Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча
Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
Па сыбоце, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і іншая Марыя паглядзець гроб.
І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім.
І вось стаўся землятрус вялікі; бо Ангел Гасподні зыйшоў з нябёсаў і, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу і сядзеў на ім.
Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.
А воблік яго сьвяціўся маланкаю, і адзеньне яго белае, як сьнег.
Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.
І ад страху прад ім жахнулася варта, і сталася як няжывая.
Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага.
Ангел, зьвярнуўшыся да жанчын, прамовіў: — ня бойцеся вы; ведаю, што шукаеце Ісуса укрыжаванага.
Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены,
Яго няма тут: Ён уваскрос, як і казаў; хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад.
ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам».
І пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос з мёртвых, і апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце; гэта апавяшчаю вам.
І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным.
І выйшаўшы борзда з гробу, яны ў страху і радасьці пабеглі апавясьціць вучням Ягоным.
А Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце». Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
Калі-ж яны ішлі апавяшчаць вучням Яго, вось Ісус сустрэў іх і прамовіў: — радуйцеся! — яны-ж, прыступіўшы, абнялі ногі Яго і пакланіліся Яму.
Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць».
Тады кажа ім Ісус: — ня бойцеся; ідзеце, апавясьцеце братом Маім, каб ішлі ў Галілею; там яны ўбачаць Мяне.
Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася.
Калі-ж яны ішлі, некаторыя з вартаўнікоў пабеглі да места і абвясьцілі архісьвятаром усё, што сталася.
Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат срэбранікаў,
І тыя, сабраўшыся з народнымі старшынямі і зрабіўшы змову, далі воінам шмат грошай;
кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі.
Кажучы: — скажэце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і ўкралі Яго, калі мы паснулі.
А калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў».
І калі правіцель даведаецца пра гэта, мы яго ўгаворым, і вас ад небясьпекі асьцерагом.
Яны ж узялі срэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.
Яны-ж, узяўшы срэбранікі, зрабілі так, як былі навучаны былі; і разьняслося слова гэтае між юдэямі аж па сёньнешні дзень.
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус.
Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус.
І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; некаторыя-ж сумняваліся.
Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі.
І зблізіўшыся да іх, Ісус сказаў ім: — Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе і на зямлі.
Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Дык ідзеце навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку».
І навучайце іх выпаўняць усё, што Я запавядаў вам; і вось Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку. Амін.