Адкрыцьцё 22 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Анёл паказаў мне раку вады жыцця, бліскучую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Баранка.
 

Пасярод плошчы горада і паміж берагамі ракі расце дрэва жыцця, якое дае плод дванаццаць разоў. Кожны месяц дае свой плод, а лісце дрэва служыць для лячэння народаў.
 

І нічога праклятага ўжо не будзе. А трон Бога і Баранка будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.
 

Убачаць Ягонае аблічча, а Ягонае імя будзе на іх чолах.
 

І ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на векі вечныя.
 

Анёл сказаў мне: «Гэтыя словы пэўныя і праўдзівыя, і Пан, Бог духаў прароцкіх, паслаў анёла свайго паказаць слугам сваім тое, што павінна адбыцца неўзабаве.
 

І вось прыйду неўзабаве. Шчаслівы той, хто захоўвае словы прароцтва гэтай кнігі».
 

Я, Ян, чуў і бачыў гэта. А пасля таго як пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца ў ногі анёлу, які паказваў мне гэта.
 

Але ён сказаў мне: «Не рабі так. Я слуга як і ты, і твае браты — прарокі, і тыя, хто выконвае словы гэтай кнігі. Богу пакланіся!»
 

Потым сказаў мне: «Не запячатвай словаў прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі!
 

Хто чыніць несправядлівасць, няхай яшчэ чыніць несправядлівасць, і нячысты няхай яшчэ забруджваецца, а справядлівы няхай далей чыніць справядлівасць, і святы няхай яшчэ асвяціцца.
 

Вось прыйду неўзабаве і адплата Мая са Мною, каб адплаціць кожнаму паводле ягоных учынкаў.
 

Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
 

Шчаслівыя тыя, хто мые шаты свае, каб мець уладу над дрэвам жыцця і праз браму ўвайсці ў горад.
 

Звонку застануцца сабакі, чарадзеі, распуснікі, забойцы, ідалапаклоннікі і кожны, хто любіць ці чыніць падман!
 

Я, Езус, паслаў Майго анёла засведчыць вам пра гэта ў Касцёлах. Я — корань і патомства Давіда, ясная ранішняя зорка».
 

А Дух і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто прагне, няхай прыйдзе, і хто хоча, няхай возьме ваду жыцця дарма.
 

Я сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі. Калі хто-небудзь дадасць да гэтага нешта, Бог спашле на яго бедствы, апісаныя ў гэтай кнізе.
 

А калі хто-небудзь выкіне нешта са словаў кнігі гэтага прароцтва, Бог адкіне яго ад дрэва жыцця і выкіне са святога горада, апісаных у гэтай кнізе.
 

Той, хто сведчыць пра гэта, кажа: «Так, хутка прыйду». «Амэн. Прыйдзі, Пане Езу!»
 

Ласка Пана Езуса няхай будзе з усімі.