1 да Карынфянаў 12 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Аб духоўных справах, браты, не хачу пакінуць вас у няведанні.
 
Не хачу, браты, каб вы ня ведалі пра духоўныя (дары).

Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то вялі вас да нямых ідалаў, быццам зняволеных.
 
Калі вы былі яшчэ паганамі, ведаеце, хадзілі вы да нямых балваноў, быццам вялі вас.

Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.
 
Заручаю вас, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа: "Анатэма, хай будзе Езус пракляты!" Ды ніхто ня можа сказаць: "Езус ёсьць Госпад", як толькі ў Духу Сьвятым.

Розныя ёсць дары, але той самы Дух.
 
Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.

Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан.
 
І розныя ёсьць паслугаваньні, але той самы Госпад.

Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх.
 
І розная таксама дзейнасьць, але той самы Бог, каторы ўсё ў-ва ўсіх робіць.

Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць.
 
Кожнаму даецца аб'яўленьне Духа для агульнага дабра.

Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова пазнання паводле таго самага Духа;
 
Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому даецца тым самым Духам слова веданьня,

іншаму — вера ў тым самым Духу; іншаму — дар аздараўлення ў тым жа Духу;
 
яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму — дар аздараўляньня тым самым Духам,

іншаму — моц чыніць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моваў.
 
іншаму зноў даецца дар чыніць цуды, іншаму — праракаваньня, іншаму — распазнаваньне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэньне моваў.

А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае.
 
Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму па сваёй волі.

Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.
 
Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.

Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.
 
Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то Юдэі, ці то Грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

Цела — гэта не адзін член, але шмат.
 
А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.

Калі скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», то ці ж яна не належыць да цела?
 
Калі б нага сказала: "Я не належу да цела, таму што я — не рука", дык няўжо яна таму і не належыць да цела?

І калі скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», то ці ж яно не належыць да цела?
 
Або калі вуха скажа: "Я не належу да цела, бо я ня вока?", дык няўжо яно і не належыць да цела?

Калі ўсё цела — гэта вока, то дзе ж слых? Калі ўсё слых, то дзе нюх?
 
Калі б ўсё цела было вокам, дзе ж быў бы слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе тады нюх?

Цяпер жа Бог змясціў члены, кожны паасобку ў целе, як захацеў.
 
Але Бог разьмясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Яму спадабалася.

А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?
 
А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж тады цела?

Цяпер жа членаў шмат, але цела адно.
 
Вось цяпер членаў многа, а цела — адно.

Таму не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна!», ці таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя!»
 
Ня можа вока сказаць руцэ: "Ты мне непатрэбная!" або галава нагам: "Вы мне не патрэбныя".

Але ж члены цела, якія здаюцца найслабейшымі, нашмат больш патрэбныя.
 
Наадварот, члены цела, каторыя падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,

І тыя, якія лічам менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным мы надаём больш прыстойнасці,
 
ды каторыя нам здаюцца менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, ахоўваем з тым большай стараннасьцю,

бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы слабейшым большую пашану,
 
а нашыя прыстойныя часткі цела не патрабуюць таго. Так Бог уфармаваў наша цела, што даў больш пашаны тым членам, каторым не хапала,

каб не было падзелу ў целе, але каб усе члены рупіліся адзін аб адным.
 
каб не было ў целе разьдзяленьня, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.

Таму, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе члены.
 
Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе іншыя члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.

Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — члены.
 
Вы — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.

Адных Бог паставіў у Касцёле найперш апосталамі, другіх — прарокамі, трэціх — настаўнікамі, потым даў моц, потым — дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы.
 
І адных Бог устнавіў у Царкве найперш апосталамі, далей прарокамі, трэціх — настаўнікамі, пасьля тых, што маюць моц чыненьня цудаў, потым дар лячэньня, дар успамогі, дар гаспадараваньня, дар усялякіх моваў.

Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?
 
А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?

Ці ўсе маюць дар аздараўлення? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
 
Ці ўсе маюць дар аздараўляньня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?

Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях.
 
Дабівайцеся харызматаў большых, а я вам пакажу шлях дасканалейшы.