Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Тады прыйшлі да Езуса фарысеі і кніжнікі з Ерузалема і сказалі:
 
Тады прыходзяць да Іісуса іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:

«Чаму Твае вучні парушаюць традыцыю старэйшых, бо не абмываюць рук сваіх, калі спажываюць хлеб?»
 
чаму вучні Твае паруша́юць пада́нне ста́рцаў? бо не ўмываюць яны рук сваіх, калі ядуць хлеб.

А Ён сказаў ім у адказ: «Чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля сваёй традыцыі?
 
А Ён сказаў ім у адказ: чаму і вы паруша́еце за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага?

Бог жа загадаў: “Шануй бацьку свайго і маці”, а таксама: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
 
Бо запаве́даў Бог, сказаўшы: «шануй бацьку і маці»; і: «хто зласло́віць на бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ».

А вы кажаце: “Калі хтосьці скажа бацьку ці маці: ‘Дарам ахвярным ёсць тое, чым бы я мог табе дапамагчы’,
 
А вы ка́жаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, што ты ад мяне скарыста́ў бы»,

то ён больш не абавязаны шанаваць свайго бацьку”. Так вы адмянілі слова Божае дзеля сваёй традыцыі.
 
той можа і не ўшанаваць бацьку свайго альбо маці сваю; такім чы́нам вы скасава́лі за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага.

Крывадушнікі! Ісая добра прарочыў пра вас, кажучы:
 
Крываду́шнікі! добра прарочыў пра вас Іса́ія, ка́жучы:

“Народ гэты шануе Мяне вуснамі,а сэрца іхняе далёка ад Мяне.
 
«набліжа́юцца да Мяне людзі гэтыя ву́снамі сваімі і ўшаноўваюць Мяне языком; а сэрца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;

Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,навучаючы людскім запаведзям”».
 
але ма́рна шануюць Мяне, навуча́ючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым».

І, паклікаўшы людзей, сказаў ім: «Слухайце і разумейце.
 
І, паклíкаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разумейце:

Не тое, што ўваходзіць у вусны, робіць чалавека нячыстым, але тое, што выходзіць з вуснаў, робіць чалавека нячыстым!»
 
не тое, што ўваходзіць у ву́сны, апага́ньвае чалавека; а што выходзіць з ву́снаў, тое апага́ньвае чалавека.

Тады вучні падышлі і сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?»
 
Тады вучні Яго, прыступíўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусíліся?

А Ён сказаў у адказ: «Усялякая расліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе вырвана з каранямі.
 
А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, будзе вы́каранена.

Пакіньце іх, яны — сляпыя павадыры сляпых. Калі сляпы вядзе сляпога, то абодва ўпадуць у яму».
 
Пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры́ сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык або́два ў яму ўпаду́ць.

Тады Пётр, адазваўшыся, папрасіў Яго: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
 
А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.

І Ён сказаў: «Вы і далей не разумееце?
 
Іісус жа сказаў: няўжо і вы яшчэ не ма́еце разуме́ння?

Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выдаляецца вонкі?
 
Хіба́ яшчэ не разуме́еце, што ўсё, што ўваходзіць у ву́сны, праходзіць у чэ́рава і выво́дзіцца прэч?

Але тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць нячыстым чалавека.
 
А тое, што выходзіць з ву́снаў, — з сэ́рца выхо́дзіць; і яно апаганьвае чалавека.

Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы.
 
Бо з сэ́рца выхо́дзяць ліхíя по́мыслы, забойствы, пралюбадзе́йствы, блуд, крадзяжы́, ілжы́выя све́дчанні, блюзне́рствы —

Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека. А есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека».
 
гэта апага́ньвае чалавека. а есці няўмытымі рукамі — не апага́ньвае чалавека.

Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона.
 
І, выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у ме́жы Ты́рскія і Сідо́нскія.

І вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая».
 
І вось, жанчына Ханане́янка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзі, Сыне Давідаў, дачка́ мая ця́жка паку́туе ад дэмана.

Але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі».
 
Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступíўшы, прасілі Яго, ка́жучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.

Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля».
 
А Ён сказаў у адказ: Я пасла́ны толькі да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.

Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!»
 
А яна, падышоўшы, кла́нялася Яму, ка́жучы: Госпадзі! памажы мне.

Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
 
А Ён сказаў у адказ: нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.

Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».
 
Яна ж сказала: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты ядуць крошкі, якія па́даюць са стала гаспадаро́ў іх.

Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». І з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.
 
Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай будзе табе, як ты хочаш. І ацалíлася яе дачка́ ў тую ж гадзíну.

Адышоўшы адтуль, Езус прыйшоў да Галілейскага мора і, узышоўшы на гару, там сеў.
 
І, адышоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага і, падняўшыся на гару, сеў там.

І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых; клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх.
 
І прыступíла да Яго мноства людзей, ма́ючы з сабою кульга́вых, сляпых, нямы́х, зняве́чаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацалíў іх;

Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.
 
так што народ здзіўля́ўся, ба́чачы, як нямы́я гаво́раць, зняве́чаныя становяцца здаровымі, кульга́выя ходзяць і сляпы́я бачаць; і праслаўля́ў ён Бога Ізра́ілевага.

Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці; не хачу адпусціць іх галоднымі, каб не аслаблі ў дарозе».
 
А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне людзей, бо ўжо тры дні застаю́цца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусцíць іх галоднымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.

Вучні сказалі Яму: «Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп?»
 
І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пусты́ні столькі хлябо́ў, каб накармíць гэ́тулькі людзей?

А Езус сказаў ім: «Колькі ў вас хлябоў?» Яны адказалі: «Сем і некалькі рыбінак».
 
І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябо́ў? А яны адказалі: сем, і некалькі ры́бінак.

І, загадаўшы людзям сесці на зямлю,
 
І загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлю́.

узяў сем хлябоў і рыбы і, узнёсшы падзяку, паламаў, і даў вучням, а вучні — людзям.
 
І, узяўшы сем хлябо́ў і рыбу, узнёс падзяку, пераламíў і даў вучням Сваім, а вучні — лю́дзям.

І елі ўсе, і насыціліся, і набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў.
 
І елі ўсе, і насы́ціліся; і назбіра́лі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.

А тых, хто еў, было, калі не лічыць жанчын і дзяцей, чатыры тысячы чалавек.
 
А тых, што елі, было́ чатыры тысячы чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.

Пасля, адпусціўшы народ, Ён сеў у човен і паплыў у межы Магдаліі.
 
І, адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбы́ў у ме́жы Магдалíнскія.