Дзеі 22 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999
«Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі».
"Мужы браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданьне".
Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. А ён сказаў:
Пачуўшы, што ён гаворыць на гэбрайскаи мове, яны тым больш сьціхлі. Ён жа казаў:
«Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна Закону айцоў, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння.
"Я — Юдэй, народжаны ў Тарсе, што ў Цыліцыі, выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліеля атрымаў руплівае ўзгадаваньне ў праўдзе айцоўскага закону, шчыры слуга Бога, як і вы ўсе сягоньня.
Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын,
Перасьледаваў я гэты шлях аж да кары сьмерці, бяручы ў путы і кідаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын,
як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсё старшынства. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.
што могуць засьведчыць першасьвятар і Рада. Ад іх атрымаў лісты я да братоў і направіўся ў Дамашак з мэтаю арыштоўваць тых, што былі там, ды дастаўляць у Ерузалім для пакараньня.
Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба.
І здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамашку, каля поўдня раптам агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.
Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які казаў мне: "Саўл, Саўл, чаму ты перасьледуеш Мяне?"
Я адказаў: “Хто Ты, Пане?” Ён адказаў мне: “Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш”.
Я спытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" Ён сказаў мне: "Я — Езус з Назарэту, каторага ты перасьледуеш".
Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.
Тыя, ж што былі са мною, бачылі, праўда, сьвятло, але голасу Яго ня чулі, які гаварыў са мной.
Тады я сказаў: “Што мне рабіць, Пане?” А Пан сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, там будзе сказана табе пра ўсё, што трэба рабіць”.
Дык я спытаў: "Што маю рабіць, Госпадзе?" Госпад жа сказаў мне: "Устань і ідзі ў Дамашак, ды там скажуць табе ўсё, што маеш рабіць".
Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.
І як я асьлеп ад яркасьці таго сьвятла, дык ведзены за руку таварышамі, прыбыў у Дамашак.
Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога добра сведчылі ўсе жыхары Юдэі,
І нейкі Ананія, чалавек пабожны, жывучы паводле закону, пра што сьведчаць усе жывучыя там Юдэі,
прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: “Браце Саўле, будзь зноў відушчым!” І ў той жа момант я ўбачыў яго.
прыбыў да мяне і, падыйшоўшы, сказаў: "Саўле, браце, праглянь!" І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.
Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
А ён кажа: "Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага, ды пачуў голас з вуснаў Яго,
бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў.
бо будзеш сьведчыць аб ім усім людзям, што ты бачыў і чуў.
А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.
Дык не марудзь. Прыймі хрост і абмый грахі твае, прызваўшы імя Ягонае".
Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне.
А калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, апынуўся ў захапленьні
Я ўбачыў Яго, а Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
і ўбачыў Яго, як Ён мне казаў: "Пасьпяшайся і выйдзі з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго сьведчаньня пра Мяне".
І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе.
Я ж сказаў: "Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што вераць у Цябе, замыкаў у вязьніцах і бічаваў у сынагогах;
А калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне ягоных забойцаў.
а калі пралівана была кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, і я ўдзельнічаў, і згаджаўся на гэта ды пільнаваў адзеньня забойцаў ягоных".
Але Пан сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».
Ён жа сказаў мне: "Ідзі, бо я цябе пашлю далёка да паганаў".
Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі, бо такі не мае права жыць!»
І слуxалі яны яго да гэтых словаў і тады закрычалі: "Прымі з зямлі такога, бо яму нельга жыць!"
Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра,
А калі яны крычалі, і махалі адзеньнем, і кідалі пясок у паветра,
тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі супраць яго.
трыбун загадаў завесьці яго ў крэпасьць ды бічаваньнем змусіць яго прызнацца, каб даведацца прычыну, дзеля якой так крычаць на яго.
Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?»
І калі яго вязалі рамнямі, Павал зьвярнуўся да стаячага побач сотніка, кажучы: "Ці маеце права без суду бічаваць грамадзяніна Рымскага?"
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін».
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і сказаў яму: "Што робіш? Гэты ж чалавек — Рымлянін".
Тады тысячнік, падышоўшы да яго, спытаўся: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так».
Трыбун падыйшоў і спытаўся ў яго: "Скажы, ці ты — Рымлянін?" А Павал сказаў: "Так".
Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім».
Трыбун адказаў: "Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства". А Павал сказаў: "Я маю яго ад нараджэньня".
Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.
Адразу таму адыйшлі ад яго тыя, што меліся выпытваць яго. А трыбун, даведаўшыся, што Павал ёсьць Рымлянін, спалохаўся, што загадаў яго зьвязаць.
На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.
На другі дзень трыбун, хочучы лепш даведацца, з якой прычыны вінавацяць яго Юдэі, зьняў з яго рамяні, ды загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсёй Радзе, і, прывёўшы Паўла, паставіў яго перад імі.