Мацьвея 14 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
У той час тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса
У той час пачуў Ірад тэтра́рх по́галас пра Іісуса
і сказаў слугам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён паўстаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім».
і сказаў слу́гам сваім: гэта Іаан Хрысцíцель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды дзе́юцца праз яго.
Бо Ірад схапіў Яна, закаваў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа,
Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямнíцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;
бо Ян казаў яму: «Недазволена табе мець яе».
таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.
Ён хацеў забіць яго, але баяўся народу, які лічыў яго прарокам.
І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго лічылі прарокам.
Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад усімі і спадабалася Іраду.
А ў дзень нараджэ́ння Ірада танцавала дачка Ірадыяды перад гасцямі і дагадзíла Іраду.
Таму ён пакляўся даць ёй усё, чаго толькі папросіць.
Таму ён з кля́тваю абяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.
А яна, падбухтораная сваёй маці, сказала: «Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысціцеля».
А яна, падбухто́раная маці сваёю, сказала: дай мне тут на блю́дзе галаву́ Іаана Хрысцíцеля.
І кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, загадаў даць.
І засмуцíўся цар; але дзе́ля кля́твы і тых, што ўзляжа́лі з ім, загадаў даць.
Таму паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну.
І паслаў адсе́кчы Іаану галаву́ ў цямнíцы.
І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці.
І прыне́слі галаву́ яго на блю́дзе, і далí дзяўчыне; а яна зане́сла маці сваёй.
Тады вучні Янавы прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.
А вучні яго, прыйшоўшы, узялí яго цела і пахавалі яго; ды пайшлі паве́дамілі Іісусу.
Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў.
І, пачуўшы, Іісус адплыў адтуль на лодцы ў пустэ́льнае ме́сца адзін; а люд, прачуўшы, пайшоў за Ім пе́шшу з гарадоў.
Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.
І, выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацалíў іхніх хворых.
Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: «Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе».
Калі ж настаў вечар, прыступíлі да Яго вучні Яго і сказалі: пустэ́льная тут мясціна, і час ужо позні; адпусцí людзей, каб яны пайшлі ў пасе́лішчы і купілі сабе е́жы.
Ён сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці».
Але Іісус сказаў ім: яны не маюць патрэ́бы ісці; вы дайце ім есці.
Яны ж сказалі яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны».
Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.
Ён сказаў: «Прынясіце іх Мне сюды».
Ён сказаў: прынясíце Мне іх сюды.
І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям.
І загадаў народу ўзле́гчы на траву, і, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёў вочы на неба, благаславіў, пераламíў і даў хлябы́ вучням, а вучні — народу.
І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў.
І елі ўсе, і насы́ціліся; і набра́лі рэ́шты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных.
А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.
А тых, што елі, было́ каля пяці тысяч чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.
Адразу пасля гэтага Ён загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей.
І адразу прыму́сіў Іісус вучняў Сваіх увайсцí ў лодку і вы́правіцца ране́й за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сціць народ.
Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.
І, адпусцíўшы народ, Ён узышо́ў на гару́ ў адзіно́це памаліцца; і калі звечарэ́ла, застава́ўся там адзін.
Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны.
А лодка была́ ўжо пасяро́д мора, і яе бíла хва́лямі, бо вецер быў супрацíўны.
У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры.
У чацвёртую ж ва́рту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы́ па моры.
Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». І ад страху закрычалі.
І вучні, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, жахну́ліся і казалі: гэта пры́від; і ад страху закрычалі.
Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!»
Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.
Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе».
Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! калі гэта Ты, загадай мне прыйсцí да Цябе па вадзе.
Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса.
І Ён сказаў: ідзі. І, вы́йшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысцí да Іісуса.
Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!»
Але, ба́чачы моцны вецер, ён спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзі! рату́й мяне.
Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?»
І адразу Іісус, працягнуўшы руку, падхапíў яго і кажа яму: малаве́рны! навошта ты засумнява́ўся?
Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх.
І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер суня́ўся.
А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!»
А тыя, што былі ў лодцы, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды́ Сын Божы.
Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт.
І, пераправіўшыся, прыбылí яны ў зямлю Генісарэ́цкую.
Калі ж людзі той мясцовасці пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй той ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых,
І, пазнаўшы Яго, жыхары́ той мясціны абвясцілі па ўсім навако́ллі тым, і прыне́слі да Яго ўсіх хворых,
і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю плашча Ягонага. І тыя, што дакрануліся, былі аздароўлены.
і прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да кра́ю адзе́ння Яго; і тыя, што дакрану́ліся, ацалíліся.