Да Галятаў 3 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

О неразумныя галаты, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз укрыжаванага Езуса Хрыста, хто зачараваў вас?
 
О, неразумныя Галяты! Хто вас зачараваў ня слухацца праўды, вас, перад вачыма якіх апісаны быў Езус Хрыстос, укрыжаваны?

Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі паводле Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць адносна веры?
 
Гэтага аднаго хачу ад вас даведацца: Ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханьне?

Ці вы такія неразумныя, каб распачатае Духам завяршыць цяпер целам?
 
Няўжо вы такія неразумныя, што пачаўшы Духам, канчаеце целам?

Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна!
 
Столькі вы нацярпеліся, і надарма? Калі б толькі бяз выніку!

Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі, робіць гэта праз учынкі паводле Закону або праз паслухмянасць веры?
 
Той, хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, з выпаўненьня закону (творыць) гэта ці ад слуханьня веры?

Так, Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць.
 
Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасьць.

Дык ведайце, што тыя, хто верыць, гэта сыны Абрагама.
 
Дык ведайце, што толькі тыя, хто з веры, ёсьць сынамі Абрагама.

І Пісанне, якое прадбачыла, што Бог праз веру апраўдае язычнікаў, ужо Абрагаму абвясціла добрую навіну: «У табе благаслаўлёныя будуць усе народы».
 
Таму прадбачыла Пісаньне, што будзе Бог апраўдваць народы верай, і прадвесьціла Абрагаму: "У табе будуць багаслаўлены ўсе народы".

Таму тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам.
 
Дык багаслаўлены будуць з верным Абрагамам усе веручыя.

Тыя, хто спадзяецца на ўчынкі паводле Закону, знаходзяцца пад праклёнам, бо напісана: «Пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напісана ў кнізе Закону».
 
Бо тыя, што абапіраюцца на выпаўненьне закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: " Пракляты ўсякі, хто не трывае ў тым, што напісана ў Законе, каб рабіць гэтае".

А што дзякуючы Закону ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта відавочна, бо справядлівы з веры жыць будзе.
 
А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы верай жыць будзе.

Закон жа не з веры, але той, хто выконвае наказы Закону, той жыць будзе дзякуючы ім.
 
Закон не абапіраецца на веру, але хто будзе спаўняць яго, той ім жыць будзе.

Хрыстус адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы праклёнам за нас, бо напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
 
Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас праклятым, як напісана: "Пракляты кожны, хто завіс на дрэве",

каб благаслаўленне Абрагама праз Хрыста Езуса пашырылася на язычнікаў, каб мы атрымалі праз веру абяцанага Духа.
 
каб багаславенства Абрагама праз Хрыста Езуса перайшло і на паганаў, каб абяцаньне Духа атрымалі мы праз веру.

Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не змяняе.
 
Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае (да яго).

Вось жа Абрагаму і ягонаму патомству былі дадзены абяцанні. Не сказана: «І нашчадкам», быццам многім, але як аднаму: «І патомству твайму», якім ёсць Хрыстус.
 
Вось жа Абрагаму дадзены былі абяцаньні і насеньню ягонаму. Не сказана: "I насеньням", быццам многім, але як аднаму: "I насеньню твайму", якім ёсьць Хрыстос.

Таму кажу: Запавету, зацверджанага Богам, не адмяняе Закон, дадзены праз чатырыста трыццаць гадоў, каб скасаваць абяцанне.
 
Гэта вось кажу: Запавету, Богам зацьверджанага, закон, дадзены праз чатырыста трыццаць гадоў, і не адкідае, каб зьнішчыць абяцаньне.

Калі ж спадчына з Закону, то не з абяцання. Абрагама ж адарыў Бог праз абяцанне.
 
Бо каб спадчына абапіралася на закон, то не была б абяцаньнем. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцаньне.

Нашто тады Закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не з’явіцца патомак, якому даручана абяцанне, перададзенае праз анёлаў у рукі пасрэдніка.
 
Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль ня зьявіцца патомак, якому дадзена абяцаньне, перададзенае праз анёлаў у рукі пасярэдніка.

Той, хто адзін, не мае пасрэдніка, а Бог адзін.
 
Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін.

Ці ж Закон працівіцца абяцанням Божым? Канешне, не. Калі б дадзены быў Закон, які мог бы даць жыццё, то сапраўды, справядлівасць вынікала б з Закону.
 
Ці ж закон працівіцца абяцаньням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы даць жыцьцё, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасьць.

Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне было дадзена веруючым праз веру ў Езуса Хрыста.
 
Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб моцай веры ў Езуса Хрыста абяцаньне было дадзена веручым.

Перш чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю Закону да таго часу, калі належала аб’явіцца веры.
 
Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, чакаючы той веры, якая павінна была быць нам аб'яўлена.

Таму Закон стаў нашым выхаваўцам, які вядзе да Хрыста, каб мы апраўдаліся дзякуючы веры.
 
Дык закон быў нашым настаўнікам у Хрысьце, каб моцаю веры былі мы апраўданы.

Калі ж прыйшла вера, мы ўжо непадуладныя выхаваўцу.
 
Дык калі прыйшла ў нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам.

Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста.
 
Усе бо вы сталіся дзецьмі Божымі праз веру ў Хрыста Езуса.

Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.
 
Бо тыя, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.

Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе.
 
Няма ўжо Юдэя або Грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчыны або жанчыны, бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысьце Езусе.

Калі ж вы Хрыстовыя, то вы патомства Абрагама і, паводле абяцання, спадкаемцы.
 
Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы — патомства Абрагама, спадкаемцы паводле абяцаньня.