Марка 8 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

У тыя дні, калі зноў сабралася мноства людзей, і не было ў іх чаго есці, Езус паклікаў вучняў і сказаў ім:
 

«Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці.
 

Калі адпраўлю іх дадому галоднымі, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».
 

Вучні Ягоныя адказалі Яму: «Хто і адкуль накорміць іх хлебам тут, у пустыні?»
 

Ён спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем».
 

Тады загадаў людзям сесці на зямлю. І, узяўшы сем хлябоў, узнёс падзяку, паламаў і даў вучням сваім, каб раздавалі. І яны раздалі людзям.
 

Мелі таксама некалькі рыбінак. Езус іх благаславіў і загадаў раздаць.
 

І яны елі, і насыціліся, і набралі сем кашоў кавалкаў, што засталіся.
 

А тых, хто еў, было каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.
 

Тады адразу са сваімі вучнямі Езус увайшоў у човен і прыбыў у далмануцкі край.
 

Выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, патрабуючы ад Яго знаку з неба, каб выпрабаваць Яго.
 

Але Ён уздыхнуў у духу сваім і сказаў: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: не будзе дадзена знаку пакаленню гэтаму».
 

Пасля Ён пакінуў іх, зноў сеў у човен і адплыў на другі бок.
 

Вучні Езуса забыліся ўзяць хлеба і мелі з сабой у чоўне толькі адзін бохан хлеба.
 

Тады Езус загадаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада!»
 

А яны разважалі між сабою, што не маюць хлеба.
 

Пазнаўшы гэта, Езус сказаў ім: «Чаму разважаеце, што не маеце хлеба? Хіба не разумееце і не ведаеце? Ці яшчэ скамянелыя сэрцы вашы?
 

Маеце вочы і не бачыце, маеце вушы і не чуеце? Ці не памятаеце, колькі поўных кашоў рэштак вы сабралі,
 

калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч?» Яны адказалі Яму: «Дванаццаць».
 

«А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы?» Яны адказалі: «Сем».
 

Тады сказаў ім: «Усё яшчэ не разумееце?»
 

Калі прыйшлі ў Бэтсаіду, прывялі да Яго сляпога і прасілі, каб Езус дакрануўся да яго.
 

Ён узяў сляпога за руку і вывеў яго за вёску, паслініў яму вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: «Ці бачыш што-небудзь?»
 

Той паглядзеў і сказаў: «Бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць».
 

Потым зноў усклаў рукі на яго вочы, і той стаў відушчым, выздаравеў і пачаў бачыць усё выразна.
 

Езус адаслаў яго дадому, кажучы: «Не ўваходзь у гэтую вёску».
 

Пасля Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім лічаць Мяне людзі?»
 

Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў».
 

А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус».
 

Тады Ён забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
 

Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць.
 

Казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго.
 

Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».
 

Затым, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною.
 

Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.
 

Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю?
 

Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё?
 

Хто будзе саромецца Мяне і Маіх словаў перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца свайго са святымі анёламі».