Да Рымлянаў 15 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Мы, моцныя, павінны насіць немачы слабых, а не дагаджаць самім сабе.
 

Кожны з нас няхай дагаджае бліжняму дзеля дабра і збудавання.
 

Бо і Хрыстус не дагаджаў сабе, але, як напісана: «Знявагі тых, хто зневажае цябе, упалі на мяне».
 

А што напісана было раней, напісана дзеля нашага навучання, каб мы праз цярплівасць і суцяшэнне з Пісання мелі надзею.
 

А Бог цярплівасці і суцяшэння няхай учыніць вас аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста,
 

каб вы аднадушна, аднымі вуснамі праслаўлялі Бога і Айца Пана нашага Езуса Хрыста.
 

Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.
 

Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам,
 

каб язычнікі маглі праслаўляць Бога за міласэрнасць, як напісана: «За гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і спяваць імені Твайму».
 

І яшчэ кажа: «Узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго».
 

А таксама: «Хваліце Пана, усе язычнікі, і слаўце Яго, усе народы».
 

Ісая таксама кажа: «З’явіцца корань Есэя і ўстане, каб валадарыць над народамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі».
 

Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй.
 

Я сам упэўнены ў вас, браты мае, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім пазнаннем і можаце настаўляць адзін аднаго.
 

Я ж напісаў вам крыху смялей, нібы нагадваючы вам пра дадзеную мне ад Бога ласку,
 

дзякуючы якой я магу быць слугою Езуса Хрыста для язычнікаў і выконваць святарскае служэнне для Божага Евангелля, каб гэтае прынашэнне язычнікаў, асвячанае Духам Святым, было годна прынятае.
 

Таму я магу ганарыцца ў Езусе Хрысце перад Богам.
 

Бо не адважуся сказаць нешта, чаго Хрыстус праз мяне не ўчыніў дзеля паслухмянасці язычнікаў, словам і ўчынкам,
 

сілаю знакаў і цудаў, сілаю Духа Божага. Так што Евангелле Хрыста пашырана мною ад Ерузалема і навокал аж да Ілірыі.
 

Таму я стараўся абвяшчаць Евангелле там, дзе яшчэ не было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку,
 

але як напісана: «Каму не абвяшчалася пра Яго, убачаць; і тыя, хто не чуў, зразумеюць».
 

Таму многае мне перашкаджала прыйсці да вас.
 

Цяпер жа нішто ўжо не затрымлівае мяне ў гэтых ваколіцах. Я, даўно жадаючы прыйсці да вас,
 

як толькі накіруюся ў Іспанію, спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і вы праведзяце мяне туды, як толькі крыху нарадуюся вамі.
 

Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалем служыць святым,
 

бо Македонія і Ахая пастанавілі выказаць лучнасць са святымі ў Ерузалеме, якія церпяць нястачу.
 

Так пастанавілі, бо вінаватыя ім. Калі ж язычнікі сталі саўдзельнікамі ў іх духоўных дабротах, то павінны паслужыць ім таксама і ў матэрыяльных.
 

Выканаўшы гэтае і даставіўшы ім пад пячаццю гэты плод, пайду праз вас у Іспанію.
 

Ведаю, што, калі прыйду да вас, то прыйду ў поўні благаслаўлення Хрыстовага.
 

Малю вас, браты, праз Пана нашага Езуса Хрыста і праз любоў Духа, дапамагаць мне малітвамі за мяне да Бога,
 

каб уратавацца мне ад няверных у Юдэі, і каб служэнне маё ў Ерузалеме было добра прынята святымі,
 

каб мне паводле Божай волі ў радасці прыйсці да вас і адпачыць з вамі.
 

А Бог спакою няхай будзе з усімі вамі. Амэн.