Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
Падышлі да Яго фарысеі і садукеі і, выпрабоўваючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба.
І прыступілі да яго фарызэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба.
А Ён адказаў ім: «Вечарам кажаце: “Будзе добрае надвор’е, бо неба чырвонае”,
Але ён, адказаўшы, сказаў ім: Калі настане вечар, вы кажаце: «Пагода будзе, бо неба чырвонае».
а раніцай: “Сёння будзе віхура, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Вы ўмееце распазнаваць аблічча неба, а знакі часу не можаце.
Дык воблік неба вы ўмееце пазнаваць, а знакаў часу пазнаць ня можаце?
Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму акрамя знаку Ёны». І, пакінуўшы іх, адышоў.
Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.
Пераправіўшыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлеба.
Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба.
Езус жа сказаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі».
Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і садукеяў.
А яны разважалі самі сабе і казалі: «Мы не ўзялі хлеба!»
Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Гэта таму, што мы ня ўзялі хлеба.
Але Езус, ведаючы гэта, спытаўся: «Малаверныя, чаму разважаеце паміж сабой, што не маеце хлеба.
А Езус, ведаючы, сказаў: Чаму-ж вы разважаеце ў сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба?
Хіба не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы назбіралі?
Ці яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч чалавек і колькі кашоў вы набралі?
І пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў вы назбіралі?
Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы чалавек і колькі кашоў вы набралі?
Як вы не разумееце, што не пра хлеб Я сказаў вам? Але асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі».
Як-жа ж вы не разумееце, што не аб хлебе я вам казаў: Сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і садукеяў?
Тады зразумелі, што Ён казаў ім асцерагацца не хлебнай закваскі, а фарысейскага і садукейскага вучэння.
Тады зразумелі, што ён гаварыў сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарызэяў і садукеяў.
Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?»
Езус-жа прыйшоў у староны Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: За каго людзі маюць Сына чалавечага?
Яны ж адказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў».
А яны сказалі: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмія або за аднаго з прарокаў.
Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?»
Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце?
Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога».
Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога жывога.
Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сыне Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах.
А Езус адказваючы, сказаў яму: Багаслаўлены ты, Сымоне, сыне Ёны, бо цела і кроў не аб’явіла табе, але Айцец мой, каторы ёсьць у небе.
І Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго.
І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую касьцёл мой і брамы пекла не перамогуць яго.
Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе».
І табе дам ключы каралеўства небеснага, і што толькі звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе, і што толькі развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе.
Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.
Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус.
З таго часу пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
Ад таго часу пачаў Езус адкрываць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і многа цярпець ад старшых, і кніжнікаў, і старшых сьвятараў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца».
А Пётр, узяўшы яго, пачаў дакараць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, ня будзе з табой гэтага!
Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»
Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатане! Ты для мяне пакуса, бо не разумееш таго, што Божае, але што чалавечае.
Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною.
Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за мною.
Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго.
Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.
Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю?
Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю?
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму паводле яго чынаў.
Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, які ідзе ў Валадарстве сваім».
Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў каралеўстве сваім.