1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, —
 
Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі вачыма нашымі, што разглядалі і да чаго дакраналіся рукі нашыя, пра Слова жыцьця.

бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, —
 
І жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае жыцьцё вечнае, якое было ў Айца і зьявілася нам.

тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом.
 
Што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі супольнасьць з намі; а нашая супольнасьць — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

Гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай.
 
І гэтае пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.

Навіну, якую мы пачулі ад Яго, абвяшчаем вам, што Бог ёсць Святло і няма ў Ім ніякай цемры.
 
І вось тое абяцаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам, — Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім аніякае цемры.

Калі мы кажам, што маем еднасць з Ім, а ходзім у цемры, то мы хлусім і паступаем не па праўдзе.
 
Калі мы кажам, што маем супольнасьць з Ім, і ходзім у цемры, хлусім і ня робім праўды.

А калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць паміж сабою, і кроў Езуса, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага граху.
 
А калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, маем супольнасьць між сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.

Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды.
 
Калі кажам, што ня маем грэху, падманваем саміх сябе, і праўды няма ў нас.

Калі ж вызнаём нашыя грахі, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці.
 
Калі вызнаем грахі нашыя, Ён верны і праведны, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці.

Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас Ягонага слова.
 
Калі кажам, што мы не грашым, робім хлусам Яго, і слова Ягонага няма ў нас.