2 да Карынфянаў 12 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да візій і аб’яўленняў Пана.
 
Не карысна мне хваліцца, бо я дайду да відзежаў і адкрыцьцяў Госпадавых.

Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба.
 
Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму, ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю, Бог ведае, быў падхоплены да трэцяга неба.

І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог)
 
І ведаю гэткага чалавека, ці ў целе, ці па-за целам, ня ведаю, Бог ведае,

быў забраны ў рай і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць.
 
які быў падхоплены ў рай і чуў невымоўныя словы, якіх чалавеку нельга вымавіць.

Гэтым буду хваліцца, а сабою не пахвалюся, хіба што сваёй слабасцю.
 
Гэтакім буду хваліцца, а сабою ня буду хваліцца, хіба толькі слабасьцямі маімі.

Калі захачу пахваліцца, не буду неразважлівым, бо скажу праўду. Але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым ува мне бачыць або чуе ад мяне
 
Бо калі захачу хваліцца, ня буду неразумным, бо скажу праўду; але я шкадую сябе, каб ніхто не падумаў пра мяне больш, чым бачыць у-ва мне або чуе ад мяне.

на падставе мноства аб’яўленняў. Дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне, каб я не хваліўся.
 
І, каб я не вывышаўся празьмернасьцю адкрыцьцяў, дадзены мне бадыль у цела, анёл шатана, каб біць мяне, каб я не вывышаўся.

Таму я тройчы маліў Пана адхіліць ад мяне гэта.
 
Дзеля гэтага тройчы прасіў я Госпада, каб ён адыйшоў ад мяне.

Але Пан сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці». Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста.
 
І [Госпад] сказаў мне: «Хопіць табе ласкі Маёй, бо моц Мая спаўняецца ў слабасьці». Дык ахвотна больш буду хваліцца слабасьцямі маімі, каб жыла ў-ва мне моц Хрыстовая.

Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні і ўціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
 
Дзеля гэтага я маю ўпадабаньне і ў слабасьцях, у крыўдах, у патрэбах, у перасьледаваньнях, ва ўцісках за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.

Я стаў неразумным. Вы мяне прымусілі да гэтага. Бо гэта вам трэба было б мяне хваліць, таму што ні ў чым я не горшы за вялікіх Апосталаў, хоць я і нішто.
 
Я стаўся неразумным, хвалячыся; вы мяне змусілі. Бо трэба было, каб я вамі быў адрэкамэндаваны, бо ні ў чым я ня горшы за найпаважнейшых апосталаў, хоць я і нішто.

Вось знакі Апостала сталіся ў вас праз вялікую цярплівасць, а таксама праз цуды і моцы.
 
Знакі апостала ўчыненыя між вамі ў-ва ўсякай цярплівасьці, у знаках, і цудах, і сілах.

Бо ў чым вы горшыя за іншыя Касцёлы? Хіба толькі ў тым, што сам я не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду.
 
Бо што ёсьць, у чым вы горшыя за іншыя цэрквы? Хіба тое, што я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэткую несправядлівасьць.

Вось, трэці раз я гатоў прыйсці да вас і не быць цяжарам для вас, бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці павінны збіраць даброты для бацькоў, але бацькі для дзяцей.
 
Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас і ня буду цяжарам для вас, бо шукаю ня вашага, але вас. Бо ня дзеці павінны зьбіраць скарбы для бацькоў, але бацькі для дзяцей.

Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашыя. Калі я буду любіць вас больш, хіба я атрымаю менш любові?
 
Я ахвотна буду выдаткоўваць [сваё] і аддаваць сябе за душы вашыя, нават калі, любячы вас шмат больш, я менш люблены вамі.

Няхай будзе так. Я не абцяжарыў вас. Але, будучы хітрым, я подступам здабыў вас.
 
Дык няхай я сам не абцяжарваў вас, але можа, як хітрун, подступам браў з вас?

Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я выкарыстоўваў вас?
 
Нікога я не пасылаў да вас, каб праз яго скарыстацца ад вас

Я папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці вас Ціт выкарыстоўваў? Ці не ў тым жа духу мы паступалі? Ці не тымі ж слядамі хадзілі?
 
Я прасіў Ціта і паслаў з [ім] брата. Ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым самым Духу мы хадзілі? Ці не па тых самых сьлядах?

Ужо доўгі час вы думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысце: усё, умілаваныя, дзеля вашага збудавання.
 
Ці ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце, а ўсё, улюбёныя, дзеля вашага збудаваньня.

Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы, не знайсці вас не такімі, як хачу. Ды і вы каб не знайшлі мяне, якім не хочаце. Каб не было ў вас спрэчкі, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, абмоваў, пыхі, бязладдзя.
 
Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне вас такімі, якімі не хачу, і каб вам не знайсьці мяне такім, якім ня хочаце; каб не было сварак, зайздрасьці, ярасьці, сварлівасьці, абмаўляньняў, нагавораў, пыхі, бязладзьдзя,

І калі зноў прыйду, каб не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб не аплакваў я многіх з тых, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасці, распусце і ў разбэшчанасці, якую ўчынілі.
 
каб, калі ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас, і каб я ня плакаў пра многіх, якія зграшылі раней і не навярнуліся ад нячыстасьці, і распусты, і бессаромнасьці, якія ўчынялі.