Яна 4 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча
Калі Езус даведаўся, што фарысеі пачулі, як Ён збірае ўсё больш вучняў і хрысціць больш, чым Ян
Калі Ісусу стала ведама, што фарысеі дачуліся пра тое, што Ён здабывае вучняў і хрысьціць больш за Яна, —
(хоць сам Езус не хрысціў, а вучні Ягоныя),
Хоць-жа Ісус Сам ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, —
Ён пакінуў Юдэю і зноў адышоў у Галілею.
Тады пакінуў Юдэю ды зноў пайшоў у Галілею.
А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
Выпадала-ж Яму прайходзіць праз Самарыю.
Ён прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхар, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, свайму сыну.
І вось прыйходзіць Ён у места Самарыйскае, званае Сіхар, недалёка ад поля, якое даў Якуб сыну свайму Язэпу.
Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.
Там была студня Якубава. Ісус, утомлены з дарогі, сеў пры студні; было каля шостае гадзіны.
Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць».
І прыйходзіць жанчына з Самарыі зачэрпаць вады; Ісус кажа ёй: — дай Мне напіцца.
Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы.
Бо вучні-ж Ягоныя адыйшлі да места купіць ежы.
Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.
Жанчына Самаранка кажа Яму: — як гэта Ты, Сам Юдэй, просіш піць у мяне Самаранкі? то-ж юдэі ня маюць зносін з Самаранамі.
Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады».
Ісус у адказ сказаў ёй: — каб ты ведала дар Божы, і Хто гэта кажа табе — дай Мне напіцца, — ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў-бы табе вады жывое.
Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая?
Жанчына кажа Яму: — Госпадзе! Табе-ж і зачэрпаць нечым, а студня глыбокая, адкуль-жа ў Цябе вада жывая?
Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?»
Няўжо Ты большы за айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню; і сам з яе піў, і дзеці яго, і набытак яго.
Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу.
Ісус, адказваючы ёй, прамовіў: — кажны, хто п'е гэтую ваду, зноў піць захоча.
А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае».
Хто-ж будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня будзе смагнуць ніколі; але вада, якую Я дам яму, станецца крыніцаю вады, якая цячэ ў жыцьцё вечнае.
Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць».
Жанчына кажа Яму: — Госпадзе! дай мне гэтае вады, каб ня мець смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць.
Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды».
Ісус гаворыць да яе: — пайдзі пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа.
Жанчына, адказваючы, сказала: — я ня маю мужа; Ісус сказаў ёй: — праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа.
Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала».
Бо ў цябе было пяць мужоў; і той, якога тяпер маеш, ня муж табе, — гэта ты справядліва сказала.
Жанчына кажа Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок.
І жанчына прамовіла да Яго: — Госпадзе! бачу, што Ты прарок.
Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца».
Айцы нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерусаліме ёсьць месца, дзе павінны пакланяцца.
Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу.
Ісус гаворыць да яе: — жанчына, вер Мне, што прыйходзіць пара, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу.
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў.
Вы кланяецеся таму, чаго ня знаеце; мы кланяемся знанаму нам, бо збаўленьне ад юдэяў.
Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец.
Але надыйходзіць час, і ўжо настаў, калі праўдзівыя паклоньнікі пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо і Айцец гэткіх паклоньнікаў Яму шукае.
Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе».
Дух ёсьць Бог, і хто пакланяюцца Яму, павінен пакланяцца ў духу і праўдзе.
Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё».
Жанчына кажа Яму: — ведаю, што прыйдзе Мессія, называны Хрыстос; і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё.
Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».
Ісус-жа кажа ёй: — гэта Я, і вось з табою гавару.
У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: «Чаго Ты хочаш?» або: «Чаму Ты гаворыш з ёю?»
У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што гаворыць з жанчынаю; але ніводзін ня спытаўся, — што пытаеш, альбо пра што гаворыш з ёю.
Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям:
Жанчына-ж, пакінуўшы пасудзіну для вады, пайшла ў места, і гаворыць людзям:
«Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?»
— Пайдзеце паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я ўчыніла; можа гэта ёсьць Хрыстос?
Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Яны выйшлі з места, і пайшлі да Яго.
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш».
Тымчасам вучні прасілі Яго, кажучы: — Раўві, еш!
Але Ён сказаў ім: «Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце».
Ён-жа сказаў ім: — Я маю ежу да пажывы, якой вы ня ведаеце.
Тады вучні сказалі адзін аднаму: «Ці нехта прынёс Яму есці?»
Тады вучні размаўлялі між сабою: — ці ня прыносіў Яму хтось есьці?
Кажа ім Езус: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу.
Ісус-жа гаворыць ім: — пажыва Мая — спаўненьне ежа волі Таго, Хто паслаў Мяне, і даканчэньне дзела Яго.
Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вашыя вочы і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва!
Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніва; вось-жа кажу вам: узьнімеце вочы вашыя і гляньце на нівы спалавелыя і дасьпелыя да жніва.
Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец.
І жнец дастае заплату і зьбірае плён у жыцьцё вечнае, дык і сявец і жнец узрадуюцца супольна.
Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне.
У гэтым прыказка — адзін сее, іншы жне — спраўдтваецца.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю».
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў іхную працу.
Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла».
І многа самаранаў з таго места ўверылі ў Яго, подля слоў жанчыны, якая сьветчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна ўчыніла.
Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні.
І калі прыйшлі самаране да Яго, то прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні.
І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы Ягонаму слову.
І яшчэ большы лік уверылі подля слова Ягонага.
А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»
А жанчыне тэй гаварылі: — ужо не дзеля тваіх слоў верым, бо самі чулі і даведаліся, што Ён запраўды Збавіцель сьвету Хрыстос.
Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею.
Пасля-ж двух дзён Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею.
Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне.
Бо Сам Ісус сьветчыў, што прарок ня мае павагі на бацькаўшчыне сваёй.
Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.
Калі-ж прыйшоў у Галілею, то галілеяне прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што дзеяў у Ерусаліме пад часьвят, на якія і яны хадзілі.
Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме.
І зноў прыйшоў Ісус у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў там адзін начальнік прыдворны, у якога сын ляжаў хворы ў Капернауме;
Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў.
Пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і маліў Яго прыйсьці ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці.
Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
Ісус сказаў яму: — вы ня ўверыце, калі не пабачыце знаменьняў і цудаў.
Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё».
Начальнік-жа гаворыць Яму: — прыйдзі, Госпадзе, пакуль яшчэ не памёр сын мой.
Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў.
І сказаў яму Ісус: — ідзі, сын твой здаровы; ён паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
Калі быў яшчэ ў дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве.
І яшчэ на дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і паведалі, кажучы: — сын твой здаровы.
Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго».
Ён спытаўся ў іх, у якім часе яму стала лягчэй? яму сказалі: — учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.
Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны.
І даведаўся айцец, што гэта была тая самая гадзіна, у якую Ісус сказаў яму: — ідзі, твой сын здароў; і ўверыў сам і ўвесь дом яго.
Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
Гэта яшчэ другі цуд стварыў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.