Мацьвея 20 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік.
 
Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-гаспадара, які раньнім ранкам выйшаў наняць работнікаў у вінаграднік свой.

Дамовіўшыся з работнікамі па дынары за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік.
 
І ўмовіўшыся з імі па дынару на дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы,
 
І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, якія бяз дзела стаялі на рынку.

сказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”.
 
І тым сказаў: — ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дам вам; яны пайшлі.

Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
 
І зноў выйшаў каля гадзіны шостай і дзявятай і зрабіў таксама.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?”
 
І яшчэ выйшаў каля адзінаццатай гадзіны, і знайшоў іншых, якія стаялі без занятку, і кажа ім: — чаго стаіцё тут увесь дзень без работы?

Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”.
 
Яны кажуць яму, бо ніхто нас не наняў; і ён сказаў ім: — ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дастанеце.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”.
 
Калі-ж надыйшоў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў аканому свайму — пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошняга і да першага.

І тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.
 
І тыя, якія прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынару.

Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.
 
Прыйшоўшыя першымі думалі, што яны дастануць больш, але і яны дасталі па дынару.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому,
 
І, узяўшы сталі наракаць на гаспадара дому.

кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!”
 
І гаварылі: — гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты прыраўняў іх да нас, мы-ж перанесьлі цяжар дня і сьпёку.

У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною?
 
Ён-жа ў адказ сказаў аднаму з іх: — дружа! я ня крыўджу цябе; ці-ж не за дынар ты ўмовіўся са мною?

Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе.
 
Вазьмі сваё і йдзі; Я-ж хачу даць і гэтаму апошняму, што і табе.

Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?”
 
Ці-ж я ня волен у сваім рабіць з сваім, як хачу? ці вока тваё зайздроснае, што я добры?

Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».
 
Гэтак, апошнія будуць першымі, а першыя апошнімі, бо шмат званых, але мала выбраных.

Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім:
 
І падыйходзячы да Ерусаліму, Ісус у дарозе адклікаў дванаццацьцёх вучняў асобна і сказаў ім:

«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць
 
Вось увайходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць.

і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне».
 
І выдадуць Яго нявернікам на зьдзекі, на пабоі і на ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскросьне.

Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі, пакланілася і прасіла Яго аб нечым.
 
Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заведэевых з сынамі сваімі і, кланяючыся, нечага прасіла ў Яго.

Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна адказала: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе».
 
Ён-жа сказаў ёй: — чаго хочаш? — і яна кажа Яму: — скажы, каб гэтыя абодва сыны мае селі адзін з правага боку ў Цябе, а другі з левага.

Езус сказаў у адказ: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?» Яны адказалі Яму: «Можам».
 
Ісус у адказ прамовіў: — ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? яны кажуць Яму — можам.

Тады Ён сказаў ім: «Келіх Мой будзеце піць, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне, не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана Айцом Маім».
 
І кажа ім: — чару маю піць будзеце, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце, але сесьці з правага боку і з левага ў Мяне ня Мне даваць, але каму прызначана ад Айца Майго.

І, пачуўшы, дзесяць вучняў абурыліся на двух братоў.
 
Пачуўшы гэтае, іншыя дзесяць узлаваліся на абодвых братоў.

А Езус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі.
 
Ісус-жа, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: — вы ведаеце, што князі народаў уладараць імі, і вяльможы пануюць над імі.

Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою;
 
Але між вамі няхай ня будзе гэтак; але, хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам паслужнік.

і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам.
 
І хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам як нявольнік.

Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
 
Так і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў каб Яму служылі, але каб паслужыць і палажыць душу Сваю за адкупленьне многіх.

Калі яны выходзілі з Ерыхона, за Ім ішоў вялікі натоўп.
 
І калі яны выйходзілі яны з Ерыхону, сьледам за Ім ішло мноства народу.

І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Езус, пачалі крычаць: «Змілуйся над намі, Пане, Сыне Давіда!»
 
І вось двое сьляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус прайходзіць мінаючы іх, пачалі крычаць: — Госпадзе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся над намі!

Народ жа прымушаў іх змоўкнуць, але яны крычалі яшчэ мацней: «Змілуйся на намі, Пане, Сыне Давіда!»
 
Народ-жа заграждаў ім, каб маўчалі, але яны яшчэ мацней сталі крычаць: — Госпадзе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся над намі!

Езус спыніўся, паклікаў іх і сказаў: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
 
Ісус, запыніўшыся, падклікаў іх і сказаў: — чаго хочаце ад Мяне, каб ўчыніў вам?

Яны адказалі Яму: «Пане, каб адкрыліся вочы нашы».
 
Яны-ж кажуць Яму: — Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя.

Езус, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу яны пачалі бачыць, і пайшлі за Ім.
 
Ісус, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных, і ўраз празрэлі вочы іхныя, і яны пайшлі за Ісусам.