Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага
А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.
А на трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і была там матка Езуса.
Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя.
Быў-жа запрошаны Езус і вучні ягоны на вясельле.
Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна».
Калі-ж не хваціла віна, сказала матка Езуса да яго: Віна ня маюць.
Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая».
І сказаў ей Езус: Што мне і табе жанчына? Яшчэ ня прыйшла мая часіна.
Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Сказала матка ягона слугам: Што-толькі вам скажа, рабеце.
Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.
А было там шэсьць каменных стаўбуноў, пастаўленых дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючых кожны па два або тры вядры.
Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху.
Сказаў ім Езус: Напоўніце стаўбуны вадою. І напоўнілі іх аж да верху.
І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі.
І сказаў ім Езус: Чарпайце цяпер і занясеце маршалку. І занясьлі.
Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха
А як пакаштаваў маршалак вады, што сталася віном, і ня ведаў, адкуль яно, а слугі, якія чарпалі ваду, ведалі, паклікаў маршалак маладога
і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль».
і сказаў яму: Кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае, а ты добрае віно захаваў аж дагэтуль!
Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Гэты пачатак цудаў зрабіў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў сваю славу; і ўверылі ў яго вучні ягоны.
Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
Пасьля гэтага прыйшоў у Капарнаум, ён і матка ягона, і браты яго, і вучні яго, і там аставаліся нямнога дзён.
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем.
І была блізка жыдоўская Пасха, і ўвайшоў Езус у Ерузалім.
У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там.
І знайшоў у сьвятыні прадаючых валы і авечкі і галубы, і сядзячых мяняльнікаў.
Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў.
І зрабіўшы як-бы біч з вяровак, выгнаў з сьвятыні ўсіх, так-жа авец і валоў, а грошы мяняльнікаў разсыпаў і абярнуў сталы.
А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
А тым, што прадавалі галубы, сказаў: Вынясьце гэтае адсюль, і не рабеце дому Айца майго домам гандлярства.
І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне».
І ўспомнілі вучні ягоны, што ёсьць напісана: «Рупнасьць аб дом твой зьела мяне» (Пс. 68:2).
На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?»
Дык адказалі жыды і сказалі яму: Які знак пакажаш нам, што гэтае робіш?
Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе».
Адказаў Езус і сказаў ім: Развалеце гэту сьвятыню, і я ў тры дні пастаўлю яе.
Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?»
А жыды сказалі: Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, і ты ў тры дні яе паставіш?
Ён жа казаў пра святыню свайго цела.
А ён гаварыў аб сьвятыні цела свайго.
І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
Дык калі ўстаў з умерлых, успомнілі вучні ягоны, што ён гэтае гаварыў, і паверылі Пісаньню і мове, якую сказаў Езус.
А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
калі-ж ён быў у Ерузаліме на Пасху, на сьвяточны дзень, многія ўверылі ў імя яго, бачачы знакі яго, якія чыніў.
Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх
Сам-жа Езус не давяраў ім самога сябе, затым што ён знаў усіх,
і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.
і што ня трэба было яму, каб хто даваў пасьведчаньне аб чалавеку, бо ён ведаў, што было ў чалавеку.