2 Пятра 1 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Сымон Пётр, слуга і апостал Езуса Хрыста — тым, хто прыняў аднолькава дарагую нам веру праз справядлівасць Бога нашага і Збаўцу Езуса Хрыста.
 

Няхай памножацца ў вас ласка і спакой праз пазнанне Бога і Езуса, нашага Пана.
 

Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню таго, хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы,
 

праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Божай натуры, пазбегнуўшы згубы пажадлівага свету.
 

З гэтай самай прычыны прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць вашую веру цнотай, цноту — пазнаннем,
 

пазнанне — стрыманасцю, стрыманасць — цярплівасцю, цярлівасць — пабожнасцю,
 

пабожнасць — братняю любоўю, а братнюю любоў — любоўю.
 

Калі ўсё гэта ў вас ёсць і памнажаецца, то вы не будзеце бяздзейнымі ды бясплённымі ў пазнанні Пана нашага Езуса Хрыста.
 

У каго ж няма гэтага, той сляпы, закрыўшы вочы, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх даўніх грахоў.
 

Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спаткніцёся.
 

Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.
 

Таму я заўсёды буду напамінаць вам пра гэта, хоць вы і ведаеце ды ўмацаваны ў гэтай праўдзе.
 

Лічу справядлівым, пакуль знаходжуся ў гэтым намёце, заахвочваць вас напамінам,
 

ведаючы, што хутка пакіну гэты мой намёт, як і адкрыў мне наш Пан, Езус Хрыстус.
 

Буду ж старацца, каб вы і пасля майго адыходу заўсёды ўспаміналі пра гэтыя рэчы.
 

Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы.
 

Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: «Гэта Мой Сын умілаваны, якога Я ўпадабаў».
 

І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары.
 

Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых.
 

Толькі памятайце перш за ўсё, што ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння.
 

Бо прароцтва ніколі не паходзіла з волі чалавека, але ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Святым Духам.