Да Рымлянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Бога,
 
Павал, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, аддзелены дзеля Эвангельля Божага,

якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях,
 
якое [Бог] раней абяцаў праз прарокаў Сваіх у сьвятых Пісаньнях,

пра Ягонага Сына, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы,
 
пра Сына Ягонага, Які паводле цела стаўся з насеньня Давіда,

паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага,
 
і аб’явіўся як Сын Божы ў моцы паводле духа сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых, пра Ісуса Хрыста, Госпада нашага,

праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы,
 
праз Якога мы атрымалі ласку і апостальства на паслухмянасьць веры ў-ва ўсіх народах, дзеля імя Ягонага,

сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.
 
сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, —

Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
 
усім, якія ёсьць у Рыме, улюбёным Бога, пакліканым сьвятым: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Найперш дзякую Богу майму праз Езуса Хрыста за ўсіх вас, бо вашая вера абвяшчаецца па ўсім свеце.
 
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера ваша абвяшчаецца ў-ва ўсім сьвеце.

Маім сведкам ёсць Бог, якому служу ў маім духу праз Евангелле Ягонага Сына, што я пастаянна ўспамінаю пра вас.
 
Бо сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у Эвангельлі Сына Яго, што несупынна ўзгадваю вас,

Кожную хвіліну ў сваіх малітвах прашу, каб мне — калі будзе на гэта Божая воля — пашчасціла калі-небудзь прыйсці да вас.
 
заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб некалі ўжо давялося мне з волі Божае прыйсьці да вас.

Прагну пабачыць вас, каб пераказаць вам духоўны дар дзеля вашага ўмацавання,
 
Бо я жадаю бачыць вас, каб даць вам нейкі дар духоўны дзеля ўмацаваньня вашага,

але больш, каб парадавацца разам з вамі дзеля ўзаемнага суцяшэння праз супольную веру, вашую і маю.
 
гэта значыць, суцешыцца супольна з вамі вераю адзін аднаго, вашаю і маёю.

Не хачу, браты, каб вы не ведалі, што я шмат разоў збіраўся прыйсці да вас, каб які-небудзь плён сабраць і ў вас, як і сярод іншых народаў, але аж дагэтуль меў перашкоды.
 
Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што я часта пастанаўляў прыйсьці да вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народах, і забаронена мне было аж дагэтуль.

Я даўжнік грэкаў і чужаземцаў, мудрых і неразумных.
 
Я вінаваты і Грэкам, і барбарам, і мудрым, і бяздумным.

Таму таксама вельмі прагну і вам, жыхарам Рыма, абвяшчаць Евангелле.
 
Дык што да мяне, я гатовы дабравесьціць і вам, якія ў Рыме.

Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая для збаўлення кожнага, хто верыць, спярша юдэя, а потым і грэка.
 
Бо я не саромлюся Эвангельля Хрыстовага, бо яно ёсьць моц Божая на збаўленьне кожнаму, хто верыць, перш Юдэю, і Грэку.

Бо ў ім адкрываецца Божая справядлівасць з веры для веры, як напісана: «Праведны жыць будзе вераю».
 
Бо ў ім адкрываецца праведнасьць Божая ад веры ў веру, як напісана: «А праведны з веры жыць будзе».

Гнеў жа Божы аб’яўляецца з неба супраць усялякай бязбожнасці і несправядлівасці людзей, якія стрымліваюць праўду несправядлівасцю.
 
Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няправеднасьць людзей, якія праз няправеднасьць праўду стрымліваюць.

Бо тое, што можна ведаць пра Бога, відавочнае сярод іх, таму што Бог адкрыў ім.
 
Бо, што магчыма ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім.

Ад стварэння свету Яго нябачныя рысы — адвечная Яго моц і Боскасць — бачныя ў заўважальных чынах, таму няма ім апраўдання.
 
Бо нябачнае Яго, і вечная моц Яго, і Боскасьць ад стварэньня сьвету відочныя праз разважаньне пра творы [Ягоныя], каб быць ім без апраўданьня.

Яны ж, пазнаўшы Бога, не як Бога праслаўлялі Яго і дзякавалі Яму, але сталі нікчэмнымі ў сваіх разважаннях, і зацямнілася іх неразумнае сэрца.
 
Бо яны, пазнаўшы Бога, ня славілі [Яго] як Бога і ня дзякавалі, але займаліся марнасьцю ў думках сваіх, і зацемрылася няцямкае сэрца іхняе.

Называючы сябе мудрымі, яны сталі неразумнымі
 
Цьвердзячы пра сябе, што мудрыя, яны здурнелі

і славу нятленнага Бога замянілі на вобраз тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў.
 
і славу незьнішчальнага Бога замянілі на падабенства вобразу зьнішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і паўзуноў.

Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэрцаў нячыстасці, каб яны самі зняславілі свае целы.
 
Дзеля гэтага і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іхніх нячыстасьці зьневажаць целы свае між сабою.

Яны замянілі праўду Божую на фальш і пачалі пакланяцца і служыць стварэнню, а не Стварыцелю, які благаслаўлёны навекі. Амэн.
 
Яны замянілі праўду Божую на хлусьню, і пакланяліся, і служылі стварэньню замест Таго, Які стварыў, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн.

Таму выдаў іх Бог ганебным страсцям. Іх жанчыны змянілі згоднае з натурай жыццё на тое, што супраць натуры.
 
Дзеля гэтага аддаў іх Бог у ганебныя жарсьці, бо жанчыны іхнія замянілі прыродныя зносіны на супрацьпрыродныя.

Таксама і мужчыны, пакідаючы натуральнае сужыццё з жанчынай, запалалі пажадлівасцю адзін да аднаго. Мужчыны з мужчынамі чынячы нягоднае, самі на сябе наклікалі належную кару за вычварэнне.
 
Падобна і мужчыны, пакінуўшы прыродныя зносіны з жанчынамі, распаляліся ў пажадлівасьці сваёй адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі непрыстойнасьць робячы і атрымліваючы ў саміх сабе належную адплату за свой падман.

А паколькі не палічылі патрэбным мець пазнанне Бога, выдаў іх Бог няздольнаму розуму, каб чынілі неадпаведнае.
 
І, як яны не спрабавалі мець пазнаньне Бога, аддаў іх Бог няздатнаму розуму рабіць, што не належыць,

Яны поўныя ўсялякай несправядлівасці, нягоднасці, прагнасці, злосці, напоўненыя зайздрасцю, забойствам, спрэчкай, подступам, зласлівасцю, абмовай.
 
напоўненыя ўсякай няправеднасьцю, распустаю, зласьлівасьцю, хцівасьцю, ліхотаю, поўныя зайздрасьці, забойства, сваркі, подступу, благіх звычаяў,

Яны паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, пыхлівыя, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
 
абмоўнікі, паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, ганарыстыя, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,

неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любові, бязлітасныя.
 
няцямкія, нязгодлівыя, бязьлітасныя, няўмольныя, неміласэрныя.

Яны ведаюць наказ Бога, што той, хто так чыніць, варты смерці, аднак не толькі самі так робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто так робіць.
 
Яны, пазнаўшы пастанову Божую, што тыя, хто гэткае ўчыняе, вартыя сьмерці, ня толькі гэтае робяць, але і ўхваляюць тых, хто робіць [гэтае].