Лукаша 3 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам Абілены,
А ў пятнаццаты год панаваньня цэзара Тыбэрыя, калі Понтый Пілат панаваў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, — тэтрархам у Ітурэі і раханіцкай краіне, а Лісані — тэтрархам у Абіліне,
пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
пры першасьвятарах Аньне і Каяфе было слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,
І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Ярданскіх, прапаведуючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў,
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі: «Голас таго, хто кліча ў пустыні:“Падрыхтуйце дарогу Пану,простымі рабіце сцежкі Яму!
як напісана ў кнізе словаў прарока Ісаі, які кажа: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго;
Кожная даліна ўзвысіцца,кожная гара і пагорак панізяцца,і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,а ланцугі гор — далінаю.
усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай панізяцца, крывізны няхай выпрастуюцца, і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;
І ўбачыць кожнае целаБожае збаўленне”».
і ўгледзіць усякае цела збаўленьне Божае”».
Ён казаў натоўпам, якія прыходзілі да яго хрысціцца: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
І казаў ён натоўпам, якія прыходзілі хрысьціцца ў яго: «Спараджэньні яхідны, хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад гневу, які надыходзіць?
Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму.
Зрабіце плады, годныя навяртаньня, і не пачынайце гаварыць у сабе: “Бацьку маем Абрагама”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.
Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь».
Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, сьсякаецца і кідаецца ў агонь».
І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?»
І спытаўся ў яго натоўп, кажучы: «Дык што нам рабіць?»
Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае».
А ён, адказваючы, кажа ім: «Хто мае дзьве вопраткі, няхай дасьць таму, хто ня мае; і хто мае ежу, няхай робіць тое самае».
Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?»
Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца, і сказалі яму: «Настаўнік, што нам рабіць?»
Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце».
А ён сказаў ім: «Нічога не бярыце больш таго, што вам загадана».
Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».
Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А нам што рабіць?» І ён сказаў ім: «Нікога ня крыўдзьце, не абвінавачвайце фальшыва і задавальняйцеся платай сваёй».
Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён,
І народу, які чакаў і разважаў у сэрцах сваіх адносна Яна, ці не Хрыстос ён,
Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.
адказаў Ян усім, кажучы: «Я хрышчу вас вадою, але ідзе Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варты разьвязаць рамень сандалаў Ягоных. Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.
Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».
Веялка Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць ток Свой, і зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свой, а салому спаліць агнём незгасальным».
Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.
І шмат іншага дабравесьціў ён народу, навучаючы яго.
А тэтрарх Ірад, якога Ян дакараў за Ірадыяду, жонку яго брата Філіпа, і за ўсё зло, якое ўчыніў Ірад,
А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата ягонага, і за ўсё, што Ірад зрабіў злога,
да ўсяго дадаў яшчэ і тое, што замкнуў Яна ў вязніцы.
дадаў да ўсяго і тое, што замкнуў Яна ў вязьніцу.
Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба,
І сталася, калі хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, адчынілася неба,
і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цялесным выглядзе, як голуб, і быў голас з неба, які казаў: «Ты — Сын Мой Улюбёны; у Табе Я маю ўпадабаньне».
Езус, пачынаючы служэнне сваё, меў каля трыццаці гадоў і быў, як лічылі, сынам Юзафа, сына Элія,
І меў Ісус, пачынаючы [служэньне], гадоў каля трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Гэліяў,
Матата, Левія, Мэльхія, Яная, Юзафа,
Мататаў, Левіяў, Мэльхіяў, Янаяў, Язэпаў,
Матація, Амоса, Навума, Эслія, Нагея,
Мататыяў, Амосаў, Навумаў, Эсьліяў, Нагеяў,
Маата, Матація, Сэмэя, Ёсэха, Ёды,
Магатаў, Мататыяў, Сэмэяў, Язэпаў, Юдаў,
Янана, Рэсы, Зарабабэля, Салятыэля, Нэрыя,
Яанаяў, Рэсаеў, Зэрубабэляў, Салятыэляў, Нэрыяў,
Мэльхія, Адзія, Касама, Эльмадама, Эра,
Мэльхіяў, Аддыяў, Касамаў, Эльмадамаў, Іраў,
Езуса, Эліязэра, Ярыма, Матата, Левія,
Ёсіяў, Эліезэраў, Ярымаў, Мататаў, Левіяў,
Сімяона, Юды, Юзафа, Ёнама, Эліяхіма,
Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Янанаў, Эліякімаў,
Мэлея, Мэны, Матата, Натана, Давіда,
Мэлеаяў, Маінанаў, Мататаў, Натанаў, Давідаў,
Есэя, Абэда, Бааза, Сальмона, Наасона,
Есэяў, Абэдаў, Боазаў, Сальмонаў, Наасонаў,
Амінадаба, Адміна, Арні, Эзрома, Фарэса, Юды,
Амінадабаў, Арамаў, Эсромаў, Пэрэсаў, Юдаў,
Якуба, Ісаака, Абрагама, Тарэя, Нахора,
Якубаў, Ісаакаў, Абрагамаў, Тэрахаў, Нахораў,
Сэруха, Рахаба, Фалека, Эбэра, Салія,
Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Гэбэраў, Салаў,
Каінама, Арфаксада, Сэма, Ноя, Ламеха,
Каінанаў, Арфаксадаў, Сэмаў, Нояў, Лямэхаў,
Матусала, Эноха, Ярэда, Малелеэля, Каінама,
Мэтушаляхаў, Энохаў, Ярэдаў, Магалялеэляў, Кейнанаў,
Эноса, Сэта, Адама, сына Бога.
Эносаў, Сэтаў, Адамаў, Божы.