Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І ўбачыў я: вось Баранак стаіць на гары Сіён, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах.
 

З неба я пачуў голас, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. Голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх.
 

Яны спяваюць як бы новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі.
 

Гэта тыя, хто не зганьбіў сябе з жанчынамі, бо гэта цнатліўцы. Гэта тыя, што ідуць следам за Баранкам, куды б Ён ні пайшоў. Яны выкуплены з людзей, як першынец для Бога і Баранка.
 

У вуснах іхніх няма падману. Яны беззаганныя.
 

І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў пасярод неба, каб абвясціць вечнае Евангелле жыхарам зямлі і кожнаму роду, племені, мове і народу,
 

голасна кажучы: «Пабойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо настала гадзіна Ягонага суда; пакланіцеся таму, хто стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водаў».
 

Іншы, другі анёл наблізіўся, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён, які напаіў усе народы шалёным віном сваёй распусты!»
 

А іншы анёл, трэці, прыйшоў пасля іх, гучна кажучы: «Калі нехта пакланяецца зверу і ягонаму вобразу і прымае яго кляймо на сваё чало ці на сваю руку,
 

сам таксама нап’ецца віна Божай лютасці, прыгатаванага без дамешкі ў келіху Ягонага гневу, і будзе катаваны агнём і серай перад святымі анёламі і перад Баранкам.
 

Дым катавання іхняга будзе падымацца на векі вякоў, і не будзе мець адпачынку ні днём, ні ноччу той, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і той, хто прымае кляймо ягонага імені».
 

У гэтым цярплівасць святых, якія захоўваюць запаведзі Бога і веру ў Езуса.
 

І пачуў я голас з неба, які казаў: «Напішы: Адгэтуль шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану. Сапраўды, — кажа Дух, — няхай адпачнуць ад сваіх прац, бо іхнія справы ідуць за імі».
 

І ўбачыў я: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На Яго галаве — залаты вянок, а ў руцэ Ягонай — востры серп.
 

Іншы анёл выйшаў са святыні і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: «Пашлі Твой серп і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што саспела жніво на зямлі».
 

Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.
 

Яшчэ іншы анёл выйшаў са святыні, якая была на небе. Ён меў востры серп.
 

Яшчэ іншы анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад алтара і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: «Пашлі Твой востры серп і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо спелыя яго гронкі».
 

Анёл кінуў свой серп на зямлю, сабраў вінаград зямлі і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.
 

Тапталі давіла за горадам, а з давіла пацякла кроў аж да аброцяў коней, на тысячу шэсцьсот стадыяў.