Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Быў у Цэзарэі адзін чалавек па імені Карнэлій, сотнік з кагорты, што называлася Італьскай,
 
А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек на імя Карнэль, сотнік кагорты, званай Італійскай,

пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён даваў вялікую міласціну і заўсёды маліўся Богу.
 
пабожны і багабаязны з усім домам сваім. Багата ён даваў міласьціну людзям ды заўсёды маліўся да Бога.

Каля дзевятай гадзіны дня ён выразна бачыў у візіі анёла Божага, які прыйшоў да яго і сказаў: «Карнэлій».
 
Каля дзевятае гадзіны дня ён у зьяве выразна ўбачыў анёла Божага, уваходзячага да яго і кажучага яму: "Карнэль!"

Ён паглядзеў на яго і, спалохаўшыся, сказаў: «Што, Пане?» Той адказаў: «Твае малітвы і твая міласціна былі згаданыя перад Богам.
 
Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам сказаў: "Што, гаспадару?" Анёл сказаў Яму: "Малітвы твае і міласьціны твае падняліся на памяць перад абліччам Бога.

А цяпер пашлі людзей у Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром.
 
Дык зараз жа пашлі людзей у Ёппу і прывядзі нейкага Сымона, званага Пятром.

Ён гасціць у аднаго гарбара Сымона, які мае дом каля мора. Ён скажа табе, што рабіць».
 
Ён гасьціць у нейкага гарбара Сымона, якога дом каля мора".

Калі анёл, які гаварыў з ім, адышоў, ён паклікаў двух сваіх слуг і богабаязнага жаўнера з тых, што служылі яму,
 
Калі зыйшоў анёл, каторы з ім гутарыў, Карнэль паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і багабойнага ваяку, з тых, што былі яму падначалены,

і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Яфу.
 
ды, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёппу.

На другі дзень, калі яны былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны падняўся на дах дома памаліцца.
 
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётар узыйшоў на дах памаліцца, а была меней болей шостая гадзіна.

Аднак адчуў голад і захацеў паесці. Пакуль гатавалі яму, ён упаў у захапленне.
 
І пачуў ён голад, і захацелася яму есьці; пакуль жа гатавалі, найшло на яго захапленьне,

Убачыў неба раскрытае і нейкае начынне, быццам вялікае палатно, прывязанае за чатыры куты, што спускалася на зямлю.
 
і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую рэч спускаючыся, падобную да вялікага абруса, за чатыры канцы спусканага на зямлю.

У ім былі ўсякія чатырохногія жывёлы, паўзуны і нябесныя птушкі.
 
Былі на ім усякія чацьвераногія, і паўзуны зямныя, і нябесныя птушкі.

А голас прамовіў да яго: «Уставай, Пётр, забівай і еш!»
 
І азваўся голас да яго: "Устань, Пётар, забівай і еш!"

Але Пётр сказаў: «Ні ў якім разе, Пане, бо я ніколі не еў нічога апаганенага і нячыстага».
 
А Пётар сказаў: "Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі ня еў нічога паганага і нячыстага".

І зноў, другі раз, голас сказаў яму: «Тое, што Бог ачысціў, не называй апаганеным».
 
І голас паўторна азваўся да яго: "Што Бог ачысьціў, не называй таго нячыстым".

Так было тройчы, і начынне адразу паднялося ў неба.
 
І паўтарылася гэта тры разы. І зараз жа той прадмет быў узяты ў неба.

Калі ж Пётр разважаў, што магла б азначаць гэтая візія, якую бачыў, людзі, пасланыя Карнэліем, распытаўшыся пра дом Сымона, спыніліся ля варот
 
І калі Пётар разважаў, што можа азначаць зьява, якую бачыў, перад брамай затрымаліся пасланьнікі Карнэля і пыталіся пра дом Сымона.

і спыталіся, крыкнуўшы, ці тут гасціць Сымон, які завецца Пятром.
 
Яны пыталіся ў голас, ці тут гасьціць Сымон, называны Пятром.

Калі Пётр разважаў пра візію, Дух сказаў яму: «Вось, тры чалавекі шукаюць цябе.
 
А Пятру, разважаючаму пра зьяву, сказаў Дух: "Вось гэтыя тры мужчыны пытаюцца пра цябе.

Устань, спусціся і ідзі з імі без ніякіх ваганняў, бо Я паслаў іх».
 
Дык устань, зыйдзі на ніз ды ідзі да іх, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў".

Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, сказаў: «Я той, каго вы шукаеце. Дзеля чаго вы прыйшлі?»
 
Дык зыйшоў Пётар да тых людзей і сказаў: "Гэта я той, каторага шукаеце. Што за прычына, дзеля якой вы прыбылі?"

Яны ж сказалі: «Карнэлій, сотнік, муж праведны і богабаязны, за якога засведчыць увесь юдэйскі народ, атрымаў наказ праз святога анёла, каб паклікаць цябе ў свой дом і паслухаць тваіх слоў».
 
