1 Пятра 1 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Пётр, апостал Езуса Хрыста, прыхадням дыяспары Понта, Галатыі, Кападоцыі, Азіі і Бітыніі, выбраным
Пётар, апостал Ісуса Хрыста, — выбраным вандроўнікам, расьцярушаным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Азіі і Бітыніі,
паводле прадбачання Бога Айца і асвячаныму Духу дзеля паслухмянасці і акраплення крывёю Езуса Хрыста. Няхай памножыцца ў вас ласка і спакой.
паводле прадбачаньня Бога Айца, праз асьвячэньне Духа, дзеля паслухмянасьці і пакрапленьня крывёю Ісуса Хрыста: ласка і супакой няхай вам памножацца!
Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста,
Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які паводле вялікай літасьці Сваёй адрадзіў нас праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста з мёртвых дзеля жывое надзеі,
да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас,
дзеля спадчыны незьнішчальнае і беззаганнае, якая не завяне і якая захоўваецца ў небе дзеля нас,
умацаваных сілаю Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час.
якія сілаю Божаю праз веру захаваныя дзеля збаўленьня, гатовага адкрыцца ў апошні час.
Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў,
З гэтага радуйцеся, крыху цяпер, калі трэба, ад розных спакусаў пасмуткаваўшы,
каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста.
каб выпрабаваньне веры вашае, якая шмат каштоўнейшая за золата, што гіне, хоць і агнём выпрабоўваецца, было знойдзена на хвалу, і пашану, і славу ў адкрыцьці Ісуса Хрыста,
Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю,
Якога, ня бачыўшы, любіце і дзеля Якога, хоць не аглядаючы, але верачы [ў Яго], радуецеся радасьцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,
дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.
атрымліваючы вынік веры вашае — збаўленьне душаў.
Гэтага збаўлення шукалі і дапытваліся прарокі, якія прадказвалі прызначаную вам ласку.
Гэтага збаўленьня шукалі і дапытываліся прарокі, якія прарочылі пра ласку адносна вас,
Яны даследавалі, на калі і на які час указваў Дух Хрыста, які быў у іх і прадказваў цярпенні Хрыста і славу пасля гэтага.
дасьледуючы, пра што ці пра якую пару паведамляў у іх Дух Хрыстовы, прадвяшчаючы пакуты Хрыстовыя і славу пасьля іх.
Для іх было адкрыта, што не ім, а вам служыла тое, што цяпер абвешчана тымі, хто прапаведаваў Евангелле ў спасланым з неба Духу Святым, у што хочуць зазірнуць нават анёлы.
Ім было адкрыта, што ня ім, але нам служыла абвешчанае вам цяпер тымі, якія дабравесьцілі вам у Духу Сьвятым, Які пасланы з неба, да чаго анёлы жадаюць прыхіліцца.
Таму, падперазаўшы сцёгны розуму вашага, чувайце і моцна спадзявайцеся на ласку, якая будзе прынесена вам у аб’яўленні Езуса Хрыста.
Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцы розуму вашага і будучы цьвярозымі, да канца спадзявайцеся на ласку, якая прыносіцца вам у адкрыцьці Ісуса Хрыста.
Як паслухмяныя дзеці, не дастасоўвайцеся да пажадлівасцяў, якія вы мелі раней, у час вашага няведання,
Як паслухмяныя дзеці, не прыпадабняйцеся ранейшым пажаданьням у няведаньні вашым,
але на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых.
але, паводле [прыкладу] Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятымі ў-ва ўсім ладзе жыцьця,
Бо напісана: «Будзьце святымі, таму што Я святы».
бо напісана: «Будзьце сьвятыя, бо Я — Сьвяты».
Калі вы называеце Айцом таго, хто непрадузята судзіць кожнага паводле ягоных учынкаў, то са страхам праводзьце час вашага зямнога вандравання,
І калі называеце Айцом Таго, Які судзіць кожнага паводле справаў ягоных, не ўзіраючыся на аблічча, са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,
ведаючы, што не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі,
ведаючы, што не зьнішчальным срэбрам ці золатам выбаўлены вы ад марнага ладу жыцьця, перададзенага ад бацькоў,
але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Баранка.
але каштоўнай крывёю Хрыста, як Ягняці беззаганнага і неапаганенага,
Ён быў прызначаны яшчэ да стварэння свету, але з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,
прадвызначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы дзеля вас,
што паверылі праз Яго ў Бога, які ўваскрасіў Яго і адарыў хвалою, каб вы мелі веру і надзею на Бога.
якія паверылі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея была ў Богу.
Ачысціўшы паслухмянасцю праўдзе душы вашыя для некрывадушнай братняй любові, чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго,
Ачысьціўшы душы вашыя паслухмянасьцю праўдзе праз Духа дзеля некрывадушнага браталюбства, з чыстым сэрцам шчыра любіце адзін аднаго,
бо вы народжаны зноў не з тленнага насення, але з нятленнага, праз Божае слова, якое жыве і трывае.
як тыя, што адроджаныя не са зьнішчальнага насеньня, але з незьнішчальнага, праз слова Бога Жывога, Які трывае на вякі.
Таму што ўсякае цела — быццам трава, а ўся слава яго — быццам цвет травы: трава завяла — і апаўцвет.
Бо ўсякае цела — як трава, і ўсякая слава чалавечая — як кветка на траве; засохла трава, і кветка яе ўпала,
А слова Пана трывае навекі. І гэтым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.
але слова Госпада трывае на вякі. А гэта ёсьць тое слова, якое вам дабравешчана.