Да Рымлянаў 7 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Аляксандара Надсана
Ці ж не ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто ведае Закон, — што Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль той жыве?
Замужняя жанчына звязана Законам з жывым мужам. Калі муж памрэ, яна вольная ад мужа паводле Закону.
Таму, калі жыве муж, а яна будзе жонкай другога, то будзе названа чужаложніцай. Калі ж памрэ муж, яна вольная ад гэтага Закону і не будзе чужаложніцай, выйшаўшы замуж за другога мужчыну.
Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыста, каб належаць другому, які ўстаў з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.
Бо, калі мы былі ў целе, тады грахоўныя страсці праз Закон дзейнічалі ў нашых членах, каб даваць плод смерці.
Цяпер жа, памерлыя для Закону, якім былі звязаны, мы вызваліліся ад яго, каб служыць у новым духу, а не паводле старой літары.
Што ж скажам? Закон — грэх? Канешне, не! Але я не пазнаў бы граху, калі б не Закон, бо я не ведаў бы і пажадлівасці, калі б Закон не гаварыў: «Не пажадай».
Але грэх, пазнаны праз запаведзь, выклікаў ува мне ўсякую пажадлівасць, бо без Закону грэх мёртвы.
Я жыў калісьці без Закону, але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,
а я памёр. І я ўбачыў, што запаведзь, дадзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці.
Грэх, выкарыстоўваючы магчымасць праз запаведзь, звёў мяне і забіў ёю.
Таму закон святы, і запаведзь святая, і справядлівая, і добрая.
Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Канешне, не! Але грэх, каб стацца грахом, карыстаючыся добрым, прынёс мне смерць, каб грэх праз запаведзь выявіў сваю згубную моц.
Ведаем, што Закон — духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху.
Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу.
Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю, што Закон добры.
Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне.
Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у маім целе, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як!
Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.
Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.
Тады я заўважаю, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло.
Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым,
але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах.
Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?
Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам — закону граху.