са свету, свет любіў бы тое, што яго; але вы не са свету, бо Я вас выбраў са свету, таму вас свет ненавідзіць.
 

Памятайце словы, якія Я вам сказаў: слуга не большы за гаспадара свайго. Калі Мяне пераследавалі, дык і вас пераследаваць будуць; а калі вы Маё слова збераглі, дык і ваша берагчы будуць.
 

А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо не ведаюць Таго, Хто Мяне паслаў.
 

Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, не мелі б граху, але цяпер не маюць апраўдання за свой грэх.
 

Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
 

Калі б не рабіў спраў сярод іх, якіх не рабіў ніхто іншы, не мелі б граху; але ж цяпер і бачылі, і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.
 

Але, каб споўнілася слова, якое запісана ў іх законе: “Зненавідзелі Мяне без прычыны”.
 

А калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сведчыць будзе;
 

але і вы таксама сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.