1 да Карынфянаў 4 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі Божых таямніц.
 

Ад распарадчыкаў жа патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным.
 

Мне ж неістотна, як асудзіце мяне вы ці людскі суд, я і сам сябе не суджу.
 

Бо я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне. Пан ёсць тым, хто мяне судзіць!
 

Таму не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Пан, які асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў. Тады кожны атрымае пахвалу ад Бога.
 

Браты, дзеля вас я аднёс гэта да самога сябе і Апалоса, каб вы навучыліся ад нас не выходзіць па-за тое, што напісана, каб вы не ўзвышаліся адзін над адным.
 

Бо хто цябе вылучае? Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў?
 

Вы ўжо насыціліся, ужо ўзбагаціліся і пачалі валадарыць без нас. І няхай бы валадарылі, каб мы таксама пачалі валадарыць разам з вамі.
 

Бо я думаю, што Бог паказаў нас, Апосталаў, апошнімі, як людзей, асуджаных на смерць. Таму што мы сталі відовішчам для свету, анёлаў і людзей.
 

Мы неразумныя дзеля Хрыста, вы ж разумныя ў Хрысце; мы слабыя, вы ж моцныя; вы ў славе, а мы без пашаны.
 

Нават да цяперашняй гадзіны мы галадаем і прагнем, церпім галечу і пабоі, не маем дому
 

і цяжка працуем, зарабляючы ўласнымі рукамі. Калі нас праклінаюць, мы благаслаўляем; калі пераследуюць, мы церпім;
 

калі нас зневажаюць, мы молімся. Мы сталі як смецце свету, як адкіды ўсяго ажно дагэтуль.
 

Я пішу гэта не для таго, каб пасаромець вас, але каб асцерагчы як сваіх умілаваных дзяцей.
 

Бо калі б нават вы мелі безліч выхаваўцаў у Хрысце, у вас усё адно не будзе шмат айцоў, таму што я нарадзіў вас праз Евангелле ў Хрысце Езусе.
 

Дык прашу вас, наследуйце мяне!
 

Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсць маім дзіцем умілаваным і верным у Пану, каб ён нагадаў вам шляхі мае ў Хрысце Езусе, як я ўсюды навучаю ў кожным Касцёле.
 

Паколькі я не прыходжу да вас, то некаторыя з вас заганарыліся.
 

Але я хутка прыйду, калі захоча Пан, і распазнаю не словы ганарыстых, але іх моц,
 

бо Валадарства Божае не ў слове, а ў моцы.
 

Чаго хочаце? Каб з кіем я прыйшоў да вас ці з любоўю і ў духу лагоднасці?