Яны адказалі: "Сотнік Карнэль, чалавек справядлівы і багабойны, аб чым можа засьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў ад анёла сьвятога даручэньне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш".

Тады ён паклікаў іх і пачаставаў.Назаўтра ўстаў і адправіўся з імі. Некаторыя браты з Яфы пайшлі разам з ім.
 
Тады Пётр запрасіў іх у дом і пачаставаў. А на другі дзень у таварыстве некаторых братоў з Ёппы разам з імі выбраўся ў дарогу.

На наступны дзень ён прыбыў у Цэзарэю. Карнэлій жа чакаў іх, паклікаўшы сваіх родных і блізкіх сяброў.
 
На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю. Карнэль жа чакаў на іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.

Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму.
 
І калі Пётар уваходзіў, Карнэль выйшаў яму на сустрач, упаў яму да ног і пакланіўся.

Пётр падняў яго, кажучы: «Устань, я таксама чалавек».
 
Пётар жа падняў яго, кажучы: "Устань, бо і я такі самы чалавек".

І, размаўляючы з ім, увайшоў і ўбачыў шмат сабраных.
 
І, гутарачы з ім, увайшоў у дом і знайшоў там шмат сабраўшыхся,

Ён сказаў ім: «Ведаеце, што юдэю нельга мець зносіны або сустракацца з чужынцам. Але Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым.
 
і сказаў ім: "Ведаеце, што Юдэю нельга спатыкацца або гасьціць з чужынцамі. Але Бог мне аб'явіў, што ніводнага чалавека нельга лічыць паганым і нячыстым.

Таму я без ваганняў прыйшоў на заклік. Дык пытаюся: для якой справы вы паклікалі мяне?»
 
Таму вось, запрошаны, я, не сумняваючыся, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта мяне запрасілі?"

Тады Карнэлій адказаў: «Чатыры дні аж да гэтай гадзіны я пасціў і а дзявятай маліўся ў сваім доме. І вось, перада мной з’явіўся муж у бліскучым адзенні
 
І Карнэль адказаў: "Чатыры дні таму а дзевятай гадзіне маліўся я ў сваім доме, і явіўся перада мною муж у бліскучай шаце,

і сказаў: “Карнэлій, твая малітва пачутая і твае міласціны былі згаданыя перад Богам.
 
і сказаў: "Карнэль, твая малітва выслухана, і Бог успомніў на твае міласьціны.

Таму пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром. Ён гасціць у доме гарбара Сымона каля мора”.
 
Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, званага Пятром. Ён гасьціць у доме Сымона гарбара каля мора".

Я адразу паслаў да цябе, а ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Пан».
 
Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад Богам, каб паслухаць усяго, што табе Госпад даручыў".

Тады Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу,
 
Тады Пётар, адкрыўшы вусны, сказаў: "Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,

але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.
 
але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і спаганяе справядлівасьць.

Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы Добрую Навіну аб спакоі праз Езуса Хрыста, які ёсць Панам усіх.
 
Паслаў Ён сваё Слова сынам Ізраэля, абшчаючы ім мір праз Езуса Хрыста. Ён — Госпад усіх.

Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам.
 
Вы ведаеце, што адбывалася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, па хросьце, які прапаведываў Ян;

Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.
 
пра Езуса з Назарэту, каторага Бог намасьціў Духам Сьвятым і магутнасьцю, што хадзіў Ён, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманам, бо Бог быў з Ім.

І мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы на дрэве.
 
І мы — сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме. Яго вось забілі, павесіўшы на дрэве.

А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца
 
Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб'яўляцца,

не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля Ягонага ўваскрасення.
 
ды не ўсяму народу, але сьведкам, выбраным наперад Богам, нам, каторыя з Ім елі і пілі па ўваскрасеньні Ягоным.

Нам таксама наказаў абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён — прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых.
 
І Ён нам загадаў вясьціць і сьведчыць народу, што Ён устаноўлены Богам суддзёю жывых і памёршых.

Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае».
 
І ўсе прарокі сьведчаць гэта, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Яго".

Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова.
 
І калі Пётар яшчэ гаварыў гэта, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, каторыя слухалі слова.

А вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў.
 
Дык веручыя з абрэзаных, прыйшоўшыя з Пятром, былі надта зьдзіўлены, што дар Духа Сьвятога вылітыы быў таксама на паганаў,

Бо яны чулі, як тыя размаўлялі мовамі і славілі Бога. Тады сказаў Пётр:
 
бо чулі іх гаворачымі (чужымі) мовамі і славячымі Бога. Тады вось азваўся Пётар:

«Ці можа хто забараніць хрысціцца вадою тым, хто атрымаў Духа Святога, як і мы?»
 
"Хто можа забараніць хрысьціць тых, што атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?"

І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста. Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.
 
І загадаў іх хрысьціць у імя Езуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца ў іх некалікі дзён.